jour
Администратор

Настаўніца вясковай школы: "Беларуская мова – гэта сучасна, крэатыўна і модна"

10:4521.02.2020 Общество
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца  Міжнародны дзень роднай мовы. І гэта нагода яшчэ раз задумацца пра лёс матчынай мовы, пра тое, што ты можаш зрабіць для яе захавання і развіцця. А таксама сказаць дзякуй людзям, якія гэта робяць штодзень. Менавіта такім чалавекам – апантаным і закаханым у сваю справу – з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Забродскай СШ Галіна Барсукова. Ніхто, апрача яе самой, не можа расказаць лепш пра сваю справу.

Любоў да кнігі, да школы, да дзяцей…

– Як я стала настаўніцай  роднай мовы?  Па-першае, у  мяне быў цудоўны настаўнік  па беларускай мове і літаратуры  Мікалай Паўлавіч Клімовіч. Ён і прывіў любоў да мастацкага слова, любоў да кніг. Чытаць кніжкі па-беларуску для мяне было найвялікшым шчасцем. Я  нарадзілася на  Палессі, мая маленькая радзіма – вёска Малы Малешаў на Гомельшчыне.  Тут была вялікая бібліятэка, якая пачынала працаваць вечарам. Мы з сяброўкамі збіраліся і ішлі па кніжкі. Выбіралі іх гадзінамі, раіліся  адна з адной, нават хваліліся  цікавымі кнігамі.  Разыходзіліся дадому позна, ісці ўпоцемку было страшнавата, але радавала  думка: прыйду дадому і абавязкова пачну чытаць свае любімыя кнігі…  А дома  заўсёды старалася чытаць уголас: бацькам, бабулі, нават калі ім не было калі слухаць мяне... 
Любоў да  твораў мастацкай літаратуры са мной засталася назаўсёды. І зараз, калі новыя  кніжкі з’яўляюцца ў бібліятэцы, абавязкова рэкламую  іх дзецям і раю прачытаць.
Што я найбольш люблю чытаць? Паэзію Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава,  Анатоля Вярцінскага, Яўгеніі Янішчыц. Люблю прозу Івана Шамякіна. І, канешне ж, нельга не любіць «Палескую хроніку» Івана Мележа. Ганна Чарнушка – гэта я (усміхаецца). 
У мяне  не толькі вялікая любоў  да кніг,  але і да сваёй  прафесіі, да дзяцей… Васіль Сухамлінскі, вялікі педагог, зазначаў: «Каб даць вучню іскрынку ведаў, трэба выпіць цэлае мора святла». Сапраўды, сцяжынка да сэрца дзяцей пачынаецца з любові, святла, чуласці і дабрыні. У  кожным дзіцяці  ёсць сваё маленькае сонейка, а настаўнік павінен прыкласці максімум намаганняў, каб  гэта сонейка засвяцілася. І ў гэтым мне дапамагае наша родная мова, мілагучная і пяшчотная , празрыстая і гаваркая. У многіх словах можна пачуць і птушыны спеў, і шапаценне каласкоў, і пяшчоту маці.

