jour
Администратор

Год малой радзімы. Старыя Стайкі: сведкі сівой даўніны

Ёсць у маленькіх вёсачак асаблівая прыцягальнасць. Жыццё тут цячэ павольна і размерана, а цішыня дазваляе паглыбіцца ў свае думкі… І, ідучы па вясковай вуліцы, міжволі задумваешся, як тут было ў часы сівой даўніны...

Пачатак – у 17-м стагоддзі

Старыя Стайкі знаходзяцца ў Александрыйскім сельсавеце за 13 км на поўнач ад Шклова, 53 км ад Магілёва. Планіровачна вёска складаецца з дзвюх паралельных паміж сабой вуліц. У ёй налічваецца 41 гаспадарка, 84 жыхары. Старэйшы жыхар – Зінаіда Усцінаўна Чарвякова (88 год), маладзейшы – Крысціна Рудзь (6 месяцаў) .

Вёска вядома паводле пісьмовых крыніц з 17 стагоддзя як шляхецкая ўласнасць у Гарадзецкім войтаўстве Віцебскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1670 годзе тут было 19 хат. Памешчык, якому належылі Старыя і Новыя Стайкі, жыў за мяжой, а тут меў упраўляючага. Да нашага часу захаваўся склеп і вялікі сад. 

У 1931 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас «Чырвоная зорка», першым старшынёй якога быў Сямён Генералаў. У 1933 годзе вёска электрыфікавана. У Вялікую Айчынную вайну яна была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На фронт пайшоў ваяваць 151 чалавек, вярнуліся – 50.

Пасля вайны быў арганізаваны калгас «Першае мая». У ім вырошчвалі зернавыя культуры, лён, бульбу, бабовыя, разводзілі свіней і буйны рагаты скот. Зернавыя палеткі ўбіраліся ўручную, потым з’явіліся жаткі, якія цягалі на конях. І толькі ў 1955 годзе калгас стаў набываць машыны і трактары. У 2003-м калгас «Першае мая» быў пераіменаваны ў ЗАТ «Старыя Стайкі», якое ў 2010 годзе далучана да ААТ «Александрыйскае».

Сяліліся «стайкамі»
Аврамов 007.JPG
Назва вёскі Старыя Стайкі пайшла ад таго, што ў даўнія гады людзі тут сяліліся як бы стайкамі: побач з бацькамі стараліся пабудаваць хату іх дзеці і весці гаспадарку разам. Жыхароў у вёсцы звалі паміж сабой «лешакамі». Гэта таму, што яны насілі адзенне, зробленае з воўны сівых авечак – армякі і шырокія спадніцы.

Ёсць і такое меркаванне, што вёска можа быць названая так таму, што на беразе Дняпра былі стаянкі першабытных людзей перыяду неаліта. І нашы далёкія продкі таксама пражывалі стайкамі.

«Ад прадзедаў спакон вякоў…»

У даваенны час моладзь праводзіла вечарыны ў хатах. Гулялі пад гармонік, пелі прыпеўкі. У 1962 годзе быў пабудаваны клуб. Акрамя танцавальных вечароў тут дэманстраваліся кінафільмы. У 1992 годзе клуб і бібліятэка былі закрыты. Але па просьбах жыхароў у 1997-м была адкрыта бібліятэка-клуб. Загадчыцай стала Рыма Арцёменка. Пры ўстанове быў арганізаваны фальклорны гурт «Сяброўкі», які выступаў не толькі ў сваёй вёсцы, але і на раённых фестывалях.

У бібліятэцы быў сабраны цікавы этнаграфічны музей, праводзіліся краязнаўчыя ўрокі, турніры і г.д. На жаль, зараз бібліятэка закрытая. Аднак Рыма Іванаўна клапатліва зберагае сабраны ёй багаты матэрыял па гісторыі вёскі: мясцовыя легенды, прыказкі, апісанне абрадаў, успаміны старажылаў і г.д. 
Аврамов 012.JPG
Так, цікавым з’яўляецца апісанне вясельнага абраду. Раней у вёсцы Старыя Стайкі вяселле ладзілі на вялікія святы: Каляды, Купалле, Пакроў. У пост ніколі, бо лічылася, што гэта вялікі грэх, і маладыя не будуць добра жыць. Сватанне праходзіла ў суботу. Хросны, жаніх і яго бацька ішлі да дзяўчыны з хлебам-соллю і дамаўляліся аб вяселлі. Перад ім ладзілі «дзявічкі»: збіраліся сяброўкі маладой, спявалі песні і рабілі з каляровай паперы кветкі, а потым з гэтых кветак – вялікі букет. Гэты букет рыхтавалі для маладога, ён павінен быў уткнуць яго ў бохан хлеба. У рукі маладой, благаслаўляючы, маці давала ікону. Вось так і ехалі да маладога на конях, упрыгожаных каляровымі стужкамі і кветкамі з каляровай паперы. На дугі абавязкова вешалі званочкі.

