jour
Администратор

Жыхарка вёскі Заходы: «Я люблю зямлю. Люблю працу»

09:5616.09.2020 Общество
Мы, беларусы, такі народ, што любоў да зямлі, да працы – у нашай крыві. Нашы бабулі і дзядулі самааддана працавалі на калгасных палетках, сваімі мазалямі аднаўлялі народную гаспадарку, разбураную пасля вайны, працоўнымі подзвігамі ўслаўлялі краіну… І зараз працалюбівасць беларусаў праяўляецца для каго – на вялікіх палях сельгасарганізацый, а для каго – на ўласным прысядзібным участку.
Займищо 034.JPG
«Я люблю зямлю, – прызнаецца жыхарка вёскі Заходы Гарадзецкага сельсавета Марыя Сцяпанава. – Люблю працу. Гатова з ранку да позняга вечара працаваць на зямлі. Яна дае мне сілы, радасць і натхненне». І зямля адказвае ёй узаемнасцю, кожны год радуючы багатымі ўраджаямі і прыгожымі кветнікамі.

Дом, у якім Марыя Ільінічна жыве з мужам, – бацькоўскі і вельмі дарагі для душы. Праўда, у пачатку 2000-х ён быў адбудаваны пасля пажару, але на гэтай зямлі выраслі яна і яе браты, сёстры. «Нас было 12 дзяцей, – расказвае жанчына. – Я жыла і працавала ў Асіповічах, а сюды вярнулася даглядаць старэнькую маму. Так і засталася». 

Зараз вялікая сям’я часта збіраецца тут. І не толькі адпачыць, але і дапамагчы ў агародных справах. А іх хапае заўсёды. Для таго, каб усё паспець, прачынацца Марыі Ільінічне даводзіцца ў пяць гадзін раніцы. Адных толькі памідораў – два парнікі. А ёсць яшчэ клубніцы, бульба, агуркі, кукуруза, маліна і інш.

«Якія гатункі памідораў я магу параіць? – Марыя Ільінічна з веданнем справы пералічвае: – «Ультраспелыя», «Дзямідаў», «Буян», «Аранж», «Чорны прынц», «Шакаладны заяц»… Вось, бачыце, якія вялікія і прыгожыя».
Самае важнае, што прадукты ўсе экалагічна чыстыя, не апрацаваныя хімічнымі прэпаратамі. «Ну як я буду хімію выкарыстоўваць, калі ўнукі прыязджаюць і адразу на градкі за прысмакамі бягуць, – усміхаецца гаспадыня. – Дарэчы, малодшы, якому 7 год, ужо заявіў, што будзе фермерам».

Агарод агародом, але якая ж жанчына не любіць кветак? На прысядзібным участку у Марыі Сцяпанавай іх вельмі шмат. «Люблю розы, флоксы, клемацісы, цыніі, касачы, гартэнзіі, – пералічвае яна. – Але найбольш, напэўна, рамонкі. Калі падзьме вецер, іх пялёсткі так прыгожа гайдаюцца, нібыта хтосьці на фартэпіяна іграе». 
«Кветкі мы прывучаны любіць з дзяцінства. Наш пасёлак называлі Маленькі Кітай, бо ў кожным доме было некалькі дзяцей, – ад кветак Марыя Ільінічна пераходзіць да ўспамінаў. – І візітнай карткай пасёлка былі вяргіні «Залаты шар». Кожную восень мы ішлі ў школу з залатымі букетамі». 

Асабліва дарагія ёй успаміны пра бацькоў. «Мой тата Ілля Трафімавіч быў валявы, працалюбівы чалавек, паважаны ў ваколіцы, – расказвае яна. – Прайшоў усю вайну, уцякаў з лагера для ваеннапалонных… Ён не мог спаць начамі – яму снілася вайна. Таму мы, дзеці, днём хадзілі ціхенька, каб яго не разбудзіць. 9 мая для яго было святым днём – ён збіраўся і з кавенькай ішоў да помніка ў Княжыцах, аддаць даніну павагі героям… А аднойчы я спыталася ў яго: «Тата, калі б табе Бог даў другое жыццё, як бы ты яго пражыў?» Ён задумаўся і адказаў: «Калі б я пражыў другое жыццё, у мяне было б болей дзяцей».

Свая вёсачка для Марыі Сцяпанавай даражэй за ўсё. Тут мірна, спакойна, тут жывуць добрыя і працалюбівыя людзі. І яна вельмі хоча, каб вёска адраджалася і жыла, каб людзі вярталіся да вытокаў, да зямлі, якая надае сілы.