jour
Корреспондент

Ад вясельнага караваю да «бабінай кашы». Аб традыцыях нашых бабуль ішла гутарка ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

У сучасным свеце – свеце глабалізацыі і урбанізацыі, дзе ўсе межы сціраюцца дзякуючы сусветнай павуціне, так важна шанаваць тыя моманты, якія яднаюць нас з векавечным, з нашай спадчынай. 

У часы нашых прадзедаў свет здаваўся маленькім і кожнай важнай падзеі надаваўся сакральны сэнс. І верылася ў тое, што сілы прыроды і сілы продкаў бароняць нас ад нягод…Гэтая вера жыве ў нас на генетычным узроўні. Мы працягваем хоць часткова выконваць традыцыі і абрады нашых бабуль, верым у прыкметы і забабоны, што пацвярджаюць даследванні краязнаўцаў і вучоных. І менавіта аб гэтым ішла гутарка ў канцы снежня ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.

Сябры музея па традыцыі сабраліся на святкаванне Міколы Зімовага, альбо дня памяці Мікалая Цудатворца. Да гэтага свята быў прымеркаваны семінар-практыкум «Этнаграфічная спадчына Шклоўшчыны». Прывітала ўсіх дырэктар музея Ларыса Сілівестрава, а потым лаурэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Дзяніс Сачыўка выканаў цудоўную народную кампазіцыю на балалайцы.

 Ну а затым наступіў самы цікавы і адказны момант. Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў ДНУ «Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі Навук Беларусі» Алена Паўлава паведаміла  цікавую інфармацыю, якую здабыла ў час этнаграфічных экскурсій па Шклоўшчыне.

Музей 071.JPG

«На тэрыторыі Беларусі шмат этнасаў, і ў кожнага свае адрозненні ў абрадавай дзейнасці», – адзначыла Алена Паўлава. А ў сваім выступленні яна засяродзіла ўвагу на беларускай і яўрэйскай абрадавасці. Навуковец падрабязна расказала пра такую традыцыю сямейнай абраднасці ,як «бабіна каша” пасля нараджэння дзіцяці. Вялікую цікавасць у гасцей музея выклікалі прыкметы, звязаныя з цяжарнасцю, якія Алена Паўлава запісала менавіта на Шклоўшчыне, яе расповяд пра тое, як выпякаўся вясельны каравай, і якія прыкметы з ім былі звязаны, пра яе ўражанні ад яўрэйскіх могілак – Бісхайма.

Павлова3.jpg
Ну а на заканчэнне свайго выступлення Алена Паўлава падаравала ўсім сабраўшымся зробленыя сваімі рукамі лялькі-мотанкі, якія, па старадаўняму паверу, валодаюць чарадзейнай моцай і прыносяць шчасце.

Вынікі семінару падвяла старэйшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Гапеева, якая распавяла пра этнаграфічную сенсацыю, якой быў адзначаны адыходзячы год – знаходку старых лапцяў. Ну і цудоўным момантам стала выступленне Мікалая Пунчанкі, які не толькі выканаў уласныя песні, аднак і пазнаёміў прысутных з творчасцю барда-святара Вячаслава Уласенкі.

Меркаванне
Юрый МАХОРЫН, загадчык дома-музея Пятра Алейнікава:

– У нас у Крывялі захавалася шмат старадаўніх традыцый, і сведкай некаторым я быў сам. Так, дзесьці гадоў 10 таму я назіраў абрад «бабінай кашы». Кашу варылі з прасяной крупы, складвалі ў гаршчок, упрыгожвалі разынкамі і чарнаслівам, а потым раскладвалі ўдзельнікам абраду, якія павінны былі за яе заплаціць. Потым пусты гаршчок клалі ў рушнік і кум разбіваў яго аб край стала. Чарапкі раздавалі ўсім прысутным: лічылася, што яны пазбаўляюць ад зубнога болю… Таксама цікавы абрад даўней у нас быў звязаны са святам Пятра і Паўла, калі жанчыны ўпрыгожвалі крыж на ўскрайку вёскі новым рушніком, запрашалі святара на малебен і пасля гэтага расцілалі абрусы і рабілі частаванне. Варта таксама зазначыць, што ў абраднасці нашай вёскі цесна перапляліся праваслаўе і каталіцызм.

Алена ПАЎЛАВА, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

– Падарожнічаючы па Шклоўчыне, я пабывала ў такіх населеных пунктах, як Александрыя, Вялікая Камароўка, Крывель, Баркі і, канешне ж, сам Шклоў. Даведалася шмат цікавага і карыснага для сваёй навуковай працы. Я займаюся вывучэннем яўрэйскай культуры і таму, мяне, канешне, уразіў Бісхайм. Хацелася б выказаць падзяку Ліліі Лазарэнка, якая паведала шмат цікавых традыцый сваёй сям’і, а яе бабуля выканала цікавыя песні на ідзіш. У далейшым я планую новыя экспедыцыі на Шклоўшчыну. Хацелася б паглыбіцца ў вывучэнне беларускай сямейнай абрадавасці.

Павлова1.jpg