jour
Корреспондент

Вучаніца Забродскай СШ: "Алімпіяда па роднай мове дала мне магчымасць пераканацца ў яе багацці, непаўторнасці, мілагучнасці"

Штогод напрыканцы лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята накіраванае на тое, каб заахвоціць моўную разнастайнасць, падтрымаць нацыянальныя культуры, а таксама дапамагчы кожнаму чалавеку ўсвядоміць, што родная мова, мова дзядоў і прадзедаў, самая лепшая і самая прыгожая.

Ну а для нас гэта нагода расказаць пра дзяўчыну, якая не толькі добра ведае беларускую мову, але і кожны год прымае ўдзел у алімпіядным руху.  Гэта вучаніца 10 класа Забродскай СШ Кацярына Падабаева, якая ў гэтым годзе стала ўладальніцай Дыплома 3 ступені на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Галіна Мікалаеўна Барсукова выхавала шмат алімпіядніц. Аднак Кацярыну лічыць асаблівай. «Яна не падобная да папярэдніх дзяўчатак, – расказвае настаўніца. – Хуткая, няўрымслівая,эмацыянальная, але  і ў той жа час мэтанакіраваная і настойлівая. Рыхтуючыся да алімпіяды, Кацярына цэлымі гадзінамі сядзела з падручнікамі, а слоўнікі і розныя дапаможнікі   сталі яе настольнымі кнігамі. Ужо з пятага класа мы з Кацяй  пачалі сур’ёзна  займацца беларускай мовай і літаратурай. Дзяўчынка кожны год была пераможцай. А ў дзявятым класе ўдзельнічала на абласной алімпіядзе і заваявала  Дыплом 3 ступені .Сёлета  мы стараліся выступіць  не горш, чым у мінулым годзе. Вельмі рады, што ў нас зноў перамога». 

А вось як расказвае пра ўдзел у алімпіядзе сама Кацярына: «Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры – гэта спаборніцтва, якое дало мне магчымасць не толькі адчуць прыгажосць нашай мовы, але і пераканацца ў яе багацці, непаўторнасці, незвычайнай мілагучнасці. Падрыхтоўка да яе вялася падчас урокаў, на факультатыўных і стымулюючых занятках, а таксама на зімовых канікулах. Прыйшлося і самой праштудзіраваць шмат падручнікаў і дапаможнікаў, слоўнікаў па беларускай мове і літаратуры. Два тыдні перад алімпіядай былі распісаны літаральна па гадзінах. За гэты час неабходна было паўтарыць усе тэмы з 5 па 10 клас, сістэматызаваць веды, а штосьці давесці проста да аўтаматызму.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяды мы з Галінай Мікалаеўнай спачатку стварылі базу з вучэбнага матэрыялу: больш глыбока паўтарылі курс беларускай мовы і літаратуры.  Тут я звярнулася не толькі да слоўнікаў, энцыклапедычных і ўніверсітэцкіх дапаможнікаў, але і да электронных адукацыйных рэсурсаў, QR-кодаў.

Алімпіяда вучыць не проста мове і літаратуры. Яна вучыць, як сябе правільна паводзіць у экстрэмальнай сітуацыі, быць мабільным. Алімпіяда зацягвае і вымушае рухацца далей».

Водгук на лірычны абразок Змітрака Бядулі «Чакайце сваіх...» і комплексная работа па мове і літаратуры – вось тыя два конкурсы, з якімі Кацярына справілася паспяхова. А дадому яна прывезла не толькі Дыплом, але і шмат прыемных уражанняў, а таксама знаёмствы з новымі  сяброўкамі.

У вольны час Каця любіць фатаграфаваць прыроду роднага краю, гуляць у шашкі і шахматы з малодшым братам Данікам і, канешне ж, чытаць. Яе любімы твор – аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Словы гэтага ж пісьменніка сталі жыццёвым правілам Кацярыны: «Хто забыў сваіх продкаў — сябе згубіў, хто забыў сваю мову — усё згубіў». 

Галіна Мікалаеўна Барсукова ганарыцца не толькі высокім дасягненнем сваёй вучаніцы, але і тым, што ў гэтым годзе на базе Забродскай СШ дзейнічае Рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы да алімпіяды, заняткі ў якім праходзяць кожную суботу. І настаўніца спадзяецца, што ў наступным годзе абласных дыпломаў у навучэнцаў нашага раёна па беларускай мове і літаратуры будзе значна больш. 

Плыві, плыві, ладдзя алімпіяды,
Пад ветразямі ведаў праз гады.
Няхай навукі вабяць далягляды
Таленавітых, творчых, маладых!

Гэты радочкі з гімна  алімпіяды на словы Алены Руцкай  натхняюць Кацярыну Падабаеву і дапамагаюць  дасягаць сваёй мэты.