jour
Администратор

НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ пра патрыятызм

Яшчэ ў маленстве мая бабуля Таццяна, якая ўсё жыццё пражыла ў сваёй вясковай хаце, мне ўзгадвала шматлкія прыказкі і прымаўкі пра Радзіму: ўсякай птушцы сваё гняздо мілае; Радзіма -  матка, чужына – мачыха; у сваім краі, як у раі; на чужыне і камар загіне; кожнаму свой куток мілы; кожная сасна свайму бору песню пяе. Мне асабліва запомнілася апошняя, і кожны раз узгадваю гэтую бабуліну мудрасць. Затым па жыцці запомнілася іншая мудрасць народа: родная зямля мякчэй чужой пярыны; на чужой старане не сагрэе і сонца; для сваёй Айчыны не шкадуюць сілы;  бацькоў не цурайся, а ад Радзімы не адракайся. Прыемна, што ў нашых продкаў была падсвядомая прыхільнасць да роднай хаты, бацькоўскай  зямлі.  

Вельмі брыдка і агідна, што на планеце Зямля ў надзвычай прыгожым і гарманічным  21 стагоддзі становіцца  ўсё больш агрэсіі, абыякавасці, апатыі.  Патрыятызм для некаторых стаў пустым гукам, аднак нягледзячы ні на што мы ўсе разам павінны змагацца з дэфіцытам сапраўднай любові да Бацькашчыны.Трэба любіць сваю пявучую, мілагучную мову, айчынную вусную народную творчасць. Я ўжо даўно ўсвядоміў: без бацькаўшчыны,  без свайго народа чалавек не можа паўнакроўна жыць. І як жа прыемна і велічна штодзённа  адкрываць для сябе таленавітасць беларусаў і беларусачак, бачыць прыгажосць і непаўторнасць малой радзімы, адчуваць ў душы вялікі гонар за  Бацькаўшчыну. Спрадвек мае суайчыннікі імкнуліся па-купалаўску “Людзьмі звацца”. Нам Богам дадзены гэты зялёны лiсток на карце: лясы, пералескi, лугi, пушчы, ураджайныя палеткi. Лёс нам даў мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, бязмерную шчодрасць і гасціннасць. Галоўны скарб маёй краіны – людзі, што ўслаўляюць бацькоўскую зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Мой народ ва ўсе стагоддзі вылучаўся палымяным і шчырым патрытызмам. Менавіта патрыятызм дапамог салдатам і афіцэрам Савецкай Арміі  перамагчы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную. Вопыт, мужнасць і патрыятызм  ветэранаў павінны  з’яўляцца і ў  21 стагоддзі надзейнымі арыенцірамі для сучаснікаў. І як дрэнна, што ў многіх краінах Еўропы руйнуюцца помнікі мінулай вайны, з’яўляюцца выявы свастыкі. Званы Хатынi, мемарыял у Брэсцкай крэпасцi-героi нагадваюць нам: “Людзi! Помнiце! Не дапусцiце новай бойнi!”

Айчынная патрыятычная літаратура – адна з самых вялікіх у свеце. А “жоўта-карычневая” інфармацыя са смартфонаў – гэта не патрыятычныя вершы. Мы не стамляемся сцвярджаць, што кожны з нас хацеў бы бачыць сваю Беларусь шчаслівай, а некаторыя выходзяць на пратэсты, парушаюць мірнае жыццё, наладжаны быт сваіх землякоў, руйнуюць ужо зробленае. Казка “Залатая рыбка”Аляксандра Пушкіна – вельмі павучальная. Вось яна – гнілая камерцыя: хап, хап, хап, а потым – разбітае карыта…  Не сабе, ні людзям.

Гэта проста святы абавязак кожнага беларуса – ганарыцца прыналежнасцю да свайго народу, дбаць пра гонар нацыі. Патрыятызм з’яўляецца духоўнай асновай згуртаванасці людзей, якая праяўляецца ў шанаванні продкаў, у вернасці нацыянальным традыцыям і звычкам, рэлігійным і маральным нормам, у імкненні адстаяць дабрыню, неабыякавасць. Ён кансалідуе людзей у сацыяльнае цэлае – у Народ. Будучы адлюстраваннем быцця Айчыны, у гістарычнай перспектыве патрыятызм змяшчае ў сабе веды, сацыяльны вопыт, які перадаецца з пакалення ў пакаленне, забяспечвае захаванне  духоўных каштоўнасцей, здзяйсняе пераймальнасць пакаленняў, сувязь часоў. Несумненна: патрыятызм беларускага народа - наш нацыянальны здабытак. Я ўпэўнены, што патрыятызм павінен пачынацца з малой радзімы. З сям’і,  дзе ён спее, набірае моцы. І толькі потым выпраўляецца ў шырокі свет. Таму пошукі якаснага патрыятызму раю пачынаць з сябе, са свайго маленькага жыцця, з запытання: “А што ж я зрабіў для Радзімы?”