Таямніцы зямлі фашчаўскай

15:0630.06.2017 Общество
Фашчаўка

Гэты населены пункт знаходзіцца ўздоўж трассы Віцебск – Гомель. Па меркаванням назва паходзіць ад травяністай расліны – хвашчу, што звычайна ўзрастае ў нізінах.

У мясцовасці ўвагу прыцягвае статуя, якая знаходзіцца прыблізна за паўкіламетра ад вёскі, у сучаснасці – аграгарадку. Больш знаёма яна як Фашчаўскі ёлуп. Па аднаму з паданняў, у гады праўлення польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка атрад іезуіцкага ордэна на чале з рыцарам Сімпліцыянам, каб звярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік атрада загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанавання і была ўзведзена высокая калона, зверху якой – драўляны воін.

Дарэчы, гэтаму помніку прыпісваецца яшчэ адна легенда. Нібыта Кацярына ІІ, знаходзячыся тут, запытала: «А гэта яшчэ што за ёлуп тут стаіць? ». І тут жа пакрыўджаная святыня адпомсціла жанчыне. Усё навокал сцішылася, коні акамянелі, а ў самой імператрыцы адняліся рукі і ногі. І толькі пасля таго, як яна папрасіла прабачэння, усё вярнулася на колы свае. 

Мабыць, з гэтай легендай не быў знаёмы пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які, паводле некаторых крыніц, назваў нашага ёлупа дурным і бескарысным: 

«В деревне Фащевка под Шкловом была когда-то в средние века иезуитская миссия и возле нее стояла на высокой колонне статуя. Благодарный народ забыл, кто это: святой или какой-то государственный деятель, но прочно закрепил в словаре слова «ёлуп хвашчоўскі» для определения чего-то глупого и бесполезного».

 Была ў гэтай мясцовасці і яшчэ адна славутасць – касцёл. Дзейнічаў ён з сярэдзіны 18 стагоддзя. Згодна з легендамі, пры яго ўзвядзенні выкарыстоўвалі цэглу, што выраблялася ў Гарадзішчы, і перадавалі яе з рук у рукі на працягу некалькіх кіламетраў. Касцёл, вытрымаўшы Вялікую Айчынную вайну, быў узарваны зімой 1967 года. Кажуць, што ад гэтага снег быў чырвоным ад цаглянага пылу быццам ад крыві…

Лакуці

Каб зразумець каштоўнасць гэтага населенага пункта, трэба спачатку паспрабаваць уявіць сабе рэчаіснасць 18 стагоддзя. Мінулае, дзе не існавала не толькі інтэрнэта, але і такіх рэчаў, як мабільная сувязь, ці нават просты тэлефон. Тады для сувязі адзіным варыянтам была пошта. На беларускіх дарогах будаваліся паштовыя станцыі з прыдарожнымі комплексамі: гасцініцай, стайняй, пакоямі для фурманоў і інш. 
локуци.JPG
Адзін з такіх архітэктурных помнікаў захаваўся ў Лакуцях. Пабудавана гэтая паштовая станцыя была ў 19 стагоддзі пад уплывам візантыйска-рускага стылю. 

А напрыканцы нашага падарожжа завітаем ў вёску з дзіўнай назвай Чамаданы. Шклаўчане ведаюць, што ў раёне вёскі дзве: Старыя і Новыя Чамаданы. Ці знойдзе хто-небудзь на карце нашай рэспублікі яшчэ населеныя пункты з такімі назвамі? Наўрад ці. Наконт назвы існуе свая легенда. Ехала па гэтых месцах багатая жанчына, зразумела,  са сваім скарбам, сабраным у чамаданы. Ды вось па дарозе прычапіліся да карэты ваўкі, і каб не стаць іх ахвярай, тыя, хто ехаў, паскідвалі чамаданы на зямлю. 
чемоданы.JPG
А на ўездзе ў Старыя Чамаданы гэтая назва натуральна ўвасобленая.

Працяг будзе…

Алена МІНАКОВА.
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.