jour
Администратор

У цэнтральнай бібліятэцы прайшоў месячнік роднай мовы

10:1822.02.2022 Культура

21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы – свята, якое нагадвае кожнаму з нас, што без роднай мовы немагчыма адчуваць сябе грамадзянінам сваёй краіны, часткай свайго народа. 

Кожны чалавек павінен  шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру сваёй краіны. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала добрай традыцыяй для Шклоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, важным святам для дзяцей і дарослых. 

 «Гучы, родная мова» – пад такой назвай прайшоў у цэнтральнай бібліятэцы месячнік роднай мовы, які супрацоўнікі бібліятэкі напоўнілі цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, накіраванымі на захаванне культурнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыю творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

На працягу месяца сярод чытачоў цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк праводзіліся акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску», «Чытаем вершы беларускіх пісьменнікаў», былі распрацаваны гульнёвыя и конкурсныя праграмы для дзяцей і падлеткаў. Актыўны удзел прынялі чытачы ў анлайн-праекце «Мовы пяшчотнай сузор’е», які накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы. У межах праекта  прайшоў фотамарафон «Роднаму слову – прызнанне ў любові». На тэматычных паштоўках «Слова ў сэрцы» дарослыя і дзеці пісалі свае любыя беларускія словы і размяшчалі іх у сацыяльных сетках. У выніку правядзення марафону мы даведаліся аб тым, якія беларускія словы найбольш падабаюцца нашым чытачам. 

Актыўнасць праявілі чытачы бібліятэк у сеткавым паэтычным конкурсе «Роднай мовы пералівы», дасылаючы відэаролікі з чытаннем паэтычных твораў беларускіх пісьменнікаў, якія размяшчаліся на старонках сацыяльных сетак.  Цікавыя відэаролікі даслалі вучні сярэдняй школы № 1 і № 4 горада Шклова, а таксама вучні Гавядскай і Александрыйскай сярэдніх школ.
 
Усіх аматараў літаратуры і прыхільнікаў роднага слова сабраў у цэнтральнай бібліятэцы вечар паэтычнага настрою «З любоўю да роднага слова». Падчас правядзення вечарыны прагучалі вершы беларускіх паэтаў, напісаныя ў розныя гады, прысвечаныя роднай мове і нашай краіне. Прысутныя паслухалі прыгожыя беларускія песні, напісаныя на словы пісьменнікаў – класікаў беларускай літаратуры, і музыку беларускіх кампазітараў. 
 
Да мерапрыемства была арганізавана тэматычная літаратурная экспазіцыя  «Адкрый для сябе беларускую кнігу», наведвальнікі якой здзейснілі цікавы экскурс у гісторыю беларускай літаратуры, пазнаёміліся з творчасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў-класікаў, пісьменнікаў-землякоў, а таксама з кнігамі сучасных беларускіх аўтараў.

Для наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі была аформлена выстава-экспазіцыя «Ты, як песня салаўя, мова родная мая», якая пазнаёміла юных чытачоў з кнігамі і мастацкімі вырабамі беларускай народнай творчасці і культуры. 

З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Таямніцы роднай мовы», якая была накіравана на развіццё творчага мыслення, узбагачэнне слоўнікавага запасу і выхаванне павагі да Беларусі і беларускай мовы. Чытачы рознага ўзросту прымалі ўдзел у займальных  конкурсах, гульнях, віктарынах, дзе дэманстравалі свае веды аб роднай мове. Яны збіралі з літар словы, разгадвалі рэбусы, складалі прыказкі, перакладвалі словы з рускай мовы на беларускую. Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў былі Сафія Гунько, Яніна Пабядзінская, Аліна Рабцава і іншыя. 

Праведзеныя мерапрыемствы пакінулі вельмі добрыя ўражанні. Кожны прысутны яшчэ раз адзначыў для сябе, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.  

Таццяна Рэянтовіч, метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі