Мінулае вёсак будучыні

Акунёўка: знікшая царква і цудадзейны камень

Найбольш аддаленая вёска ад Шклова з трох – аж 25 км. З’яўляецца цэнтрам ААТ «Новае Юбілейнае». Цікавая версія паходжання назвы. Калі верыць аднаму з паданняў, спачатку яна замацавалася за жыхарамі вёскі, бо паўсядзённым іх заняткам лічылася лоўля рыбы. На кірмашах, куды вяскоўцы прывозілі рыбу для продажу, іх так і клікалі: «Акунёўцы едуць». А пазней і вёску пачалі называць Акунёўка.

Словам, і сама вёска славілася сваімі кірмашамі. Яны наладжваліся ў 18 ст. Кажуць, што на іх з’язджалася ўся акруга. І не толькі каб «купіць-прадаць», вабіла гледачоў і культурная праграма: масавыя гульні, відовішчы, песні і танцы. Вось цікава, ці многа б з’ехалася энтузіястаў, калі б такі «акунёўскі кірмаш» зладзілі зараз?

Акрамя рэальных традыцый, ёсць у гісторыі гэтай тэрыторыі і містычныя старонкі. Жывая яшчэ легенда пра Царковішча – вёску, што знаходзіцца непадалёк. Жыў там памешчык, у якога не было сям’і. Затое мог ён пахваліцца і маёнткам, і садам з ліпавай алеяй, што існуе і цяпер. Дык вось, пабудаваў ён каля маёнтка невялікую царкву. А яна вазьмі праз некаторы час і знікні. За адну ноч, кажуць, некуды падзелася. А зараз на тым месцы – мясцовыя могілкі. На месцы царквы – капліца. Праўда, хадзіць туды жыхары не вельмі любяць. Кажуць, здаецца, што там нехта глядзіць на цябе, ад гэтага і няёмка.
Паданні, легенды. Куды ж без іх, нават калі і славутасць цалкам асязальная.

Паблізу вёскі Сліжы – Святая крыніца. У даўнія часы прыходзілі за вадой да яе людзі, каб асвяціць свае хаты, вылечыць розныя хваробы. Ёсць крынічка і зараз. Як і Сіні камень за вёскай. Сінім яго называюць мясцовыя, а чаму такое імя, як і тое, адкуль ён з’явіўся, ніхто ўжо і не скажа. Вядома толькі, што камень славіцца не столькі сваімі памерамі, колькі цудадзейнай сілай. Лічыцца, што прыходзілі да яго ў цяжкія моманты жыцця. Загадвалі жаданні, а для таго, каб прыбавіць здароўя, збіралі на зары з яго кропелькі расы. Некаторыя бачылі загадкавыя надпісы і знакі. Толькі вось, мабыць, паскардзіўся камень, калі яго паспрабавалі тэхнікай у іншае месца перанесці. Змаглі толькі з месца скрануць, а надпісы з таго часу і не бачыў больш ніхто.

Калі ўсё ж такі прыйдзецца вам пабываць у гэтых месцах, не здзіўляйцеся і мясцовай тапанімікі. Бо абавязкова пачуеце і пра «гарэлае балота», і «казённы лес», і «партыйнае поле». Традыцыі, яны такія – назаўсёды.

Любінічы: «голь перакатная» 

Каля шырокай магістралі раскінулася вёска Любінічы. Асабліва прыгожая яна ў маі, калі цвіце сад. Гэта не дзіўна, таму што лічыцца, што, нягледзячы на разнастайнасць варыянтаў паходжання назвы вёскі, корань яе ўсё роўна «любы». Напрыклад, існуе версія, што ў даўнія часы жыў у вёсцы багаты памешчык. У яго была дачка, а ў той – свой каханы. Але бацька вырашыў іначай: «Не», – сказаў ён, калі маладыя вырашылі ажаніцца. А пасля апошняй сустрэчы з юнаком знікла дзяўчына. Вось і назва – у памяць аб светлых пачуццях.

Па іншай легендзе ў гэтых месцах жыў чалавек – марскі афіцэр Глінка (пакуль што запамінаем гэтае імя) – з любымі дачкой і жонкай. Аднойчы яго гаспадарка стала прыходзіць у заняпад. Каб выправіць становішча, ён вырашыў ажаніцца з жанчынай пабагацей. А сям’ю пасяліў у самае прыгожае месца (любы куточак). 

Па гістарычных сведках у 1897 годзе тут знаходзілася 88 двароў з 556 жыхарамі. Меліся школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом, царква. Прычым пра апошнюю цікавыя звесткі паведаміў святар с.Любінічы ў 1899. Любініцкі прыход уключаў у сябе і тэрыторыю суседняй вёскі Заброддзе, а таксама і Славеняў, калі мясцовая царква там закрывалася. Святар таксама ўпамінае, што школа граматы ў Любінічах была адкрыта ў сакавіку 1891 года. З 1894 года была тут нават бібліятэка для народнага чытання. 

