Песнярам зямлі беларускай быў прысвечаны Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Забродскай школе
Купала і Колас, вы нас гадавалі!
Вы звалі на волю з цямноты, з прымусу,
Каб горда насілі імя беларуса...
Пятрусь Броўка.
У далёкім 1882 годзе нарадзіліся ў Беларусі два вялікія песняры беларускага народа, класікі нацыянальнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. Іх імёны вядомы кожнаму беларусу. Без Купалы і Коласа нельга ўявіць нашу літаратуру і культуру. Гэтыя пісьменнікі пранеслі праз усё жыццё высокія ідэалы гуманізму, дабра і справядлівасці, аддалі народу свой талент, душу і сэрца. Сёлета наша краіна будзе адзначаць 140- годдзе з дня нараджэння вялікіх песняроў .
Гэтай падзеі і быў прысвечаны Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Песняры зямлі беларускай”, які прайшоў у дяржаўнай установе адукацыі “Забродская сярэдняя школа” з 21 па 25 лютага.
У панядзелак ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры і ў школьнай бібліятэцы былі арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы “ Песняры зямлі беларускай”, “ Янка Купала і Якуб Колас: сімвал і гонар нацыі, “ Купала і Колас, вы нас гадавалі”, дзе размясціліся зборнікі Янкі Купалы і Якуба Коласа, фотаальбомы і кнігі, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях класікаў. Гэтыя выставы на працягу тыдня папаўняліся ўсё новымі і новымі кнігамі, якія вучні прыносілі з Любініцкай і Славенскай сельскіх бібліятэк.
У Дзень роднай мовы, 21 лютага, вучаніцы 7 класа з творчай групы “Купалінка” (Кацярына Вашчэліна, Дар’я Міхайлава, Васіліса Макарэвіч і Дар’я Петэрманэ) правялі акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску”. Для вучняў 1-3 класаў былі арганізаваны пазнавальныя гульні “Падабайкі роднай мове”. Дзеці з задавальненнем перакладалі з рускай мовы на беларускую словы розных тэматычных груп: “Адзенне”, ”Школьныя прыналежнасці”, “Кветкі”, “Ягады”, “Гародніна”, “Посуд”. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі флаеры на беларускай мове і цукеркі.
Вучні 4 класа прынялі ўдзел у гульні “Залацінкі народнай мудрасці”. Яны з захапленнем прыгадвалі прыказкі пра Радзіму, слова, сяброўства, розум. Лепшымі знаўцамі прыказак сталі Мікалай Кірэеў, Анастасія Хрытанькова, Ілья Берыдзэ. Спадзяёмся, што вучні і далей будуць актыўна выкарыстоўваць прыказкі не толькі на ўроках, але і ў сваім жыцці.
На працягу ўсяго дня ў школе дзеці стараліся размаўляць па-беларуску. А словы “добры дзень”, “добрай раніцы”, “дзякуй”, “калі ласка” сталі самымі любімымі.
У гэты ж дзень Кацярына Вашчэліна і Дар’я Міхайлава павіншавалі настаўнікаў з Днём роднай мовы і падарылі на памяць паштоўкі. Дык якая ж яна, наша родная мова? “Беларуская мова, – казалі настаўнікі ,-- гэта наш духоўны скарб , наша нацыянальная спадчына. Словы роднай мовы – бясцэнны падарунак. Згубіўшы хоць адно такое слова, чалавек нешта страчвае ў сваёй душы, губляе крыху сваёй дабрыні, справядлівасці, кемлівасці. Мова матчына павінна жыць у сэрцы і ў душы кожнага беларуса. Бо беларуская мова—гэта мова нашага народа, нашай краіны”.
Незвычайнай і захапляльнай для вучняў стала акцыя “Купалаўскі дыктант” . Паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова вырашылі вучні 7-9 класа. На выдатна напісалі дыктант Кацярына Вашчэліна (7 клас) , Дар’я Давідовіч (8 клас), Аліна Банько (9клас) . Дзяўчаты атрымалі не толькі дзявяткі па роднай мове, але і памятныя падарункі.