З легендаў былых пакаленняў    

З асобай павагай і беражлівасцю ў вёсцы Старыя Стайкі адносяцца да мінулага. Да гэтага часу жыхароў вёскі аб'ядноўвае свята Барыса і Глеба і белакаменная капліца на пагосце. Па словах старасты і былой работніцы мясцовай бібліятэкі-клуба Рымы Арцёменка, пабудавана яна шмат гадоў таму, і ніхто з вяскоўцаў не ведае кім і калі дакладна. Але ёсць некалькі старажытных легенд, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Аврамов 018.JPG
«Па адной з легенд даўным-даўно на лодцы па Дняпру плылі два браты. Былі яны вельмі багатыя і везлі з сабой шмат залатых прылад, – распавядае Рыма Іванаўна. – І вось паміж імі ўзнікла спрэчка. У парыве гневу адзін з братоў забіў другога, якога звалі князь Барыс. Забойца палажыў нябожчыка на беразе, але добрыя людзі пахавалі яго на могілках, а замест крыжа ўзвялі  капліцу». Па другой легендзе па Дняпры плыў купец з сынам Барысам, які захварэў і памёр. Купец даплыў да Старых Стаек, дзе і вырашыў яго пахаваць. У магілу ён палажыў залаты меч і шмат каштоўнасцяў, а замест крыжа пабудаваў капліцу. Па трэцяй легендзе пад капліцай пахаваныя астанкі святых благаверных князёў Барыса і Глеба, прывезеныя сюды па Дняпры. Гэта зусім не адпавядае гістарычнай ісціне. Але менавіта свята, якое штогод адзначаецца ў іх гонар, стала галоўнай мясцовай урачыстасцю. 

Дзень памяці Барыса і Глеба

Адзначаецца свята Барыса і Глеба 6 жніўня і збірае жыхароў не толькі Старых Стаек, але і шматлікіх навакольных вёсак, Шклова, Оршы, Магілёва і іншых гарадоў. У гэты жнівеньскі дзень стараюцца прыехаць на малую радзіму ўраджэнцы вёскі, каб прыняць удзел у святкаванні. Як расказала Рыма Арцёменка, рытуал свята не змяняецца дзесяцігоддзямі. Спачатку праходзіць богаслужэнне каля капліцы. Пасля вернікі па традыцыі накіроўваюцца хрэсным ходам на святую Барысаглебскую крыніцу, дзе служыцца вадасвятны малебен. Жыхары лічаць, што дух Барыса і Глеба засцерагае вёску. Таму да свята рыхтуюцца, як да ніякага іншага. Гаспадыні наводзяць парадак і ўтульнасць як у саміх дамах, так і на дварах, вясковых вуліцах, на крыніцы. А на гулянне апранаюць самае лепшае адзенне.

Святыня Старых Стаек
100 лет розыску 001.JPG
Так вяскоўцы называюць крыніцу Барыса і Глеба. Зараз яна ўяўляе сабой калодзеж. У 2010-х гадах было праведзена добраўпарадкаванне пры дапамозе ААТ «Александрыйскае». Устаноўлены столікі, лаўкі. Раней біла тры ключы, але пасля ўстаноўкі жалезабетонных кольцаў гідралагічны рэжым быў парушаны, адзін ключ прабіўся на беразе ракі. У жыватворнасці вады людзі пераконваліся неаднаразова. А аднойчы крыніца своеасабліва «заявіла» пра сваю неардынарнасць. Калодзеж перыядычна чысцяць. І, па сцвярджэнні старажылаў, рабіць гэта павінна жанчына – удава. Але аднойчы на такую працу напрасілася дзяўчына, як потым высветлілася яна не зусім строгіх паводзін. Яна спрытна і хутка справілася са справай. Але калі на свята Барыса і Глеба людзі, як звычайна, прыйшлі да крыніцы, то калодзеж апынуўся без вады. Перасохла крынічка, адрэагаваўшы такім чынам на невыкананне абраду. А яшчэ старажылы кажуць, што раней на месцы крыніцы стаяла капліца, а ўнутры яе – крыштальны крыж. У перыяд барацьбы з релігійнасцю капліца была разбурана, а крыж згублены. Побач дагэтуль ляжыць вялікі закладны камень.

«Трэба вяртаццца да вытокаў…» 
Аврамов 010.JPG
Адной з тых, хто, нягледзячы на ўзрост, дапамагае прыводзіць у парадак крынічку, з’яўляецца Таццяна Аляксандраўна Бураўцова. Нарадзілася яна ў суседняй вёскі, але потым бацькі пераехалі ў Стайкі. І яна памятае, як яшчэ дзяўчынкай хадзіла з маці на крыніцу, на свята і дапамагала рыхтаваццца да яго. З цеплынёй успамінае Таццяна Аляксандраўна маладосць. «Вёска раней была вялікая, людзей шмат, моладзі, – распавядае Таццяна Бураўцова. – Хадзілі на танцы, якія тады ў дамах ладзілі. Весела было». Асаблівае месца ва ўспамінах жанчыны займаюць гады працы загадчыцай гасцініцы ў Шклове. «У нас быў дружны калектыў, мы былі адной сям’ёй. І зараз па магчымасці сустракаемся з былымі супрацоўнікамі. А яшчэ мне часта сніцца, што працую ў гасцініцы». Акрамя гэтага Таццяна Аляксандраўна Бураўцова два гады была дэпутатам у Шклове. А потым выйшла замуж і паехала ўслед за мужам, які працаваў у Ленінградзе. З тых часоў яна жыве ў Санкт-Пецярбургу, але кожны год з вясны да глыбокай восені знаходзіцца ў бацькоўскім доме ў Стайках. Прыязджае сюды і яе дачка Святлана. Гэта наша роднае, наша радзіма, таму і наведваемся сюды,  – кажаТаццяна Аляксандраўна. – Без мінулага не можа быць будучага. Трэба заўсёды вяртацца да каранёў, да сваіх вытокаў.

Падрыхтавалі Вольга ДАНІЛАВА, Наталля КАЗЕБРОДСКАЯ.