jour
Администратор

Чарнаручча: прыгажосць старажытных паданняў

На паўднёвым захадзе амаль за 20 км ад Шклова знаходзіцца аграгарадок Чарнаручча. Адметны ён не толькі прыгожай прыродай і працавітымі людзьмі. У дадзенага населенага пункта цікавая гісторыя, пра якую мы і раскажам.

Па рукапісных крыніцах Чарнаручча вядома з 17 стагоддзя, калі тут былі два пасяленні – Чарнаручча старое і Чарнаручча новае. У 1737 годзе дзейнічала драўляная царква, у 1798­м пабудавана новая. У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1872­м значная частка вясковых зямель належыла адстаўному генералу­лейтэнанту А.Ігнаціусу. Пры ім у вёсцы былі вадзяны млын, карчма, вялікі сад, бальніца, дзве царкоўна­прыходскія школы, вінакурня. У кастрычніку 1917 года панскі маёнтак быў разгромлены,  у населеным пункце ўсталявана савецкая ўлада. А ў 2009 годзе вёсцы быў нададзены статус аграгарадка.
объекты 072.JPG
У населеным пункце ёсць помнікі археалогіі – гарадзішча ранняга жалезнага века, курганны могільнік эпохі Старажытнай Русі. Праз Чарнаручча працякае  Чорны ручай – левы прыток ракі Чарнаводка – даўжынёй каля 7 км. На поўначы размешчана Чарнаруцкае возера.

На дадзены момант у аграгарадку 106 гаспадарак, 250 жыхароў. Старэйшыя жыхары – Анатолій Лаўрэнцьеў (85 год) і Марыя Савельева (88 год). Маладзейшы жыхар – Багдан Сінгілевіч (24 ліпеня яму споўніўся 1 год). Для пражывання створаны досыць камфортныя ўмовы: ёсць школа, цэнтральнае водазабеспячэнне, філіял банка, пошта, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.

З паходжаннем назвы Чарнаручча звязана прыгожае паданне. Згодна з ім, зайздросным суседзям нашых продкаў не давалі спакою іх працавітасць, шчырасць, дастатак. Таму і даводзілася мясцовым жыхарам абараняць сябе са зброяй у руках.

Аднаго разу мясцовы князь сабраў дружыну  і стаў рыхтавацца да рашаючай бітвы. Пазіцыю для бітвы выбраў удалую: ззаду рос густы дубняк, спераду было адкрытае поле, а побач бег шырокі ручай з чыстай і сцюдзёнай вадой.
Чарнаруцкае возера.jpg
Раніцай войскі праціўнікаў сышліся адно насупраць аднаго, ніхто з праціўнікаў не адважваўся пачаць першым. Тут з варожых радоў вылецеў асілак і прапанаваў памерацца з ім сілай. А тады ў войсках быў такі закон няпісаны: хто ў двубоі пераможа, то таго войска і захоплівае ўсё, а пераможаныя без бою адыходзяць. З княжыцкай дружыны ў баі з ім сышоўся воін са светлым тварам і чыстымі вачыма. Як пачалі біцца, як пачалі сячыся. Спачатку перавагу нельга было нікому аддаць, а потым воін княжацкай дружыны секануў ворага па галаве, той і ўпаў з каня. Так і ўцяклі чужынцы, нічым не пажывіўшыся. А ручай той, на якім бітва­двубой адбывалася, назвалі Чорным. 

Цікавыя звесткі дайшлі да нас з часоў паўстання 1863­1864 гадоў. У ваколіцах Чарнаручча ў гэтыя часы дзейнічаў паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам падпаручыка коннай артылерыі Антона Алеандскага.

Атрад канчаткова быў сфарміраваны 22 красавіка 1863 года ва ўрочышчы Макаравы лес каля вёскі Чарнаручча. Вось як апісваюцца ў дакументах падзеі таго дня: «Паны з розных бакоў, па адной і па дзве падводы, накіроўваліся ў лес да месца, называемага Макаравым кругам. Не даязджаючы да яго, для бяспекі, адпраўлялі людзей назад, а далей ішлі пешшу. На Макаравым кругу палкоўнік Антоній у залатым шытым кундушы вечарам прыняў каманду, праверыў прысутных, і на ноч уся кампанія чалавек да ста адправілася ў фальварак Чарнаручча да памешчыка Макавецкага, дзе была гато­вая вячэра і гаспадар сустрэў іх на ганку з хлебам і соллю».

27 чэрвеня паўстанцы пацярпелі паражэнне ад рэгулярных войск у баю. Хтосьці загінуў на месцы боя, хтосьці быў растраляны. Алеандскі з рэшткамі атрада схаваўся і ў далейшым далучыўся да Сенненскага паўстанцкага атрада.

У 1930 годзе ў Чарнаруччы быў арганізаваны калгас «Чырвоны кастрычнік». Першы старшыня яго Андрэй Цодаў быў забіты ворагамі калгаснага строю ў 1932 годзе. У 1941 годзе ў склад калгаса ўваходзілі 63 гаспадаркі. Мелася  393 га ворнай зямлі, 160 га лугоў, 54 каня, 63 каровы, 27 свіней, 58 авечак, 18 пчаліных сямей. За гады вайны ўцалела толькі 11 коней. У 1959 годзе вёска ўвайшла ў склад калгаса імя Свердлава. У калгасе развівалася раслінаводства і жывёлагадоўля: вырошчвалі збожжа, бульбу, лён, трымалі буйны рагаты скот і свіней. 
Галица 045.JPG
Часы дадзенага калгаса добра памятае адна са старажылаў аграгарадка – Аляксандра Іванькіна. У Чарнаруччы яна жыве з 1973 года, пераехаўшы з вёскі Рубеж. Аляксандра Ільінічна працавала ў калгасе галоўным бухгалтарам, прызнавалася лепшай па прафесіі. «Гэта зараз шмат вылічальнай тэхнікі, – кажа жанчына. – А мы працавалі з адным арыфмометрам». Таксама, па словах жанчыны, раней у вёсцы было непараўнальна больш моладзі. У 1998 годзе Аляксандра Ільінічна выйшла на пенсію, да 70 гадоў трымала гаспадарку, а зараз займаецца агародам і з радасцю сустракае ў гасцях праўнукаў.

У 2003 годзе калгас імя Свердлава быў рэарганізаваны, да яго далучаны саўгас «Радзіма» і ўтворана ЗАТ «Палыкавіцкае».