Сярод гэтых апісанняў можна знайсці і характарыстыку людзей, што там пражывалі ў 19 ст.: «Любініцкія прыхаджане – пераважна сяляне. Людзі яны не бедныя, займаюцца галоўным чынам хлебапашкаю, а прамышляюць возкаю лесу… У зімовы час Любініцкі прыход ператвараецца ў нейкія гаманлівыя камерцыйныя пункты. У іх у гэты час утвараецца па некалькі лесагандлюючых кантор, даволі шырокія вуліцы завальваюцца лесам.

Нягледзячы на добрыя эканамічныя ўмовы, сяляне Любініцкага прыхода, асабліва любінцы, жывуць незавідна. Пабудовы іх дрэннаватыя і жывуць не вельмі добра. Гэта адбываецца ад іхняй нейкай нерухомасці. Гледзячы на забудовы, можна сказаць, што тут жыве голь перакатная, хоць на самой  справе любінінцы большай часткай людзі маёмасныя». 

Адзначаецца таксама і піцейны дом. Маўляў, калі раней у час існавання кабакоў для вяселля самы апошні бядняк браў не менш за пяць вёдзер гарэлкі, то пасля ўвядзення ў 1897 годзе казённага продажу віна, спраўляюць вяселле ўжо з паўвядром. 

Славені: непадалёк ад «Амерыкі» і «Кітая»

Звычайная вёска, што з яе ўзяць. Хаця з боку аўтадарогі «Віцебск-Гомель» інтарэс выклікаюць шматпавярховыя дамы. Пабудаваны яны ў час росквіту былога «Калгаса імя Кірава». Аграгарадок адпавядае свайму статусу: пэўная інфраструктура ёсць. Толькі што школа ў суседняй вёсцы – Заброддзе. Зараз, гледзячы на імклівае жыцце вуліц, што кампактна размясціліся, і не верыцца ў гістарычныя факты.

Цікава тое, што гэтая вёска раней складалася з адных хутароў. У іх і свае асаблівыя назвы былі. Прычым раскіданыя яны былі далёка адзін ад аднаго. Ды і назва абавязана сваім існаваннем хутарам, бо славіліся яны таленавітымі людзьмі. Жылі там майстры сваёй справы: кавалі, разьбяры, бондары. Кожны з іх славіўся ў акрузе сваёй працай. Адсюль і  імя вёскі азначае «славіць свой край». Зараз хутароў не засталося. Як успамінаюць старажылы, сяліцца ў адным месцы сталі пасля 1930-га, як сталі ствараць калгасы. Праўда і сёння недасведчаных людзей збівае з панталыку існаванне побач аграгарадка Малыя Славені і вёскі Вялікія Славені. Хаця калі адзінкай параўнання лічыць плошчу населеных пунктаў, назвы павінны перамяняцца.

Успаміналі неяк старажылы і пра таго самага памешчыка Глінку. Расказвалі, што гэта быў люты чалавек. Цяпер на месцы яго маёнтка засталося толькі возера. Цікава, што імя Глінкі ўпамінаецца і ў святара в.Любінічы ў 1899. Апісваючы Заброддзе, ён заўважае, што для вяскоўцаў быў «пастаянны заробак адкрыты і ў маёнтку памешчыка Глінкі». 

З мясцовых цікавасцяў звяртаюць на сябе ўвагу волаты-валуны на могілках. Кажуць, што гэта камяні-помнікі. На адным з іх нават можна ўбачыць высечаны крыж. Паводле падання камяні з’яўляліся месцам пахавання французскіх салдат. Не дзіўна, бо сапраўды Шклоўскі раён не абмінула вайна 1812 года.
 А вось што сапраўды здзіўляе, дык гэта суседства з іншымі населенымі пунктамі. Напрыклад, з Кітаем. На карце раёна вы яго не знойдзеце. Гэта распаўсюджаная тут назва вёскі Мікіцінічы (Нікіцінічы). Не так даўно колькасці жыхароў тут можна было толькі пазайздросціць. Але час узяў сваё. Непадалёк ад Славеняў ёсць і «Амерыка», праўда ўжо адносіцца не да Шклоўскага раёна. Больш вядома яна як вёска Краснапольцы. Дык вось, калі хто-небудзь спытае «А Славені, гэта дзе?», можна смела адказаць «непадалёк ад Амерыкі і Кітая».

А калі без жартаў, то ў выпадку існавання «Кнігі рэкордаў Шклоўшчыны», здаецца, жыхарам Славеняў, Вялікіх і Малых, знайшлося б месца на яе старонках.

Падрыхтавала Алена МІНАКОВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений