jour
Администратор

НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ... Эстафета памяці

Зямля Бацькаўшчыны дзесяцігоддзі захоўвае сляды Вялікай Айчыннай вайны. Як часта і ў ХХІ стагоддзі знаходзяць у ёй злосна-смяротны груз – снарады, міны. I з якой асцярожнасцю маладыя салдаты перадаюць іх з рук у рукі, перш чым абясшкодзіць. Гэтак жа беражліва – толькі ўжо з сэрца ў сэрца – перадаецца іншы цяжар –  памяць. Ад чалавека да чалавека. 3 году ў год. 3 дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе... На жаль, сведкаў тых падзей з кожным годам становіцца ўсе менш і менш.  

У Год народнага адзінства хочацца яшчэ і яшчэ раз канстатаваць: памяць – гэта тое стрыжнявое, што нас, беларусаў, аб’ядноўвала многія стагоддзі і працягвае злучаць нашы сэрцы і душы сёння. Я перакананы, што мы усе разам павінны змагацца з беспамяцтвам, з гістарычнай амнезіяй. Нам разам трэба працягваць штодзённа выпрацоўваць устойлівы імунітэт нацыі, які дапаможа прадухіляць скажоныя погляды, міфы, фэйкі пра Вялікую Айчынную. Нельга, каб прыніжалася веліч подзвігу  народа. Мы павінны расказваць сваім дзецям і ўнукам пра мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, аб партызанскім і падпольным руху на  Беларусі, чацвёртым па велічыні ў Еўропе лагеры смерці «Трасцянец», дзіцячым канцэнтрацыйным лагеры ў вёсцы Чырвоны Бераг… Мы ніколі не павінны забываць пра беларускія хатыні, Халакост, іншыя злачынствы фашыстаў. 

Беларусы толькі ў апошні час  шмат зрабілі для ўшанавання памяці пра  вайну.  Гэта розныя праекты і акцыі. За апошнія гады створаны абагульнены банк даных «Мемарыял» (прысвечаны абаронцам Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак), банк дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадах», база даных «Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941–1944 гадах, вядзецца аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь». Вядуць працу і ўдзельнікі пошукавых клубаў, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах Беларусі,  не даючы сысці ў нябыт героям. Беларускія музеі таксама ашчадна захоўваюць памяць аб героях. Пра вайну нам распавядаюць і кнігі. Айчынная  літаратура багатая на творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай.  Ёсць шмат пісьменнікаў, маладосць якіх прыпала на час той жудаснай трагедыі. 

Сёння па мірным  жыцці крочаць новыя  пакаленні  моладзі. Для многіх вайна дзесьці там, у мінулым, калі іх яшчэ не было на свеце. Падзеі вайны сталі мінулым, але усё не настолькі далёкім, бо яшчэ жывуць сярод нас ветэраны. Несумненна,  вайна пакінула меткі на кожным пакаленні. Але не павінна гаснуць памяць, затуманьвацца слава подзвігу народа. З пакалення ў пакаленне мы ўсе разам павінны перадаваць эстафету гэтай памяці.