jour
Администратор

Аўтарская калонка Канстанціна Карнелюка. Неабыякавыя нататкі

Корнелюк.jpgМяне, як грамадзянiна незалежнай дзяржавы Рэспублiкi Беларусь, вельмi хвалюе, што сёння адбываецца ў гарадах Беларусі. Чаму некаторыя пачалі крыкліва і пампезна вырашаць за мяне, у якой краіне мне жыць заўтра, каго лічыць суседзямі, а каго ворагамі? Чаму мне настойліва навязваюць розныя сцэнарыі заморскіх дзядзькаў і цётак нашай «светлай будучыні»? Чаму некаторым здаецца, што яны маюць права на разбурэнне мірнага жыцця ў Беларусі? Чаму мяне павіннны вучыць правакатары і крыкуны? Тым больш многія акцыі на вуліцах былі зрэжысіраваны, а людзям-акцёрам дасталася роля пагарэлых тэатрыкаў. «Баявыя аперацыі» адбываюцца нават у інтэрнэце, дзе матэрыялы з’яўляюцца па прынцыпе: хто плаціць, той і заказвае музыку... 

Перакананы, эканамічнае і палітычнае ўзаемадзеянне можна паспяхова развіваць у якасці незалежнай дзяржавы, што Рэспубліка Беларусь і імкнулася ажыццяўляць больш за два дзесяцігоддзі XXI стагоддзя. Так, перамоўныя пляцоўкі неабходны, аднак яны павіннны функцыянаваць цывілізавана і эфектыўна, а не проста як правазглашэнне папулісцкіх заяў, не проста як пустая, хоць і прыгожая балбатня. А суверэнітэт і незалежнасць – гэта для майго народа не пусты гук, а пераможны этап у нацыянальнай гісторыі. Беларусь заўсёды была гатова ўмацоўваць эканамічную інтэграцыю з рознымі краінамі. Заўсёды імкнулася здымаць бар’еры на шляху перасячэння тавараў, паслуг, капіталаў і рабочай сілы. Дзяржаўная мяжа, мытная мяжа, пункты пропуску з Расіяй, што прапаноўваюць сёння некаторыя, – гэта шлях нікуды. Нават не шлях, а крывая сцяжынка ў бездань.

Многія галіны прамысловасці Беларусі сёння звязаны з прамысловасцю Расіі, і асабліва сельскагаспадарчая, прыборабудаванне, машынабудаванне. На захадзе нас ніхто не чакае. Няўжо незайздросны вопыт Украіны, што імкнулася парадніцца з ЗША, Еўропай нас не прывёў да ўсведамлення прапісных ісцін? Мы такой цяжкай працай склейвалі кааперацыю па крупіцах пасля развалу СССР, а сёння, як прапануюць гарачыя галовы, давайце ўсё зноў зруйнуем?! I вельмі добра, што сённяшняму кіраўніцтву Беларусі хапае мудрасці, вопыту і розуму, каб не рабіць памылак, каб не шкодзіць свайму народу, якога заўтра можа чакаць беспрацоўе і нявызначанасць лёсу. Не магу не сказаць, што шмат беларусаў пражывае сёння ў Расіі, якая стала для іх фактычна другой радзімай. А ці стануць такой Радзімай для нашых суайчыннікаў Еўропа, ЗША?

Так, не ўсе сёння ў Беларусі могуць пахваліцца добрымі заробкамі, аднак хто сказаў, што пры новых уладах вашы кішэні стануць ламіцца ад грошай? Заклікі да забастовак могуць прапагандаваць толькі абмежаваныя, неразумныя людзі. Няўжо мірнае неба над сінявокай танна каштуе? Заўважу, што галаслоўныя заклікі – гэта проста маніпуляцьі над свядомасцю. Ці вылечылі нас учора розныя чумакі ды кашпіроўскія, ці ўзбагацілі нас розныя МММ?  Шчаслівая будучыня Беларусі знаходзіцца толькі ў нашых руках. Шчаслівы лёс – толькі ў працы на карысць Бацькаўшчыны.

Ворагі маёй Айчыны забыліся, што беларусы – зусім не той народ, што пойдзе на барыкады. Мы не хочам грамадзянскіх войнаў, нашым папярэднікам хапіла крывавых 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны. Нам хочацца жыць у мірнай Беларусі, якой яна з’яўляецца, вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей, радавацца ўнукам. Нам не патрэбны вогнішчы варожасці, агрэсіўнасці, раздору і нянавісці, якія імкнуцца распаліць у маёй краіне «рэжысёры» пагарэлых тэатраў. Ворагі майго народа вельмі хочуць, каб беларуская прамысловасць спынілася, каб мы звярнуліся да іх з працягнутай рукой. Такога не будзе. Мой працалюбівы народ здольны сам сябе пракарміць, апрануць.

У некаторых галовах сядзіць знакамітая фраза Ільфа і Пятрова «заграница нам поможет». Я б хацеў нагадаць іншую загадку: дзе бывае сыр бясплатны?