Вуліца Калгасная будзе перайменавана ў вуліцу 70 год Вялікай Перамогі

У суботу, 25 красавіка, адбыліся пасяджэнне райвыканкама і сесія раённага Савета дэпутатаў. У іх рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці, прэзідыум раённага Савета ветэранаў, актывісты РК ГА “БРСМ”. Асноўнай тэмай парадку дня быў разгляд пытання аб перайменаванні вуліцы горада Шклова.

Вуліца Калгасная будзе перайменавана ў вуліцу 70 год Вялікай Перамогі
Як вядома, на працягу месяца праходзіла грамадскае абмеркаванне, якое датычылася перайменавання вуліцы Калгаснай, пад час якога кожны жыхар раёна мог выказаць сваё меркаванне.

колхозная1.jpg
Старшыня райвыканкама Аляксандр Бойка паведаміў прысутным, што ў сувязі з набліжэннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў райвыканкам паступіла прапанова ад грамадскасці і моладзі аб увекавечванні гэтай знамянальнай даты шляхам перайменавання вуліцы Калгаснай у вуліцу 70 год Перамогі. І яе мясцовая ўлада не магла не разгледзець, тым больш, што ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на вялікі жаль, застаецца ўсё менш і менш. Аднак прыняць станоўчае рашэнне па гэтаму пытанню без згоды людзей нельга было, таму на працягу месяца праходзіла грамадскае абмеркаванне і сустрэчы з жыхарамі вуліцы Калгаснай.

З яго вынікамі прысутных азнаёміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Артамонаў. Ён адзначыў, што прапанова моладзі і грамадскасці нашага раёна аб перайменаванні вуліцы Калгаснай у г.Шклове ў вуліцу 70 год Перамогі была падтрымана на сумесным пасяджэнні Грамадскага савета пры Шклоўскім райвыканкаме і прэзідыума раённага Савета ветэранаў. Акрамя таго, паводле слоў Сяргея Уладзіміравіча, актывам БРСМ было праведзена апытанне жыхароў горада Шклова, у тым ліку і жыхароў вуліцы Калгаснай, аб яе перайменаванні. Неабходна адзначыць, што жыхары горада і раёна актыўна ўключыліся ў абмеркаванне дадзенага пытання праз раённыя СМІ, афіцыйны сайт Шклоўскага райвыканкама. У аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама паступалі пісьмовыя і вусныя меркаванні грамадзян. Таксама былі праведзены сходы з жыхарамі вуліцы Калгаснай па перайменаванні вуліцы. У выніку свае меркаванні па гэтаму пытанню выказалі звыш 860 жыхароў Шклоўшчыны: 81% – «за», 10% – «супраць» і 9 % – устрымаліся. Больш таго, яны прапанавалі ў назве «70 год Перамогі» дадаць слова «Вялікай» і ў выніку чытаць «70 год Вялікай Перамогі». Былі таксама прапановы па перайменаванні вуліцы Калгаснай ў вуліцу Вялікай Перамогі, перайменаваць іншыя вуліцы горада. Асноўныя перасцярогі жыхароў тычыліся пераафармлення дакументацыі. Праз раённыя СМІ даваліся па гэтым пытанні тлумачэнні. Як падкрэсліў Сяргей Артамонаў, нарматыўнымі дакументамі райвыканкама прыняты дадатковыя меры па мінімізацыі пытанняў па пераафармленні дакументаў.

У сувязі з дадзенай інфармацыяй члены выканкама прынялі рашэнне і выйшлі з хадайніцтвам да сесіі раённага Савета дэпутатаў па перайменаванні вуліцы Калгаснай у вуліцу 70 год Вялікай Перамогі.

Старшыня раённага Савета ветэранаў Віктар Гапееў таксама хадайнічаў аб перайменаванні вуліцы Калгаснай ў вуліцу 70 год Вялікай Перамогі дзеля ўшанавання памяці аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Грамадскага савета Аксана Дарагонька папрасіла падтрымаць прапанову Віктара Гапеева, бо дата 70-годдзя Вялікай Перамогі павінна быць ўвекавечана ў г.Шклове. Як адзначыла Аксана Анатольеўна, Грамадскі савет праводзіў сустрэчы з працоўнымі калектывамі арганізацый горада, якія станоўча выказаліся за перайменаванне вуліцы. У сувязі з гэтым на праведзеным пасяджэнні Грамадскага савета дадзеная прапанова была падтрымана.

***

У гэты ж дзень пад старшынствам Аляксандра Давыдовіча адбылася 13-я сесія раённага Савета дэпутатаў. Заслухаўшы ўсю інфармацыю, дэпутаты райсавета, кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 лiстапада 2010 года «Аб назвах геаграфічных аб'ектаў», аднагалосна прагаласавалі за перайменаванне вуліцы Калгаснай у вуліцу 70 год Вялікай Перамогі.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Бойка падзякаваў дэпутатаў, ветэранаў і грамадскасць за актыўны ўдзел у такім важным для шклаўчан пытанні. Як адзначыў кіраўнік раёна, у даніну павагі да мінулай эпохі і людзей, якія дзесяцігоддзямі жылі на Калгаснай, перайменаванне вуліцы адбудзецца 9 мая ва ўрачыстай абстаноўцы. Вулічныя шыльды з ранейшай назвай будуць адначасова зняты па ўсёй вуліцы і афіцыйна перададзены ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

Усяго на сесіі раённага Савета дэпутатаў было разгледжана пяць пытанняў парадку дня.

Павел САВЕЛЬЕЎ.

Фота аўтара.

Возврат к списку

Актуальные новости