jour
Корреспондент

"Вясна, натхненне і Ступляны". Што звязвае бялыніцкую мастачку са Шклоўшчынай?

16:2501.09.2020 Культура

Дзень беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе прымае горад Бялынічы, абяцае сваім гасцям шмат прыемных сюрпрызаў. Сярод іх і новая выстаўка работ Ларысы Журавовіч. Імя мастачкі добра вядомае не толькі ў нашай краіне. Яе работы знаходзяцца ў самых разнастайных галерэях, у тым ліку і ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. А галоўныя матывы ў іх – вёска, прырода, простыя рэчы і простыя людзі. Усё гэта настолькі блізка кожнаму, хто родам з вёскі, хто любіць яе, што немагчыма глядзець на іх без хвалявання. А што звязвае мастачку са Шклоўшчынай?

Куды клікала сэрца

«На Шклоўшчыне я пісала шмат, у асноўным гэта невялікія пейзажы і эцюды, – расказвае нам Ларыса Журавовіч. – Аднак ёсць і вялікія работы». Так, у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава знаходзяцца «Снежны дзень у Ступлянах», «Вуліца ў Ступлянах», у Бялыніцкім мастацкім музеі – трыпціх «Асеннія эцюды».

Выязджала Ларыса Віктараўна і ў іншыя вёскі Шклоўскага раёна – Тударава, Бушоўку, Чарнаручча, Карбатоўку. Па ўласнаму прызнанню, нават на ўказальнікі не глядзела, ехала туды, куды клікала сэрца. З таго часу – а гэта былі 2003-2005 гг. – засталося шмат этюдаў. Вярнулася да шклоўскіх матываў у 2015 годзе. Тады і ўзніклі чарнаруцкія сюжэты «У пачатку сакавіка» і «Маладая вясна». А ў 2017 годзе зрабіла партрэты Марыі Еўдакімаўны і Аляксандра Якаўлевіча Маісеенак са Ступлян.

«Па якому прынцыпу я адбіраю сюжэты? Не па геаграфіі, а па таму, дзе больш захавалася народная культура, – расказвае мастачка. – На Шклоўшчыне яна найбольш адметная цягам да Вялікіх і Малых Аўчыненак. Тут хвалісты рэльеф, вянковая забудова хат… Тое, што люблю з дзяцінства. Мне блізкая вёска даўнейшага часу, мне цікавы вясковы ўклад жыцця людзей, якія звязаны з зямлёй». І Ларыса Журавовіч узгадвае, як на адной з вуліц вёскі Ступляны мясцовы жыхар расказаў, што ў часы яго маладосці на касавіцу выходзілі 37 касцоў. А зараз там засталіся хіба только дзве жылыя хаты. І ёй вельмі шкада гэтага адыходзячага вясковага ладу, яна хоча захаваць яго для нашчадкаў, захаваць для іх павагу да вескі, людзей працы. Прыкладам якіх з’яўляюцца і яе ўласныя бацькі.

«Вось так жывём мы ў глыбінцы…»

Прыязджаючы ў Ступляны, адразу разумееш, чаму вёску так упадабала Ларыса Журавовіч. Пасля шумных гарадоў тут нібы трапляеш у другое вымярэнне, дзе ціха, акуратна, утульна. Дзе прыветлівыя людзі гасцінна сустракаюць цябе на парозе, як родную, нават не пытаючыся твайго імя.

«Заходзьце, госці дарагія, – радасна усміхаецца 82-гадовая Марыя Еўдакімаўна Маісеенка. – Часцей бы вы да нас прызджалі». І амаль з парога хваліцца тым, што апошнім часам захапілася чытаннем кнігі «Памяць. Шклоўскі раён», дзе, па яе словах, напісана «і як бацькі нашы жылі, і тое, што мы ў школе некалі вучылі». Гэтую кнігу ёй падаравалі тры гады таму ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Тады тут праходзіла выстаўка работ Ларысы Журавовіч, і Марыя Еўдакімаўна, як гераіня партрэта, была ганаровай госцяй. 
«Яе муж працаваў непадалёку і ставіў у нас трактар, – расказвае Марыя Еўдакімаўна пра знаёмства з мастачкай. – Ларыса часта да нас заходзіла, старалася чым дапамагчы. А праз які час яны з мужам прыехалі і сказалі: «Бабуля, мы на цябе не забыліся. Трэба твой партрэт намаляваць і паказаць усім, якія старыя ў глыбінцы жывуць».

З расповяду пра партрэт Марыя Еўдакімаўна пераходзіць да свайго жыцця, пасляваеннага дзяцінства ў вёсцы Дубраўка, такога галоднага, што ранняй вясной, калі распускаліся шышкі на таполях, збіралі іх жменямі і елі. «А зараз жыццё – лепей не трэба, – кажа яна. – Пенсію выплочваюць, аўталаўка прыязджае, дзеці і ўнукі клапоцяцца…»

Пасля Таўкачоўскай сямігодкі юная Марыя захацела вучыцца далей і бацькі згадзіліся аплочваць яе вучобу ў Чарнянской школе – на той час скончыць 10 класаў было платна. Затым быў Мінскі гандлёвы тэхнікум, праца ў бухгалтэрыі Чарнаруцкага сельпо… А потом на танцах у вёсцы Тударава пазнаёмілася з юнаком са Ступлянаў і выйшла замуж. Ездзіць на працу ў Чарнаручча было далёка, пайшла працаваць на свінаферму. Александр Якаўлевіч рабіў трактарыстам, і яго стараннасць была адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх і ордэн Працоўнай Славы.

Гледзячы на гэтую пару, адразу ўзгадваеш прыказку, што сыходзяцца супрацьлегласці. Марыя Еўдакімаўна – жвавая, гаваркая, Аляксандр Якаўлевіч – салідны і сур’ёзны. Разам яны пражылі ўжо 55 год. Калі жаніліся, не было нават кольцаў. А на залатое вяселле дзеці і ўнукі справілі ім і кольцы, і фату, і вясёлае сучаснае свята.

«Наша багацце – чацвёра дзяцей, сямёра ўнукаў, – усміхаецца Марыя Еўдакімаўна. – Часта ўсёй сям’ёй збіраемся. Пра нас, старых, не забываюцца, прыязджаюць, ва ўсім дапамагаюць. Ды і мы самі не сядзім, склаўшы рукі. Я і печку вытаплю, і есці звару, і агарод прапалю… А Ступляны свае мы вельмі любім. Тут ціха, спакойна. Вось так жывём мы ў глыбінцы».

«Пабылі ў нас – і настрой на ўвесь дзень добры стварылі», – махаюць на развітанне нам рукой Марыя Еўдакімаўна і Аляксандр Якаўлевіч. А ў нас на душы яшчэ доўга застаецца светлае пачуццё. Такое ж светлае, як маленькая вёсачка Ступляны, якая будзе радаваць нашых нашчадкаў на карцінах бялыніцкай мастачкі.

У час выстаўкі Ларысы Журавовіч ў Шклоўскім раённым музеі

Ларыса Журавовіч. Партрэт Марыі Маісеенка

Ларыса Журавовіч. Маладая вясна

Марыя Еўдакімаўна і Аляксандр Якаўлевіч Маісеенкі

Марыя Еўдакімаўна і Аляксандр Якаўлевіч Маісеенкі

Ларыса Журавовіч. Партрэт Аляксандра Маісеенка