jour
Администратор

Уладзiмiр Каранiк: Абмежаванне кантактаў нават на 25% знiжае нагрузку на медыкаў напалову

09:3720.11.2020 Здоровье

Калi Гродзенская вобласць выйдзе на плато па захворваннi, чым другая хваля адрознiваецца ад першай, якiя меры прымаюцца ў рэгiёне па мiнiмiзацыi рызыкi распаўсюджвання iнфекцыi COVID-19, цi абавязковы масачны рэжым — на гэтыя i iншыя пытаннi адказаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камiтэта, а ў недалёкiм мiнулым — мiнiстр аховы здароўя краiны Уладзiмiр Каранiк.

Паводле яго слоў, Гродзенская i Магiлёўская вобласці апошнiя ўвайшлi ў пад'ём захваральнасцi на каранавiрусную iнфекцыю падчас першай хвалi i спынiлiся на больш нiзкiх паказчыках. Мiж тым, тут падчас другой хвалi пад'ём захваральнасцi быў больш раннi i значны. У рэгiёне раней за ўсё пачалi рэгiстраваць рост колькасцi выпадкаў каранавiруснай iнфекцыi.

Зараз iдзе ўжо трэцi тыдзень, i сiтуацыя з паступленнем пацыентаў з пнеўманiямi (а гэта найбольш складаная катэгорыя пацыентаў) стабiлiзавалася. I гэта сведчыць аб тым, што тэмпы росту захваральнасцi знiжаюцца. Калi такая тэндэнцыя захаваецца, можна будзе сказаць, што Гродзенская вобласць выйшла на плато па захваральнасцi на пнеўманiю, выклiканую каранавiрусам.

— Трэба максiмальна скарацiць наведванне масавых мерапрыемстваў i абмежаваць асабiстыя кантакты. Заўважана, што абмежаванне кожным з нас кантактаў нават на 25 % скарачае нагрузку на медыкаў напалову, — падкрэслiў Уладзiмiр Каранiк. — Трэба адзначыць, што самая вялiкая колькасць неабавязковых кантактаў назiраецца ў Мiнску. I ў вынiку палова ўсiх выпадкаў захворвання рэгiструецца ў сталiцы. Гэта расплата за iгнараванне элементарных мер уласнай бяспекi.

Губернатар адзначыў, што рэальная колькасць iнфiцыраваных вышэйшая, чым гэта выяўляецца тэстамi. Бо на цяперашнi момант ёсць бессiмптомныя, скрытыя формы, таму колькасць рэальна iнфiцыраваных i выяўленых — гэта розныя лiчбы. Прагнозы заснаваныя на колькасцi станоўчых тэстаў, але тут ёсць i паўторныя тэсты, i кантрольныя. Стабiльнасць сiтуацыi, адзначыў губернатар, ацэньваецца нават не паводле колькасцi выяўленых станоўчых вынiкаў, а колькасцю складаных форм — пнеўманiямi. Менавiта па гэтых фактарах можна рабiць выснову аб развiццi сiтуацыi з каранавiрусам. Калi колькасць пнеўманiй стабiльная, значыць, працэс iнфiцыравання стабiлiзаваўся.

У рэгiёне вядзецца вельмi дакладны аналiз эпiдэмiчнай сiтуацыi. Напрыклад, цяпер заўважана, што большую частку ў структуры захваральнасцi ў сувязi з рэспiраторнымi i вiруснымi iнфекцыямi складаюць дарослыя, хоць у звычайныя гады сезонныя iнфекцыi больш уплываюць на дзяцей. Калi сярод хворых колькасць дарослых знiжаецца, гэта значыць, сiтуацыя наблiжаецца да сезоннай.

— Мы тры тыднi назiраем стабiлiзацыю рэспiраторных iнфекцый, хоць былi тыднi, калi рост перавышаў 30 %. Таксама стабiлiзуецца колькасць пнеўманiй — рост быў 70 % на тыдзень. I мы бачым, што доля дарослых знiжаецца, — удакладнiў Уладзiмiр Каранiк.

Калi параўноўваць першую i другую хвалi, цяпер працэс аказання дапамогi ўжо наладжаны. Не даводзiцца трацiць час на арганiзацыю вытворчасцi сродкаў аховы, новых каналаў паставак медпрэпартаў. На першым этапе з гэтым былi сур'ёзныя праблемы. За гэты час была мадэрнiзавана сiстэма аховы здароўя, закуплена абсталяванне, у тым лiку дыягнастычнае. Павялiчаны запасы сродкаў аховы i медыкаментаў. Да таго ж з'явiўся i большы вопыт па аказаннi медыцынскай дапамогi «ковiдным» пацыентам.

— У другую хвалю мы больш выкарыстоўваем ложкаў, чым у першую. I гэта менш за палову ўсяго ложкавага фонду. Калi глядзець па апаратах штучнай вентыляцыi лёгкiх, задзейнiчана крыху больш за 10 % такога абсталявання. Функцыянуе пяць лабараторый па тэсцiраваннi метадам ПЛР, тры з iх у Гродне i па адной у лiдскай i астравецкай ЦРБ. Магчыма, будзе задзейнiчана i лабараторыя медыцынскага ўнiверсiтэта. Плануецца адкрыццё ПЛР-лабараторыi ў Ваўкавыску, — паведамiў гродзенскi губернатар.

Уладзiмiр Каранiк не абышоў i пытанне паводзiн самiх грамадзян. Калi ў першую хвалю прысутнiчаў страх, зараз многiя расслабiлiся, не захоўваюць дыстанцыю, меры бяспекi. Таму прынята пастанова ўвесцi ва ўсiх раёнах i Гродне абавязковы масачны рэжым. I гэта дзейнiчае. Трэба разумець, што маска — гэта, у першую чаргу, засцярога ад знешняга ўздзеяння. Асаблiва тых, хто не мае сiмптомаў, але можа заразiць.

— Хоць сiстэма аховы здароўя працуе ў поўным аб'еме, разам з тым кожнаму трэба паклапацiцца аб сваiм здароўi, — лiчыць суразмоўнiк. — Бо толькi сумеснымi намаганнямi можна змяніць сiтуацыю i выйсцi на яе паляпшэнне з захворваннем. На сённяшнi дзень назiраецца яшчэ i сезонны пад'ём.

Па словах Уладзiмiра Каранiка, вакцыны, якая цалкам прайшла б клiнiчныя выпрабаваннi, пакуль няма. Ёсць некалькi вакцын, што праходзяць трэцюю фазу клiнiчных выпрабаванняў. Для таго каб сказаць, што такая вакцына з'явiлася, трэба пераканацца, што яна бяспечная. Але калi ўлiчваць, колькi ўвагi надаецца гэтаму пытанню, магчыма, адказ на яго будзе атрыманы на працягу года або паўтара. Увогуле, спецыялiсты лiчаць, што вiрус з цягам часу нiкуды не дзенецца, а проста будзе страчваць пандэмiчныя ўласцiвасцi i ператворыцца ў сезонны. Гаворачы пра тое, калi скончыцца пандэмiя, Уладзiмiр Каранiк называе вясну 2021 года.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Звязда