jour
Администратор

На вясновых канікулах вучні Александрыйскай школы працягвалі вывучаць творчасць паэта Яўгена Крупенькі

Канікулы – гэта час пазнаваць новае ўдалечыні ад школьных парт, каб ужо ў сцянах школы падзяліцца эмоцыямі і ўражаннямі з аднакласнікамі. Час, каб захапіць дзіцяці новымі інтарэсамі і паспець усё тое, што недаступна ў школьныя будні. 

З улікам таго, што ДУА “Александрыйская сярэдняя школа Шклоўскага раёна” рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турысцка-краязнаўчых медыяпадарожжаў” і адным з накірункаў у гэтай працы з’яўляецца зварот да творчасці паэта-земляка Яўгена Крупенькі, падчас вясенніх канікул вучні разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Пятроўскай Е.А. і настаўніцай рускай мовы і літаратуры Лазарэвіч Г.А. наведалі ДУА “Фашчаўскі ВПК д/с - СШ Шклоўскага раёна”, дзе калісьці вучыўся пясняр Шклоўскай зямлі.

У нямалай колькасці экспанатаў музея Фашчаўскай школы вучні з цікавасцю разглядвалі стэнд, прысвечаны знакамітым выпускнікам, сярод якіх найбольшую ўвагу выклікаў партрэт Яўгена Крупенькі, што ў сваёй творчасці ўслаўляў малую радзіму. Экскурсію праводзіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Янчыленка Наталля Аляксандраўна, якая паведаміла гасцям аб жыцці і творчасці таленавітага выпускніка. Таксама ўвазе вучняў былі прапанаваны зборнікі вершаў паэта, фотаздымкі адкрыцця мемарыяльнай дошкі на яго хаце ў в.Саськаўка.

Затаіўшы дыханне, аматары творчасці паэта Шклоўшчыны ўважліва слухалі паведамленне і задавалі пытанні.
Сабраны матэрыял стане папаўненнем інфармацыйных рубрык у віртуальным кабінеце паэта, створаным у межах інавацыйнага праекта. 

Такім чынам, і на вясновых канікулах вучні Александрыйскай школы працягвалі вывучаць творчасць паэта Яўгена Крупенькі.

Галіна Лазарэвіч,
настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Александрыйская СШ Шклоўскага раёна»