jour
Корреспондент

Повязь часу, повязь кахання. Раённаму музею падаравалі ўнікальны вясельны ручнік

10:0726.11.2021 Культура

З традыцыйных беларускіх абрадаў самым прыгожым, самым кранальным з’ўляецца абрад вяселля. І нязменным яго атрыбутам зяўляецца ручнік. Бялюткі, з вышытымі ўзорамі… На яго станавіліся маладыя падчас вянчання ў царкве. А пасля гэтага хлебам-соллю на ручніку сустракалі іх бацькі. Сімвалам светлага шляху, сімвалам яднання маладых з’яўляецца гэты сакральны прадмет.

Некалькі вясельных ручнікоў захоўваецца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. І вось, зусім нядаўна, экспазіцыя папоўнілася яшчэ адным. Вясельны ручнік сваёй сям’і падаравала шклаўчанка Ірына Цыганкова. Як адзначылі супрацоўнікі музея, гэты падарунак унікальны, бо ўзрост ручніка, які захаваўся ў ідэальным стане, набліжаецца да двух сотняў гадоў. Ручнік адрозніваецца багаццем фарбаў – ён вышыты не звыклым чырвоным, а ружовым, зялёным і жоўтым колерамі. Належаў ён сям’і Сіняковых. З гэтым ручніком стварала сям’ю сама Ірына Аляксандраўна, а таксама яе маці, бабуля і прабабуля. А вось зараз жанчына вырашыла перадаць сямейную рэліквію ў музей – для таго, каб пра народныя традыцыі ведалі ўсе шклаўчане, асабліва моладзь.

Льнозавод 040.JPG

У гэты ж дзень у музеі адбылася прэзентацыя фотаальбомаў выдавецтва «Галіяфы» – «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак». Першы з іх сабраў 187 вясельных фотаздымкаў, зробленых з 1900 па 1985 год. У іх ліку і фотаздымак шклаўчан Ядзвігі і Мікалая Сідляровых.

Льнозавод 060.JPG

Юлія ДУДАРАВА, навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея:

 - Вясельны ручнік мы прымаем у падарунак у лістападзе невыпадкова. Для нашых продкаў лістапад быў самым спрыяльным месяцам для вяселляў. Асабліва ўдалымі лічыліся даты 4 лістапада, Дзень Казанская Іконы Божай Маці, і 27 лістапада, апошні дзень перад 40-дзённым калядным пастом. Палявыя працы былі закончаныя, засекі поўныя і можна было накрыць багаты стол. А па прыкметам, калі накрываеш багаты стол на вяселле, то і жыццё будзе багатым. Таксама лічылася, што калі ў лістападаўскае вяселле пройдзе дождж альбо снег, то і жыццё маладых будзе багатым і шчаслівым.

Ірына ГАПЕЕВА, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея:

- Традыцыя выкарыстоўваць белыя вышытыя ручнікі на вяселле мае вельмі даўнія карані. Вясельны ручнік вырабляўся з ільняной тканіны і ўпрыгожваўся тканым арнаментам ці вышыўкай, карункамі. Пасля вяселля ручнікі захоўваліся ў сям’і маладых як сімвал шчаслівага жыцця. Вельмі часта на вясельным ручніку вышываліся выявы пары птушак, якія сімвалізавалі жаніха і нявесту, а таксама кветкі. Памеры вясельнага ручніка павінны дзяліцца на 7, вышыўкай запаўняцца ¼ частка кожнай палавіны. Паколькі ручнік сімвалізаваў дарогу сямейнага жыцця, яго палатно павінна быць цэлым і неперарыўным, а цэнтр – пустым, без вышыўкі. 
Апрача ручнікоў, захоўваецца ў раённым музеі і намітка – аўтэнтычны галаўны ўбор, атрыманы ў спадчыну славянамі ад індаарыйскіх продкаў. Класічная намітка – паласа з вельмі тонкага палатна шырынёй ад 30 до 20 см і даўжынёй ад 3 да 5 метраў, якую пэўным чынам завязвалі вакол галавы. Было больш за 30 спосабаў павязвання наміткі. Насілася яна замужнімі жанчынамі і ўпершыню павязвалася на вяселлі. Вясельная намітка захоўвалася ўсё жыццё і клалася ў труну.

Льнозавод 048.JPG