jour
Администратор

«Сэрцам роднага слова краніся». Тыдзень роднай мовы прайшоў у Забродскай СШ

Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легенд, паданняў. 3 роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, выпраўляючыся ў далёкія вандраванні. Мова — душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. I сёння гонар і абавязак усіх нас — шанаваць родную мову, размаўляць на ёй, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

У Забродскай сярэдняй школе з 15.02 па 19.02 праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. На першым паверсе была арганізавана выстава “Сэрцам роднага слова краніся”. Дэвізам Тыдня былі словы Яўгеніі Янішчыц: “ Нашу я любоў да цябе вялікую ў сэрцы сваім маленькім ”.

У першы дзень Тыдня, 15 лютага, праводзілася акцыя “ З любоўю да роднай мовы”.Сімвалам акцыі стала сардэчка. Вучаніцы 9 класа Аліна Сляпцова і Ульяна Выдрова бралі інтэрв’ю не толькі ў вучняў школы , але і ў настаўнікаў: Рыты Іванаўны Мішынай, Святланы Вітольдаўны Салаўёвай, Аляксандры Юр’еўны Давідовіч. ”Беларуская мова, – сцвярджалі і настаўнікі, і вучні, - гэта наш духоўны скарб народа, наша нацыянальная спадчына. Словы роднай мовы – бясцэнны падарунак. Згубіўшы хоць адно такое слова, чалавек нешта страчвае ў сваёй душы, губляе крыху сваёй дабрыні, справядлівасці, кемлівасці. Мова матчына павінна жыць у сэрцы і ў душы кожнага беларуса. Бо беларуская мова—гэта мова нашага народа, нашай краіны”.

У аўторак ,16 лютага, вучні 6 класа прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Залацінкі народнай мудрасці”. Рабяты з захапленнем выконвалі заданні на камп’ютарах, прыгадвалі вывучаныя на ўроках мовы і літаратуры прыказкі пра Радзіму, слова, навуку, сяброўства, розум. Лепшымі знаўцамі прыказак сталі Кацярына Вашчэліна, Васіліса Макарэвіч і Дар’я Міхайлава. Ва ўсіх турах дзяўчынкі набралі найбольшую колькасць балаў і атрымалі медалі “Лепшаму знаўцу роднай мовы”. Спадзяюся, што шасцікласнікі будуць актыўна выкарыстоўваць прыказкі не толькі на ўроках мовы і літаратуры, але і ў сваім жыцці, бо гэтыя кароценькія павучанні дапамаюць чалавеку з найбольшай выразнасцю выказаць свае думкі, а маўленне зрабіць больш вобразным і маляўнічым.

У гэты ж дзень дзяўчаткі творчай групы “Беларусачкі” Аляксандра Шэлягава і Дар’я Давідовіч прэзентавалі свой праект “ Гучы, роднае слова!” Напярэдадні Тыдня роднай мовы вучаніцы атрымалі заданне: падабраць як мага больш эпітэтаў і параўнанняў да паняцця ”Роднае слова”. Якое ж яно, наша роднае слова? Пачытаем , як адказалі на гэта пытанне нашы даследчыкі: “ Наша роднае слова прыгожае, як кветачка, ласкавае, як каласок, пералівістае, як каменьчык, яркае, як сонейка, звонкае, як песня, светлае, як маланка, мілае, як мама, зіхоткае, як зорачка, празрыстае, як крынічка, ціхае, як калыханка, пявучае, як салавей, вясёлкавае, як ручай, пяшчотнае, як дзіця , роднае, як дом, цёплае, як агеньчык, чароўнае, як казка, дарагое, як Радзіма, вечнае, як Беларусь”. Дзеці яшчэ раз упэўніліся ў тым, што роднае слова ззяе тысячамі самацветаў, лаканічнымі іскрынкамі ўсіх колераў і адценняў.

У сераду , 17 лютага, вучні 5-8 класаў пісалі адзіны дыктант “Роднае слова”. Рабяты вельмі сур’ёзна і адказна аднесліся да напісання: кожнаму хацелася атрымаць па роднай мове самыя высокія балы. Мары многіх вучняў здзейсніліся: дзясяткі атрымалі Кацярына Вашчэліна (6 клас), Дзіяна Кашко (5 клас) , дзявяткі —  Аліна Банько (8 клас), Дар’я Давідовіч (7 клас).

Вучні 6 класа прынялі ўдзел у конкурсе на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў пра Радзіму ”Беларусь—мая калыска” . Рабяты яшчэ раз пераканаліся ў тым , што няма ў беларускай літаратуры паэтаў, якія б ні прысвяцілі шчырых і пранікнёных радочкаў сваёй Радзіме. Пераможцамі конкурсу сталі Кацярына Вашчэліна (верш Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”) і Дар’я Міхайлава (верш Паўлюка Труса “Падаюць сняжынккі”). Гэтыя ж дзяўчынкі прынялі ўдзел у раённым конкурсе “Шлях да поспеху”.

Яшчэ ў гэты дзень Алена Віктараўна Анісімава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, правяла з вучнямі 3-5 класаў інтэрактыўную гульню “Кола загадак” . Вучні з вялікай цікавасцю адгадвалі загадкі з розных тэматычных груп: “Кветкі”, “Гародніна”, “Жывёлы”, “Прафесіі”, “З’явы прыроды”. На дадзеным мерапрыемстве рабяты паказалі сябе не толькі добрымі знаўцамі роднага слова, але і праявілі кемлівасць, знаходлівасць і дапытлівасць.

У чацвер у рамках Адзінага дня патрыёта была праведзена алімпіяда “Падарожжа па Краіне беларускай мовы”, у якой прынялі ўдзел вучні 3-11 класаў. Сабралася ажно 19 вучняў, сапраўдных патрыётаў, якія не толькі любяць родную мов, але і добра яе ведаюць. Усе заданні былі ўзяты з алімпіяд, якія праходзілі ў мінулым годзе. Удзельнікам такія творчыя заданні спадабаліся. Вынікі алімпіяды парадавалі не толькі саміх вучняў, але і настаўнікаў роднай мовы . Васьмёра вучняў атрымалі дыпломы першай ступені, шасцёра –-другой ступені, пяцёра –трэцяй ступені.Уладальнікі дыпломаў 1 ступені— гэта нашы “зорачкі”: Кацярына Падабаева ( 10 клас), Аліна Банько (8 клас), Кацярына Вашчэліна ( 6 клас), Дзіяна Кашко (5 клас). Радуе і тое, што вучні пачатковых класаў Мікалай Кірэеў (3 клас), Паліна Сцяпанчыкава (3 клас) (настаўніца Н.У. Габрусева), а таксама Ганна Прохарава (4 клас) (настаўніца Т.В. Бакачова) паказалі добрыя веды па беларускай мове і таксама атрымалі дыпломы 1 ступені. Спадзяюся , што дадзеныя вучні будуць прадстаўляць сваю школу на раённай алімпіядзе, якая пройдзе ў сакавіку.

У пятніцу вучні 7 і 8 класаў сталі ўдзельнікамі квэст-гульні “З родным словам па жыцці”, якую арганізавала і правяла А.В. Анісімава. Былі створаны 3 каманды: ”Валошкі”, “Каласкі”, “Званочкі”. Кожная каманда атрымала свой маршрутны ліст. На кожным прыпынку маршруту каманды выконвалі прапанаваныя заданні і атрымлівалі за гэта балы, якія заносіліся мадэратарамі ў маршрутныя лісты і замацоўваўваліся подпісамі. Гульцам патрэбна было хутка і правільна выканаць заданні на наступных прыпынках: “Папацей, грамацей”, “Знаўцы беларускага фальклору”, “Веру –не веру ”, ”Прадоўжы твор”. Перамагла каманда “Званочкі”, якая набрала 36,5 балаў.

