jour
Корреспондент

"Святло каляднай зоркі": у раённым музеі маленькім шклаўчанам расказваюць пра народныя традыцыі

12:2016.01.2021 Культура

З 6 да 19 студзеня цягнуцца калядныя святы – самы цікавы, самы чарадзейны і самы містычны час года. Час, калі можна заглянуць у будучыню і даведацца, што цябе чакае. А таксама з дапамогай абрадаў закласці аснову для шчасця і дабрабыту.

Некалі нашы продкі надавалі калядным дням вялікую ролю і святкавалі іх весела, з гульнямі, забавамі, песнямі. На жаль, працэсы урбанізацыі аддаляюць ад нас народныя звычаі. Не забывацца на спадчыну дапамагаюць работнікі культуры, якія захоўваюць і аднаўляюць старажытныя абрады. Вось і ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі для маленькіх шклаўчан арганізавалі інтэрактыўныя заняткі «Святло каляднай зоркі».

Так, на мінулым тыдні ў госці да музея завіталі першаклашкі СШ №1. Іх сустрэлі старэйшы навуковы супрацоўнік Ірына Гапеева і музейны наглядчык Святлана Зарубіцкая, якія, ператварыўшыся ў традыцыйных калядных персанажаў – Казу і Цыганку, павялі маленькіх шклаўчан у падарожжа па музейнай экспазіцыі.

Дзеці не толькі пазнаёміліся з нашай спадчынай і гісторыяй, аднак і даведаліся шмат цікавага. Напрыклад, якія абрады выконвалі нашы продкі ў Каляды, што выступала для іх абярэгам, калі з’явілася традыцыя ставіць навагоднюю елку і сімвалам чаго з’яўляецца збожжа. Апрача таго, хлопчыкі і дзяўчынкі маглі адгадаць загадкі і атрымаць за гэта салодкі падарунак, загадаць жаданне і з дапамогай варажбы даведацца, што іх чакае ў новым годзе. А чакае ўсіх, канешне ж, толькі самае добрае, што варажба і пацвердзіла.

На заканчэнне мерапрыемства Ірына Гапеева ўручыла вучням і настаўнікам Ганаровую грамату за ўдзел у інтэрактыўных занятках. 

А для нашых чытачоў разам з музеем прапануем варажбу на бабах, якую вы можаце выкарыстаць ў наступныя Каляды. Вазьміце 41 бабіну, раздзяліце на тры грудочкі і кожны пазначце адказным за пэўную сферу вашага жыцця. А потым палічыце колькасць бабоў у кожным грудзе. Дзе цотная колькасць – там і чакае вас поспех. А каб ён быў асабліва значным, патрэбны, канешне ж, добры настрой і вера ў цуд, чаго ўсім і жадаем!