Беларуская мова – гэта сучасна і крэатыўна

– Дзень роднай мовы ў школе  мы абавязкова будзем адзначаць святочна: падрыхтуем  выставу «Сэрцам роднага слова краніся», на якой змесцім дзіцячыя малюнкі, калажы, насценныя газеты. У фае для вучняў будзе праведзены вусны часопіс «Мая мова – мой свет, мая душа». У кожным класе арганізуем акцыі « Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску», на перапынках будуць трансліравацца мультфільмы і відэаролікі на роднай мове. Адным  з сімвалаў Дня роднай мовы ў нас  з’яўляецца валошка – кветка чысціні і  нябеснага блакіту.Тым, хто лічыць сябе сапраўдным беларусам, мы прапануем адзначыць сябе валошкай . 
У  нашай школе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. І вельмі радуе тое, што, здаючы цэнтралізаванае тэставанне, нашы выпускнікі выбіраюць беларускую мову. А добрыя вынікі навучэнцаў  па ЦТ – гэта і ёсць настаўніцкае  шчасце. 
Я не стамляюся паўтараць вучням, што беларуская мова – гэта сучасна, крэатыўна  і модна. Заўсёды рэкамендую вучням глядзець тэлевіктарыны, відэаролікі, прысвечаныя роднай мове і таму, як правільна на ёй размаўляць. Выкарыстоўваю на сваіх уроках новыя тэхналогіі, матэрыялы з інтэрнэт-сайтаў, QR-коды. І ведаю: каб паспяхова вывучыць родную мову, трэба раскрыць для яе сваё сэрца, душу. Як у радочках Яўгеніі Янішчыц: «Нашу   я любоў да цябе вялiкую ў сэрцы сваiм маленькiм». Гэтая любоў заўсёды жыве ў маім сэрцы, і я  стараюся данесці  яе сваім вучням, чуйным і прыгожым родным словам сагрэць сэрцы кожнага дзіцяці і запаліць у іх сонейкі любові, цяпла і надзеі.
Беларуская мова  вельмі прыгожая, і невыпадкова па мілагучнасці яна займае другое месца пасля італьянскай. А яшчэ  наша мова мае тысячы  розных таямніц і сакрэтаў. Нават працуючы больш за 30 гадоў, я раскрыла гэтыя сакрэты толькі на 90%, бо мова – гэта жывая з’ява, яна  пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца.

«Мае вучні – мае зорачкі»

– Мая задача – захапіць і зацікавіць вучняў роднай мовай, знайсці ключыкі да сэрца кожнага. Калі я бачу, што вочкі дзіцяці  свецяцца і яно чуйна рэагуе на кожнае роднае слова – гэта мая  будучая зорачка. 
І, канешне ж, я вельмі  ганаруся сваімі зорачкамі – алімпіяднікамі. Прызавыя месцы на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры займала Святлана Сіманькова, а Яніна Мішына была пераможцай рэспубліканскай алімпіяды. Зараз ім на змену прыйшла Кацярына Падабаева, вучаніца 9 класа. У  гэтым годзе Кацярына дастойна прадставіла сваю школу і нават раён на абласной алімпіядзе –дыплом 3 ступені. Радуюць  сваімі ведамі  і поспехамі  ў вывучэнні беларускай мовы Ліза Іавец (9 клас), Аліна Сляпцова (8 клас), Мацвей Цямрук (8 клас). З цікавасцю і захапленнем вывучаюць родную мову  мае пяцікласнікі – Васіліса Макарэвіч і Даша Міхайлава. 
І хочацца верыць, што вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, будуць імкнуцца, «каб роднае слова гучала ў вяках». Бо родная мова – гэта тая спадчынай, да якой трэба ставіцца сур’ёзна і беражліва, захоўваць і развіваць яе. Перамогі ў жыцці пачынаюцца з ведання роднай мовы. Упэўнена, што нашы дзеткі будуць размаўляць па-беларуску і будучыня ў мовы ёсць! 
Мая педагагічная дзейнасць прыносіць мне радасць, задавальненне, невычэрпную энергію і вялікую любоў. І я пастараюся яшчэ доўга гарэць душой, быць бадзёрай і  разам са сваімі выхаванцамі смела  крочыць наперад, да новых перамог.


Лізавета ІАВЕЦ, 9 клас Забродскай СШ:

– Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Яна самая прыгожая і самая  пяшчотная. Я – беларуска, я  люблю сваю  мову і ганаруся ёю. У школе мае веды па мове грунтоўна ўдасканальваюцца, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіне Мікалаеўне. Каб вы ведалі, як цікава і займальна ў яе на ўроках! Заняткі яна звычайна пачынае з чытання выказванняў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў пра мову. Я  з задавальненнем  наведваю факультатыў па беларускай мове. А калі чуеш родную мову на вуліцы – аж душа радуецца!

Аліна СЛЯПЦОВА, 8 клас Забродскай СШ:

– Родная мова – гэта наша спадчына, гэта мова  Купалы, Коласа і Багдановіча. З 5 класа я сур’ёзна займаюся вывучэннем беларускай мовы, з задавальненнем удзельнічаю ў школьных і раённых алімпіядах, маю прызавыя месцы. А яшчэ я люблю беларускую літаратуру. Любімы  мой паэт – Максім Багдановіч, любімы верш – «Зорка Венера». Я і сама спрабую пісаць вершы на беларускай мове.