У аўторак вучняў школы чакала віртуальная экскурсія “Пуцявінамі Коласа і гасцінцам Купалы”, квэст-гульня “Беларуская скарбонка” (5-6 класы), а таксама Акцыя “Чытаем Купалу і Коласа разам”. Рабяты на ўроках мовы і літаратуры з задавальненнем чыталі вершы беларускіх класікаў, глядзелі прэзентацыы і буктрэйлеры да твораў паэтаў, слухалі песні на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа .
Для вучняў 7 класа была арганізавана гульня-конкурс “І сёння з намі Купала і Колас” . Спаборнічалі дзве каманды “Купалінка” і “Каласок” . Гульня складалася з наступных тураў: “Дзяцінства і юнацтва Янкі Купалы і Якуба Коласа” , “Цікавыя факты з жыцця паэтаў”, “Пазнай творы і герояў” “Ушанаванне памяці песняроў” , “Творы класікаў у музыцы” . У час рэкламнай паўзы ўдзельнікі праводзілі прэзентацыю кнігі любімага паэта. Рабяты абедзвюх каманд паказалі добрыя веды па жыцці і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Але пераможцай стала каманда “Купалінка”, якая набрала большую колькасць балаў і атрымала дыпломы першай ступені.
Далучыцца да творчасці песняроў беларускага слова дапамаглі мерапрыемствы чацвёртага дня Тыдня. Навучэнцы 10 і 11 класаў сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных віктарын “Мне сняцца сны аб Беларусі” і “Сэрца пакідаю вам” . Рабяты не толькі аднавілі свае веды аб жыцці і творчасці класікаў Беларусі , але і даведаліся пра цікавыя факты з жыцця песняроў.
Захапляльнае падарожжа “Сцежкамі Янкі Купалы і Якуба Коласа” для дзяцей малодшых класаў падрыхтавалі і правялі вучні 10 класа Выдрова Ульяна і Цямрук Мацвей . Яны расказалі цікавую інфармацыю пра сям’ю, дзяцінства і юнацтва паэтаў, іх захапленні, пра гарады і вёскі , дзе паэты жылі, вучыліся і працавалі. Напрыканцы падарожжа дзеці разгадвалі крыжаванкі і шарады- загадкі ад Янкі Купалы, прачыталі любімыя вершы пааэтаў: “Хлопчык і лётчык”, “Алеся”, “Юрачка”, “На рэчцы зімою” , “Раніца вясною” і інш.
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры , які быў прысвечаны 140 годдзю з дня нараджэння вялікіх беларускіх песняроў, яшчэ раз паказаў, што мы—галіны, а Купала і Колас—карані аднаго вялікага дрэва. Гэта яны трымаюць нас і пояць сокамі з глыбінь зямлі. А мова Коласа і Купалы гучыць і сёння. Яна застаўляе нас перажываць, радавацца, любіць, прымушае мац¬ней біцца нашы сэрцы, ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, тым, што мы — беларусы.
Калісьці Якуб Колас, выступаючы перад студэнтамі БДУ, вылучаў тры бясцэнныя дары, якімі валодае моладзь. Першы дар — “маладосць, сіла, жыццярадаснасць”. Другі дар— “прасторныя, шырокія дарогі ў жыццё”, а трэці дар.. –трэці дар моладзь павінна здабываць сама ў працы, навуцы, грамадскай дзейнасці.
Хочацца звярнуцца да нашай моладзі Шклоўшчыны : “ Янка Купала і Якуб Колас— нашы мудрыя і праўдзівыя настаўнікі. Яны пакінулі нам духоўны запавет—любіць, шанаваць, берагчы спадчыну. Таму чытайце Купалу і Коласа, чэрпайце іх мудрасць, вучыцеся ў іх любіць усё, што нас акружае, і ў першую чаргу сваю родную зямлю”.
Спадзяюся, што ў сэрцах і памяці нашых дзяцей яшчэ доўга будуць гучаць музыкай словы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Але колькі часу ні прайшло б, заўсёды будуць жыць у памяці людской песняры зямлі беларускай, без якіх немагчыма ўявіць нашу нацыянальную літаратуру, нашу Беларусь.
Галіна БАРСУКОВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Забродскай СШ