jour
Администратор

Неабыякавыя нататкі... у год народнага адзінства

Мне часта ўзгадваецца маленства, калі бабуля Таццяна таленавіта выконвала родныя песні. Гэта было  дыханне анёла ў маёй душы. Падросшы, пачаў усведамляць, што песня здольна ачышчаць душу, лашчыць сэрца, нават лячыць яго. Вяскоўцы нездарма раней часта збіраліся ў каго-небудзь у хаце – і спявалі. І калі вярталіся дадому пасля працы на калгасных палетках. Песня здольна яднаць сваёй высакароднасцю, святасцю  і чысцінёй: нездарма аматары песень любілі ва ўсе часы збірацца ў хоры. Разам. Для мяне спалучэнне чалавек і песня гучыць як чалавек і паветра. Калі не хапае гэтага паветра, мы пачынаем задыхацца. Бо песня – гэта паэзія паветра радзімы, яна трапляе ў самыя глыбіні свядомасці. 

 Усё пачынаецца з маленства. І дарэчы, калыханкі – вялікае багацце народнай творчасці – найбольш распаўсюджаны жанр дзіцячага фальклору. Першыя напеўныя ўражанні спрыяюць далучэнню дзяцей да айчыннай народнай культуры, з маленства выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны. Гэтыя творы прасягнуты аптымізмам, бадзёрасцю, светлым настроем, народнай мудрасцю. Ужо у першыя гады жыцця дзіцяці фарміруюцца тыя пачуцці,  рысы характару, якія непасрэдна звязваюць яго са сваім народам. Бясспрэчна:  любоў да жыцця і пачынаецца з песень матулі. У спадчыне  майго народа ёсць цудоўныя прыказкі і прымаўкі пра песню: з песняй і праца спорыцца; спяваць добра разам, а гаварыць розна; песня без канца, як кабыла без хваста; якая птушка, такая і песня і інш. І сапраўды: прыгожа спяваць – тое ж самае, што па небе лётаць…

Нішто на свеце не можа замяніць песню, нават жыццё нельга ўявіць без яе. Песня непасрэдна ўмее гаварыць з душой чалавека, ёсць нешта чароўнае: яна прымушае нас паверыць, што ўзвышанае належыць усім людзям. Гэта само  жыццё: пакуль гучыць песня, нішто не памірае назаўсёды. Гэта магутны камунікатар, здольны аб’ядноўваць людзей. Гэта лекі, якія дапамогуць пераадолець дэпрэсію, цьмяныя бакі жыцця, праблемы і няўдачы. Гэта сляды, па якіх можна хутка вярнуцца ў сваё мінулае. Песні заўсёды вакол нас – трэба толькі ўмець іх пачуць. Яны, як дождж, кропля за кропляй прасочваюцца нават у самае глухое сэрца – і ажыўляюць яго.  
 
Даўно заўважыў: з кім ты хочаш спяваць, з тым можна мець і блізкія адносіны. З песняй можна марыць пра немагчымае. І людзі становяцца бліжэй. Гэта своеасаблівая  мова памяці. 

На працягу года ў розных кутках Беларусі праходзяць цікавыя песенныя фестывалі. Адпраўляючыся ў падарожжа па Бацькаўшчыне, можна не толькі агледзець выдатныя мясціны, але і наведаць цікавыя мерапрыемствы. Гэта і Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Каложскі Благавест» ў Гродне,  і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, і  Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», і Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»  у Паставах, і «Славянскі базар» у Віцебску, і Міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер» у Магілёве і многія іншыя.
Песня – гэта адзіная мова, якую не трэба перакладаць: тут душа гаворыць з душою.  Гэта адзіная мова свету,  універсальная мова чалавецтва.