jour
Администратор

Часцей пішыце пісьмы

З даўніх часоў, калі нашы продкі набылі здольнасць думаць, ім адразу захацелася нешта запісаць, занатаваць, пакінуць памяць пра свае думкі, ідэі, адкрыцці, пра цікавых людзей.  Яшчэ чалавек не мог як след гаварыць, але ўжо пакідаў на сценах сваіх пячор незабыўныя малюнкі. А калі з’явілася мова, тым больш важным стала жаданне запісаць тое, чым хацелася падзяліцца з іншымі… 

Я часта ўспамінаю тыя далёкія часы юнацтва, калі лісты ў паштовых канвертах былі вельмі жаданымі, калі паштальёны стамляліся насіць цяжарныя сумкі з паштоўкамі. А некаторыя аўтары ліставанняў нават на канверце пісалі своеасаблівыя анонсы: «Стоп, а дзе ўсмешка?», «Без усмешкі не ўскрываць» …

Мы жывём у вірліва-хуткасным, навукова-тэхнічным ХХІ стагоддзі. І змянілася не толькі форма ліставанняў. Змянілася іх эмацыянальная танальнасць, адышлі на другі план сардэчнасць, душэўнасць. З дапамогай ручкі і ліста паперы перад сабой аўтары маглі неяк больш задумацца, рамантычна напоўніцца. Сёння ж нават жанр сачынення ў сярэдняй школе амаль адышоў на факультатыўны план, усё больш настаўнікі «нацягваюць» вучняў на лепшае напісанне тэстаў. Так і гавораць: пішам тэсты, не рашаем, не запаўняем, а менавіта пішам. Ды і сама форма ўчарашніх ліставанняў знікла, нават многія паштовыя скрынкі зніклі як непатрэбныя. 

Прыйшоў час эсэмэсак. Апошнія мне ніколі не падабаліся: яны сухія, скораспелыя, неабдуманыя. Там не сказы, а нейкія словазлучэнні. Мне ўжо лепш патэлефанаваць чалавеку, чым суадносіцца з ім такім скарочана-халодным спосабам.

Пісьмо – вельмі старажытны від паведамленняў. А на працягу многіх гадоў перапіска была бадай адзіным спосабам суадносін. Асабліва каштоўнымі былі лісты, дасланыя з месцаў вельмі аддаленых. Маці з нецярпеннем чакалі лістоў ад сваіх сыноў, што служылі ў Савецкай Арміі.

У вірлівы час Вялікай Айчыннай сыны і бацькі,дзядулі пісалі дадому трапяткія трохкутнікі. Сёння многія з іх патрапілі ў музеі, захоўваюцца ў сем’ях. А гэта ўжо сама ваенная гісторыя нашай нацыі, якая праўдзіва распавядае нашчадкам пра тыя незабыўныя 1418 дзён і начэй.  У вайну таксама распаўсюджваліся лістоўкі, праклакамацыі, лісты-заклікі.

Добра, што яшчэ захавалася дзелавая перапіска. Многія такія лісты маюць грамадскую значнасць, цікавыя для многіх слаёў насельніцтва. Дрэнна, што менш актыўнай стала пазаштатная аўдыторыя СМІ, многія людзі сталі пасіўнымі назіральнікамі, абыякавымі да працэсаў грамадскага жыцця.  Сучасная прэса выкарыстоўвае жанр пісьма для звароту да знакамітых дзеячаў – кіраўнікоў дзяржавы, міністраў, дэпутатаў. Гэта можа быць пісьмо-запыт. Менавіта адказ на такі ліст можа вырашыць тое ці іншае пытанне, дапамагчы людзям. Такія адказы дапамагаюць тым жа дэпутатам не адрывацца ад сваіх выбаршчыкаў, быць у гушчы народа, а не проста называцца народнымі дэпутатамі. 

Ніколі не забывайце, што асабліва для людзей, якія жывуць далёка адзін ад аднаго, ліст – гэта кавалачак сэрца адпраўніка. І галоўнае: пісаць трэба абавязкова яшчэ і таму, што заўтра можа быць позна, а ты ўжо не паспееш так і сказаць чалавеку нешта галоўнае, важнае, якое, дарэчы,здольна не толькі палепшыць настрой, але і нават  працягнуць  яго жыццё…  Часцей пішыце добрыя і цёплыя лісты!