jour
Корреспондент

Чарапы: маленькая вёска з вялікай гісторыяй

Шмат цікавых вёсак раскінута на прасторах нашай краіны. Далёкія і блізкія, вялікія і маленькія… У кожнай з іх ёсць штосьці адметнае і непаўторнае, у кожнай жывуць цікавыя і працавітыя людзі. А ў некаторых з іх можна знайсці і сапрадныя скарбы – скарбы ў выглядзе непаўторных народных традыцый. Адной з такіх вёсак з’яўляецца вёска Чарапы.

На беразе Арціслаўкі

У глыбіні Фашчаўскага сельсавета, за 31 км на паўднёвы ўсход ад Шклова схавалася вёска Чарапы. На захадзе яе бярэ свой пачатак  Арціслаўка – прыток ракі Днепр.

18 гаспадарак, 31 жыхар… Старэйшай з іх – Кацярыне Ярмоленка – 95 год, а самай маладой – Вользе Яўсеенка – 15. Таксама доўгажыхарамі з’яўляюцца Уладзімір Пракапенка і Пелагея Алданава 1929 года нараджэння.

Вёска ўпершыню ўпамінаецца пад 1604 годам як сяло дзяржаўнай уласнасці з 50 двароў у Даманаўскім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі і Аршанскага павета Вітебскага ваяводства. У 1635 годзе тут 66 двароў. У 1785 годзе Чарапы ў складзе маёнтка Плешчыцы Магілёўскага павета, у канцы 18 стагоддзя – сяло ва ўладанні графа П.Завадоўскага. У 1911 годзе тут адкрыта школа. У 1934 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас «Перамога». 

Зараз Чарапы знаходзяцца на тэрыторыі ААТ «Эксперыментальная база «Спартак». Школа даўно зачынена. Некалькі дзён на тыдзень працуе крама.

Што ж датычыцца загадкавай і крыху палохаючай назвы вёскі, то адкуль яна пайшла, дакладна невядома, аднак ёсць версія, што звязана яна не з чарапамі, а з чарапкамі ад глінянага посуду.

Славуты земляк

Самым вядомым выхадцам з Чарапоў з’яўляецца Васілій Раінчык. Нарадзіўся ён тут у 1950 годзе. Скончыў музычную школу ў Шклове па класу баяна, затым вучыўся ў Магілёўскім музычным вучылішчы, Мінскай сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі, Беларускай Дзяржаўнай кансерваторыі.

Напісаў больш за 100 песен, канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, кантату «Мальчыш-Кібальчыш» для дзіцячага хору, балет «Крылы над Расіяй» і інш.

Васілій Раінчык з’яўляецца членам Саюза кампазітараў, заслужаным артыстам Беларускай СССР, народным артыстам Беларусі. Дзякуючы яго таленту і прафесіяналізму ансамбль «Верасы» здабыў велізарную папулярнасць у Беларусі, прынёс заслужаную славу беларускай песні. Ён выхаваў шмат выдатных артыстаў, такіх, як Надзея Мікуліч, Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Ліка Ялінская, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка.

«Нарадзіўся я ў вёсцы Чарапы Шклоўскага раёна. А ў самім Шклове жыў з пяці да чатырнаццаці гадоў. Таму можна без усялякага перабольшвання сказаць, што менавіта ў гэтым горадзе пачалося маё свядомае жыццё, там я сфарміраваўся як чалавек і як будучы творца, там узніклі мае першыя свядомыя музычныя ўражанні (падкрэслю, свядомыя, бо народныя песні былі побач, ахіналі мяне з самага нараджэння). Нарэшце, у Шклове я атрымаў першапачатковую музычную адукацыю – скончыў дзіцячую музычную школу. Між іншым, па класе баяна, і любоў да гэтага інструмента захавалася ў мяне да цяперашняга часу», – казаў славуты кампаўзітар у адным са сваіх інтэрв’ю. 

Ад пасёлкаў – да вуліц

Бацькоў Васілія Раінчыка, якія выкладалі ў мясцовай школе, добра памятаюць старажылы вёскі Віктар і Кацярына Ларыёнавы. Таксама яны памятаюць, якой вёска была раней. А была яна да вайны амаль у 200 двароў. Сённяшнія вуліцы былі пасёлкамі, назвы якім прыдумваліся спантанна. Так, да прыкладу, на адным з пасёлкаў жыў мужчына з прозвішчам Бондараў – і пасёлак стаў Бондаравым, на другім бабулі трымалі коз – пасёлак стаў Казіным і г.д.

З 15 гадоў Кацярына Фядосаўна насіла пошту, потым працавала ў калгасе. Выхавала пяць дзяцей, аднак, на жаль, ніводны з іх не застаўся ў роднай вёсцы.