jour
Администратор

Хвілінка прафарыентацыі прайшла ў Забродскай СШ

Прафарыентацыя – гэта сістэма вучэбна-пазнавальных мерапрыемстваў, якія забяспечваюць падрыхтоўку моладзі да свядомага выбару прафесіі. Пры правядзенні прафарыентацыйнай работы ў школе мы садзейнічаем хуткаму і паспяховаму працэсу адаптацыі выпускнікоў да дарослага жыцця. На жаль, шматгадовыя сацыялагічныя даследаванні Рэспубліканскага цэнтра прафесійнай арыентацыі моладзі паказваюць невялікі працэнт уплыву школы на працэс прафесійнага самавызначэння вучняў. А між тым настаўнік павінен выкарыстоўваць кожную хвілінку і кожную магчымасць, каб аказаць дапамогу маладому чалавеку ў гэтым. 

З дадзенай мэтай  на мерапрыемства для вучняў 8-11 класаў «Ганаруся сваімі славутымі землякамі» ў межах інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» мы запрасілі выпускнікоў нашай школы – Дар’ю Шыматкову і Андрэя Пятрова. 

Забродье.jpg

Даша – студэнтка 4 курса факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А. Куляшова. Яна расказала, што прафесію выбрала свядома, з дзяцінства марыла стаць настаўнікам, а настаўнік хіміі і біялогіі Ірына Пятроўна Кадушкіна прывіла любоў да сваіх прадметаў. Зараз Даша сумяшчае вучобу ва ўніверсітэце і працу настаўніка хіміі і біялогіі ў гімназіі г. Шклова. За актыўную грамадскую дзейнасць і выдатную вучобу яна стала ўдзельніцай I Венскага балю, які праходзіў 27 снежня 2019 г. у Палацы Незалежнасці. Яна адчула сябе Наташай Растовай, гераіняй рамана Льва Талстога «Вайна і мір». Усё было так прыгожа і шыкоўна! 

Забродье2.jpg

Андрэй Пятроў – студэнт 4 курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ён падкрэсліў, што канчаткова вызначылі яго выбар – стаць ваенным – урокі выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Васільевіча Салаўёва. Таксама Андрэй паведаміў, што вучыцца і ўдзельнічаць у студэнцкіх конкурсах вельмі цікава.

Забродье3.jpg

Педагог-прафесіянал – гэта чалавек, які зацікаўлены лёсам вучня. Ён ніколі не дазволіць сабе сказаць, што ў вучня ёсць праблема, якая яго не цікавіць, тым больш такая сацыяльна значная, як выбар прафесіі!

Рыта МІШЫНА, класны кіраўнік 9 класа ДУА «Забродская сярэдняя школа Шклоўскага раёна»