jour
Корреспондент

З добрым настроем, са шчодрым ураджаем. У Шклове прайшоў Дзень агурка (фота)

Няма на Шклоўшчыне агародніны больш любімай, чым агурок. Вырошчваюць тут яго здаўна. Праўда, калі раней амаль у прамысловых маштабах, то зараз болей для сябе. Аднак няхай крыху паменела цяпліц на агародах нашых землякоў, любоў да агурка не становіцца меншай. І пацвярджае гэта свята летняга ўраджаю «Дзень агурка», якое па традыцыі прайшло ў другую жнівеньскую суботу і сабрала не толькі шклоўскіх агурочнікаў, аднак і шматлікіх гасцей з-за межаў раёна.

Урачыстае адкрыццё

Па традыцыі свята пачалося каля раённага Дома культуры. Менавіта тут больш за дзесяць год таму была ўсталявана скульптура агурка, якая за гэты час па-сапраўднаму палюбілся жыхарам і гасцям горада. Са шклоўскім агурком любяць рабіць фотаздымкі і сэлфі, а таксама звязваюць з ім шматлікія прыкметы: напрыклад, калі пацерці кашалёк у кармане агурка – разбагацееш, а калі патрэш яго кошык – атрымаеш вялікі ўраджай у сваёй цяпліцы.

Аб гэтым і іншых прыкметах артысты РДК пад час тэатралізаванага прадстаўлення з удзелам яго вялікасці Агурка Расолавіча Шклоўскага, з агурочным шэсцем, з песнямі не толькі шклоўскіх артыстаў, аднак і гасцей – народнага ансамбля народнай песні «Вербніца» з Магілёўскага раёна.

Дарэчы, «Дзень агурка» выклікаў вялікую цікавасць у суседзяў Шклоўскага раёна, якія таксама прыехалі са сваімі дэлегацыямі і са сваімі падворкамі. Так, на адкрыцці свята прысутнічалі наместнік старшыні Аршанскага райвыканкама Андрэй Канстанцінаў, намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Наталія Дубікоўская, намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Ларыса Крывіцкая, наш зямляк Сяргей Харланцьеў.

З прывітальным словам для ўсіх сабраўшыхся звярнуўся намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Сяргей Артамонаў. Ён падкрэсліў, што на гэтым свяце пашана аддаецца не толькі агурочнікам, аднак і ўсім тым, хто працуе на поле, на сваім прысядзібным участку, хто вырошчвае садавіну і агародніну, пажадаў усім шчасця, здароўя, поспехаў. Таксама Сяргей Уладзіміравіч уручыў Падзяку раённага выканаўчага камітэта аўтару скульптуры агурка – Члену Беларускага саюза мастакоў Андрэю Вараб’ёву, узнагародзіў лепшых агурочнікаў.

На агурочных падворках

У гарадскім парку працавалі гандлёвыя рады, дзеці з задавальненннем бавілі час на атракцыёнах і частаваліся салодкай ватай, на канцэртнай пляцоўцы адбываўся канцэрт самадзейнасці. Аднак галоўнае дзейства разгарнулася на агурочных падворках, з працай якіх азнаёміўся і старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ціток.

Падворкаў было столькі, што можна было разгубіцца ад агурочнага раздолля. Тут і агуркі з мёдам, і салёныя агуркі, і лялькі ў выглядзе дадзенай агародніны, і народныя спевы, і шмат чаго іншага.

Пры гэтым кожны стараўся выдзеліцца чымсьці адметным. Напрыклад, раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спалучаючы карыснае з прыемным, вёў збор школьных прыналежнасцяў для шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. На падворку прафліцэя №12 можна было пачаставацца смачным агурочным махіта, рэцэпт якога мы прапаноўваем вам крыху ніжэй. Забродская СШ арганізавала бязпройгрышную латарэю, дзе ўсяго за 50 капеек можна было выйграць карысны і смачны прыз. Тут жа ўсіх здзіўлялі вялікія кітайскія агуркі, якія могуць дасягаць паўтара кілаграма і якія вырасцілі самі настаўнікі. «Зямля, вада і добры настрой», – падзяліліся яны з намі сакрэтам ураджаю. На падворку Гавядскай СШ было не толькі шмат смачнага, аднак і прыгожага, напрыклад, вялікія лялькі – «Агурочная пара». 

«Фащаўская гасцёўня» адб’яднала адразу некалькі арганізацый адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі, размешчаных на тэрыторыі Фашчаўскага сельсавета. «У нас усё самае экалагічнае і чыстае, – дзялілася з намі бібліятэкар Заходскай сельскай бібліятэкі Ніна Кавалёва. – Калі гаспадар добры – у яго і на падворку, і ў агародзе ўсё будзе». Аднак найбольш арыгінальна, напэўна, да афармлення свайго падворку падыйшлі супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Старэйшае пакаленне тут адчувала сапраўдную настальгію, бо супрацоўнікі музея арганізавалі інсталяцыю савецкага гандлю 60-70-х гадоў. 

