Год малой радзімы: Ступляны – вёсачка мая
Ад слова «ступа»
Вёска Ступляны вядома з 17-га стагоддзя. На той час яна ўваходзіла ў Чарнаруцкае войтаўства Шклоўскага графства, была шляхецкай уласнасцю. У 1771 годзе ў вёсцы налічвалася 13 двароў, 82 жыхары, а ў 1880 годзе – 36 двароў, 232 жыхары.
Савецкая ўлада тут была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. У 1930-31 гг. арганізаваны калгас «Ленінскі шлях», першым старшынёй якога быў Піліп Сямёнавіч Свірыдаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала падпольная група на чале з афіцэрам Чырвонай Арміі І.В.Кананыхіным. Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, вялі сярод насельніцтва тлумачальную работу. У студзені 1942 года большасць членаў гэтай групы ўлілася ў партызанскі атрад, камандзірам якога прызначылі І.В.Кананыхіна.
Сёння ў Ступлянах пражывае 15 пастаянных жыхароў. Старэйшая жыхарка – Вера Сцяпанаўна Аўдзеенка.
Наконт назвы вёскі Ступляны ёсць такая версія. Мясцовыя жыхары лічаць, што назва іх вёскі паходзіць ад слова «ступа» – прылады для перапрацоўкі зерня ў сялянскім побыце.
«Люблю сваю малую радзіму…»
Апошняе дзіця ў Ступлянах нарадзілася ў 2003 годзе. Гэта была Марыя Белавусава, якая зараз перайшла ў 11 клас Чарнаруцкага ВПК д/с – СШ. У Ступлянах Маша пражыла зусім мала, аднак, нягледячы на гэта, вельмі любіць сваю малую радзіму і пастаянна наведвае бабулю, якая жыве тут. А яшчэ дзяўчына прысвяціла Ступлянам пранікнёны верш.
Іду па сцежцы я знаёмай
І бачу мілы сэрцу кут.
Лясы, палі птушынай песняй
Нас заклікаюць у госці тут.
І рэчка Вабіч дзіўна ўецца
Ля вёскі роднае мае.
Яна Ступлянамі завецца
І вабіць ціха да сябе.
У гэтай вёсачцы чароўнай
Апошняй нарадзілась я.
Апоена прыродай дзіўнай,
Як кветка ў лузе расцвіла.
З бацькамі часта прыязджаю
Да бабулі ў выхадныя дні.
І тут душой адпачываю,
Майго тут сэрца карані!
Ніхто ніколі не згадае,
Якое ж месца заняла
Ў душы маёй зямля святая –
Ступляны – вёсачка мая.
«Як толькі мае бацькі ажаніліся, яны жылі ў бабулі, – расказвае дзяўчына. – Праз некаторы час нам выдзелілі дом у Чарнаруччы, дзе мы зараз жывём. Ужо тут нарадзіўся мой брат. А я так і засталася апошнім дзіцём, нарадзіўшымся ў Ступлянах».У роднай вёсцы для Марыі дарагое і асаблівае ўсё, нават паветра. І, канешне ж, ёсць любімыя мясціны. «Праз бабулін агарод можна выйсці да рэчкі Вабіч, – расказвае яна. – Там мосцік, бачна, як плаваюць маленькія рыбкі і вельмі цікава за імі назіраць. А яшчэ я вельмі люблю ландышавую паляну, дзе вясной стаіць неперадаваемы водар».
У Ступляны Марыя прыязджае не толькі адпачыць, аднак і дапамагчы бабулі, і убачыць родных, якія часта збіраюцца летнімі вечарамі і расказваюць цікавыя гісторыі з жыцця.
«Кожны чалавек павінен прыносіць любую пасільную карысць для малой радзімы, – кажа Марыя Белавусава. – Нават калі гэта будзе проста скошаная каля дома трава. Добраўпарадкаванне родных мясцінаў вельмі важна, каб кожны, хто праязджае міма, спыняўся палюбавацца тым, якая тут прыгожая мясцовасць. І ведаў, якія добрыя людзі тут жывуць».
Марыя пакуль не вызначылася з будучай прафесіяй. Аднак ужо зараз вядома дакладна: кім бы яна не стала, маючы такую пазіцыю, яна вырасла добрым чалавекам.
Багатая на ўнукаў і праўнукаў
Старэйшай жыхарцы Ступлянаў Веры Сцяпанаўне Аўдзеенка – 93 гады. У сваім шаноўным узросце звыклая да працы жанчына не можа ўседзець на месцы. Вось і пад час нашага візіту яна прызналася, што прыйшла ў хату адпачыць пасля агародных спраў.
Жанчына родам з Комсенічаў, у Ступляны выйшла замуж. Выгадавала разам з мужам пяцёра дзяцей. Зараз у бабулі 10 унукаў і 16 праўнукаў, якія не забываюць яе. На зіму яна перабіраецца да дзяцей, а летам не можа без любімай вёскі, стаўшай для яе за 70 год роднай.
У свой час Веры Аўдзеенка давялося перажыць цяжкія гады нямецкага палону. Яна скончыла 7 класаў, калі пачалася вайна. У ваенныя гады фашысты лавілі моладзь і адпраўлялі на прымусовыя работы. Апынулася ў Германіі і Вера Сцяпанаўна разам з сяброўкай. 3 красавіка 1945 года – гэтую дату жанчына запомніла назаўжды – іх вызвалілі савецкія салдаты.