У гэты ж дзень Аляксандра Давідовіч, настаўніца музыкі, праводзіла музычныя перапынкі “Беларуская мова—мелодыя сэрца”. Гучалі любімыя беларускія песні нашых вучняў і настаўнікаў. Вясёлыя, мілагучныя і прыгожыя беларускія песні стварылі добры настрой, напоўнілі нашы сэрцы хараством і шчырасцю .

Закрыццё Тыдня роднай мовы і літаратуры праводзілася на агульнашкольнай лінейцы. Рабяты, якія прымалі актыўны ўдзел ў розных мерапрыемствах і сталі пераможцамі, былі ўзнагароджаны дыпломамі і пахвальнымі лістамі.

Мне хочацца падзякаваць усім, хто прымаў удзел і дапамагаў у арганізацыі мерапрыемстваў на працягу тыдня. Такія прадметныя тыдні трэба ў школе праводзіць кожны год, таму што яны абуджаюць цікавасць да роднай мовы і літаратуры , срыяюць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў, выхоўваюць пачуццё гонару за сваю краіну, за свой народ.

І хочацца верыць, што вучні і настаўнікі, якія душой і сэрцам дакрануліся да роднай мовы , заўсёды з любоўю і гонарам будуць размаўляць па-беларуску.

У Беларусі 2021 год—гэта год народнага адзінства. А менавіта мова—гэта тое, што яднае наш народ. Хочацца звярнуцца да нашай моладзі Шклоўшчыны словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму - на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не згубіш свайго нацыянальнага багацця. А скарб нацыянальны - гэта родная мова”.

Галіна БАРСУКОВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання гуманітарнага цыкла.

Вучні аб роднай мове:
Кацярына Падабаева, 10 клас:
- Беларуская мова- гэта наша родная мова , гэта наша спадчына, гэта мова Купалы і Коласа, Багдановіча і Караткевіча, Шамякіна і Мележа. Я алімпіядніца. Сур’ёзна я стала займацца вывучэннем беларускай мовы і літаратуры ўжо з 5 класа. З задавальненнем удзельнічаю ў школьных, раённых і абласных алімпіядах , маю дыпломы 1, 2 і 3 ступеняў. Шкада , што на вывучэнне беларускай мовы ў 10 і 11 класах выдзелена праграмай толькі адзін урок. А яшчэ я люблю беларускую літаратуру. Любімы мой пісьменнік – Уладзімір Караткевіч, любімы твор – дэтэктыўная аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”. Менавіта Караткевіч нас, маладое пакаленне, папярэджваў: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе згубіў, а хто забыў сваю мову – усё згубіў”.Я не хачу згубіць сваю мову. Таму размаўляю на ёй без прымусу, з радасцю і задавальненнем. І лічу, што мова родна-мова модна.

Лізавета ІАВЕЦ, 10 клас:
Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Яна самая прыгожая і самая багатая ў свеце. А па сваёй мілагучнасці займае 2 месца ў свеце пасля італьянскай. Заняткі Галіна Мікалаеўна звычайна пачынае з выказванняў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пра мову. І адразу трапляеш у палон незвычайнай прыгажосці роднай мовы .Я наведваю факультатыў па беларускай мове і ўжо вызначылася, што здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне буду толькі па роднай мове, бо яна мне бліжэй і радней. Лічу, што сваю роднаю мову павінен ведаць кожны беларус. 

Кацярына ВАШЧЭЛІНА, 6 клас:
Беларускай мова мне вельмі падабаецца. Я прымаю актыўны ўдзел у розных творчых конкурсах. Зусім нядаўна ўдзельнічала ў конкурсе чытальнікаў “Шлях да поспеху”. Я чытала верш майго любімага паэта Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
Рыхтуюсяся да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, якая пройдзе ў сакавіку, наведваю факультатыў па беларускай мове “Сакрэты словазмянення і фомаўтварэння”. Каб раскрыць гэтыя сакрэты, нам патрэбны добрыя веды. Да роднай мовы адношуся з любоўю і нашу гэту любоў у сваім сэрцы. Ганаруся, што нарадзілася ў Беларусі і размаўляю на беларускай мове, на мове маіх бацькоў і продкаў.