Разгарнуў працу і падворак раённай газеты, дзе госці свята актыўна набывалі паліграфічную прадукцыі, майкі і кубачкі з выявай сімвала свята і не толькі, а такасама ўдзельнічалі ў конкурсах і выйгравалі сертыфікаты на бясплатную падпіску.

Лепшымі з лепшых сталі…

Неўзабаве песні і танцы на канцэртнай пляцоўцы змяніліся цікавымі гульнямі і прыемнымі прызамі. Удзел у гульнях з задавальненнем прымалі дзеці, а дарослыя арганізавалі акцыю «Дружна солім агуркі». Ну а затым наступіў кульмінацыйны момант.

Першай для ўзнагароджання на сцэну паднялася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Сяргеенка. Яна ўручыла сувеніры і дыпломы сваім фаварытам – профліцэю №12, гімназіі, цэнтралізаванай клубнай сістэме, бытпаслугам, бібліятэчнай сетцы, аг.Гарадзец. Галоўны рэдактар раённай газеты «Ударны фронт» Валянціна Суткаленка ўзнагародзіла пераможцу фотаконкурсу на лепшае фота вырабу з агурка Марыну Данцову і самую маленькую удзельніцу конкурсу Злату Лупякову.

Ну і, нарэшце, заслужаныя ўзнагароды з рук начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алесі Купцовай атрымалі пераможцы ў намінацыях «Самы арыгінальны агурэчны падворак» – СШ №4, раённы гісторыка-краязнаўчы музей; «Самае лепшая страва агурочнага свята» – яслі-сад №8, яслі-сад №4; «Самая арыгінальная агародніна» – Чарнаруцкі ВПК д\с – СШ, аматарскае аб’яднанне «Фларыяда»; «Самы яркі агурочны касцюм» – яслі-сад №8, СШ №4. Алеся Мікалаеўна ўручыла дыплом кожнаму ўдзельніку свята, у тым ліку і гасцям – народнаму аматарскаму аб’яднанню «Шапавалы» з Дрыбіна і Горацкаму дому рамёслаў.

Завяршыўся Дзень агурка позна вечарам канцэртам з удзелам айчынных выканаўцаў.




Андрэй ВАРАБ’ЁЎ, скульптар:

– Скульптура шклоўскаму агурку – гэта першая вялікая праца, з якой пачалася мая біяграфія гарадскога скульптара.  Пасля яе я літаральна прачнуўся знакамітым. Мне прыемна, што мая праца стала своеасаблівым сімвалам Шклова, што яе ведаюць далёка за межамі нашай краіны. А яшчэ мне вельмі прыемна бываць у Шклове і ў прыватнасці наведаць сённяшняе свята.

Марына СЦЯПАНАВА, жыхарка аг.Малыя Славені:

– У час акцыі «Дружна солім агуркі» мне было вельмі прыемна падзяліцца сваім фірменным рэцэптам. Ён просты, а за тое, што агуркі захоўваюць зялёны колер, называецца «Ізумрудныя агурочкі». Агуркі спачатку трэба абдаць кіпенем, затым адразу апусціць у халодную ваду. На трохлітровы слоік дадаецца чарка солі, лыжка гарэлкі, вашы любімыя прыправы. Каштаваць такія агурочкі можна ўжо праз тыдзень. 

Марына ДАНЦОВА, шклаўчанка:

– Прачытаўшы пра конкурс, які праводзіць наша раённая газета, вырашылі паўдзельнічаць. І вельмі прыемна было перамагчы. Падзелкі рабілі ўсёй сям’ёй, і самы актыўны ўдзел прымалі нашы дзеці – Ульяна і Жэня.

Наталля УХНАЛЁВА, загадчыца ДУА «Яслі-сад №8 г.Шклова”:

– Рыхтаваліся да свята ўсім калектывам, і вельмі прыемна было атрымаць перамогу адразу ў двух намінацыях. Так, журы ацаніла нашыя стравы, а мы іх нагатавалі вельмі шмат: гэта і далма, і фаршыраваны гарбуз, і шашлык з гародніны, і салёныя агуркі на хуткую руку… А яшчэ мы падрыхтавалі цікавы касцюм матылька і таксама перамаглі. Лічу, што такія святы вельмі патрэбныя.

Агурочнае махіта ад ШДПЛ №12

Інгрыдыенты:
- 2 л мінеральнай вады;
- 1 лімон;
- 1 сярэдні агурок;
- 3-4 галінкі мяты.
- па жаданню палавінка апельсіна альбо лайма.

Прыгатаванне.
1. Лімон вымыць і абдаць кіпенем. Нарэзаць тонкімі кружочкамі і, калі неабходна, выдаліць насенне.
2. Агурок добра вымыць і нарэзаць тонкімі кружочкамі.
3. Мяту вымыць.
4. Усё разам скласці ў збан і заліць вадой. Перамяшаць і даць настаяцца пару гадзін.
5. Падаць ахалоджанным.