jour
Администратор

Шклаўчане сталі пераможцамі конкурсу «Сэлфі & фота з вышыванкай»

09:2515.07.2020 Общество
Дзень вышыванкі – гэта адно з цэнтральных мерапрыемстваў шматграннага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якому і належыць ідэя святкавання «Беларусь – крыніца натхнення».

І спявалі, і танцавалі

У нашым раёне Дзень вышыванкі таксама адзначылі. На плошчы каля раённага Дома культуры прайшоў танцавальна-музычны флэшмоб «Я ў вышыванцы». Удзел у ім прынялі члены пярвічнай арганізацыі РДК і актывісты БРСМ з ліку вучняў устаноў адукацыі горада. Пад патрыятычную песню пра Беларусь яны выканалі запальную харэаграфічную кампазіцыю. Абавязковым атрыбутам удзельнікаў была вопратка з нацыянальным арнаментам.
Сергеенко 044.JPG
Першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Юлія Дзерашава адзначыла, што ў гэтым годзе Дзень вышыванкі праходзіў у нашай рэспубліцы ў пяты раз. А само мерапрыемства накіравана на папулярызацыю нацыянальных традыцый і пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў.

Вызначаны пераможцы

Традыцыйна Дню вышыванкі папярэднічаюць розныя конкурсы і акцыі. У гэтым годзе набраў абароты фотаконкурс «Сэлфі & фота з вышыванкай», які быў арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і праходзіў з 2 па 22 чэрвеня. Удзел у ім прыняла больш за паўтары тысячы чалавек з усёй краіны, у тым ліку і моладзь са Шклова. Як паведаміла Юлія Дзерашава, дастаткова паспяхова – у нас два пераможцы. 

Па выніках рэспубліканскага этапу конкурсу «Сэлфі & фота з вышыванкай» сям'я Крысціны і Вадзіма Аўгустовых заняла першае месца ў намінацыі «Вышыванкі ў іншых краінах», а сям'я Марыі і Аляксандра Саксонавых – другое месца ў намінацыі «Мая сям'я ў вышыванцы». Дыпломы і падарункі вышэйназваным пераможцам, а таксама сям’і Наталлі і Мікалая Шчогілевых, якія занялі другое месца ў раённым этапе конкурсу ў намінацыі «Мая сям'я ў вышыванцы», у панядзелак, 6 ліпеня, ўручыла Юлія Дзерашава. Яна павіншавала ўдзельнікаў з перамогай і пажадала поспехаў у іншых конкурсах. «Наш раён адзін з тых, якія рухаюцца наперад, у якім людзі цікавяцца жыццём свайго краю, рэспублікі і Беларускага рэспубліканскаго саюза моладзі – арганізатара шматлікіх конкурсаў і мерапрыемстваў, – адзначае Юлія. – Гэтымі перамогамі мы паказалі, што маладыя шклаўчане дастаткова актыўныя і цікавыя людзі, якія творча і крэатыўна падыходзяць да мерапрыемстаў і ўдзельнічаюць у жыцці раёна, услаўляючы яго і БРСМ».
БРСМ 037.JPG
Падзяліліся эмоцыямі і ўражаннямі і самі ўдзельнікі конкурсу. «Я сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ у нашым ЦБП № 726 ААТ «АСБ Беларусбанк», таму першая даведваюся аб конкурсах і як актывіст заўсёды прымаю ў іх удзел. Фатаграфія, прадстаўленая на конкурс, была зроблена на нашым вяселлі, якое праходзіла на востраве Тэнерыфе (Канарскія астравы). Эмоцый шмат. Не чакалі, што займем першае месца. Але гэта выдатна і класна. Дзякуй за падарунак – фотаапарат імгненнага друку. У большай ступені яго выкарыстоўваем у падарожжах. І, канешне ж, будзем у далейшым удзельнічаць у конкурсах, якія праводзяцца БРСМ», – падзялілася Крысціна Аўгустова. 

Прымае актыўны ўдзел у конкурсах маладзёжнага грамадскага аб’яднання і яе калега Наталля Шчогілева. «Мы з мужам актыўныя людзі па жыцці і любім удзельнічаць у розных спаборніцтвах, у тым ліку і з дзіцяці. Фота было зроблена ў Шклове, недалёка ад стадыёна. Прыемна, што нас адзначылі, спадабаўся і падарунак ад раённага камітэта БРСМ», – распавяла аб удзеле ў конкурсе Наталля.

«Падары немаўляці вышыванку»

На працягу трох гадоў БРСМ у рамках праекта «Падары немаўляці вышыванку» віншуе дзяцей, якія нарадзіліся напярэдадні Дня Незалежнасці і Дня вышыванкі. У нашым раёне падарунак ад раённага камітэта ГА «БРСМ» атрымала маладая маці Марыя Саксонава.

Праўда, асабіста павіншаваць ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі не атрымалася. Таму маладзёжны лідар Юлія Дзерашава передала бацькам ад раённага камітэта БРСМ для нованароджанага распашонку-абярэг, а бацькам – памятны сувенір з нацыянальным арнаментам. Лічыцца, што тыя, хто атрымаў такі абярэг з нацыянальнай сімволікай, будуць расці здаровымі, моцнымі і знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Да таго ж вельмі важна, каб з такіх ранніх гадоў нашых маладых грамадзян прывучалі і знаёмілі з беларускімі традыцыямі.Юлія павіншавала маці са значнай падзеяй у жыцці і пажадала здароўя ўсёй сям’і.