jour
Корреспондент

«Двое з васьмярых не вярнуліся з фронту…». Гісторыя сям'і, у якой дагэтуль не ведаюць пра лёс родных

Кожнаму з нас трэба час ад часу пагартаць кнігу «Памяць», паглядзець на партрэты тых, хто праслаўляў наш край самаадданай працай. Тых, хто змагаўся за нас, нашчадкаў, у час Вялікай Айчыннай вайны. Перачытаць у цішыні прозвішчы тых, хто аддаў за нас жыццё…  Вусцішна становіцца, калі адкрываеш старонку, дзе пералічаны прозвішчы тых, хто прапаў без вестак. Сотні прозвішчаў тых, чый лёс і чыё месца пахавання засталіся невядомымі бацькам, жонкам, дзецям…
Ковалев.jpg

Леанід Кавалёў з жонкай, дачкой і унукам.

 «Кавалёў Сцяпан Сямёнавіч, н. у 1918 в.Акунёўка, прапаў без вестак у 1941 годзе», «Кавалёў Сямён Сямёнавіч, н. у 1920 у в.Акунёўка, прапаў без вестак», – сведчаць сухія радкі. У суседнім, Бялыніцкім раёне – аграгарадку Галоўчын, жыве пляменнік прапаўшых салдат, які расказаў нам пра слаўныя вайсковыя традыцыі сваёй сям’і. 
 
Леанід Кліменцьевіч Кавалёў нарадзіўся ў вёсцы Акунёўка. У 1971 годзе скончыў Гарадзішчанскую дзесяцігодку. У Бялыніцкі раён разам з жонкай прыехаў настаўнічаць пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова. 

«У гады  Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагамі мой бацька Кліменцій Сямёнавіч і сем бацькавых братоў: Рыгор,Фёдар, Іван,Сямён, Сцяпан, Васіль,Аляксандр, – расказвае Леанід Кліменцьевіч. – У гісторыі  вядома не так і многа сямей, з якіх цэлая вайсковая адзінка – аддзяленне – змагалася за незалежнасць сваёй Радзімы. На жаль двое з васьмярых не вярнуліся з фронту».

…Кліменцій Сямёнавіч нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Акунёўка  . Рос працавітым: у свае пятнадцаць гадоў умеў касіць і араць, малаціць і коней пасвіць. Закончыў  царкоўна-прыходскую  школу, вучыцца далей перашкодзіла Грамадзянская вайна. Пасля яе працаваў у гаспадарцы свайго бацькі, а потым у калгасе «Чырвоная Аўчаса» паляводам,  жывёлаводам, загадчыкам фермы. У вельмі цяжкія для сям’і часы - 1937-1939 гады быў абраны на пасаду старшыні калгаса. У верасні 1939 года удзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі у Заходнюю Беларусь.
Ковалёв Климентий Семёнович .jpg

      Кліменцій Сямёнавіч Кавалёў

    З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Кліменцій Сямёнавіч быў мабілізаваны. Залічаны стралком у 212-ы армейскі запасны стралковы полк 16 арміі, потым у 5-ы рабочы батальён станцыі забеспячэння пры 16-й арміі. Прымаў удзел у абароне Магілёва, Смаленска. У  баях пад Вязьмай трапіў у палон, але змог уцекчы і прыйшоў у родную вёску, дзе яго чакалі жонка і дзеці. Партызаны залічылі яго ў рэзерв, даручалі пекчы хлеб, весці назіранне  за акупацыйным войскам. Пасля вызвалення вёскі ў чэрвені 1944 года Кліменцій Кавалёў зноў апынуўся ў дзеючым войску. Удзельнічаў у вызваленні  паўночна-заходняй  часткі Беларусі, Літвы, Латвіі, Венгрыі, Аўстрыі. Перамогу адзначыў у Вене. За ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны Кліменцій Сямёнавіч быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За адвагу” і інш. 

Трагічным быў лёс яго братоў. Сцяпан  прапаў без вестак у 1941 годзе дзесьці у Заходняй Беларусі  (па звестках АБД «Мемарыял»). Пра Сямёна і такіх звестак няма. А на мемарыяльным комплексе “Памяць” сярод іншых прозвішчаў высечаны два аднолькавыя надпісы - Кавалёў С.С. і Кавалёў С.С.

Ковалёв Семён Семёнович - 0003.jpg

Сямён Сямёнавіч Кавалёў

Ковалёв Степан Семёнович - 0005.jpg

Сцяпан Сямёнавіч Кавалёў


Пасля Айчыннай вайны застаўшыяся ў жывых браты Кавалёвы працавалі на карысць Радзіме на розных пасадах у розных галінах народнай гаспадаркі.

… «9 Мая для нашай сям'і – свята со слязамі на вачах, таму што побач няма блізкіх людзей, якім мы абавязаны жыццём, – кажа Леанід Кавалёў. – А нам застаецца памяць пра іх».
І гэтую памяць ён не толькі захоўвае сам, аднак і перадае дзецям і ўнукам, якія ганарацца сваімі продкамі, сваёй сям’ёй.