Да Дня беларускага пісьменства выйшла кніга «Гімн беларускай жанчыне» з творамі пра сучасніц

Да Дня беларускага пісьменства выйшла кніга «Гімн беларускай жанчыне» з творамі пра сучасніц

У Год беларускай жанчыны і да Дня беларускага пісьменства, якое сёлета пройдзе ў слаўным райцэнтры Касцюковічы, Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі стала ініцыятарам выдання зборніка публіцыстыкі, прозы і паэзіі «Гімн беларускай жанчыне». Атрымалася цікавая і змястоўная кніга ў колерах нацыянальнага сцяга з выявай прыгожай беларусачкі на вокладцы, якая стала зборным правобразам хараства прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Зборнік (памерам звыш 400 старонак!) выйшаў у сталічным выдавецтве «Кніжны дом», паведамляе sb.by.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Міхась Пазнякоў падкрэсліў:

— На старонках сабраны творы паэтаў, празаікаў, публіцыстаў Беларусі і Расіі. Усе яны ўслаўляюць нашых сучасніц, прадаўжальніц жыцця: працавітых, шчырых, прыгожых, адданых добрым справам, людзям, Радзіме. Кніга — калектыўны паклон яе вялікасці беларускай жанчыне, удзячнасць за яе вечны клопат, мужнасць, дабрыню, любоў і хараство.

Напрыклад, пісьменнік Анатоль Аўруцін прысвяціў свой нарыс «Умеющая быть счастливой» стваральніцы выдавецтва «Чатыры чвэрці», лаўрэату прэміі «За духоўнае адраджэнне», «Выдатніку друку Беларусі» Ліліяне Анцух. З нарыса даведваемся, што кнігу і высокае слова Ліліяна Фёдараўна палюбіла з дзяцінства, шмат чытала, а школьныя сачыненні часта пісала вершамі. З цягам часу захацела прынесці карысць літаратуры як выдавец — выпускаючы ў свет кнігі таленавітых аўтараў. Аднак удалося гэта не адразу. Прыйшлі «ліхія» 90-я з развалам дзяржавы, вялізнай інфляцыяй і разрухай. Аўтар паказвае, як Ліліяна Анцух дзякуючы багатаму працоўнаму вопыту і настойлівасці спраўдзіла сваю задуму і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выдае прыгожыя і змястоўныя кнігі, чым моцна падтрымлівае айчынную культуру. Штогод фаліянты, выпушчаныя пад яе кіраўніцтвам, атрымліваюць шматлікія ўзнагароды ў Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі».

Сярод гераінь, пра якіх напісаны творы ў зборніку, і мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольга Багушыньска. З дзяцінства яна расла творчай, не ўяўляла жыцця без музыкі і мастацкай гімнастыкі. Дарэчы, родная цётка маленькай дзяўчынцы, калі тая была першакласніцай, падарыла невялікую калекцыйную кніжку вершаў Петруся Броўкі і падпісала: «Оленьке на долгую память. Люби поэзию!» Як бачым, з цягам жыцця гэты падарунак і подпіс сталі лёсавызначальнымі. Вольга Багушыньска вельмі любіць паэзію і па-мастацку яе выконвае падчас пастановак Мінскага гарадскога тэатра паэзіі.

Пісьменнік Фёдар Баравы прысвяціў свой аповед заслужанай артыстцы Беларусі, салістцы оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, лаўрэату міжнародных вакальных конкурсаў, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Алене Сало. Тэатр — яе адкрыццё і жыццё. Як прызналася сама Алена, яна спявачка «ўсёедная». Галоўнае, каб музыка і тэкст былі дастойныя. Вось чаму яна любіць рамансы Леаніда Захлеўнага, мелодыі Алега Елісеенкава. Пераўвасабляецца ў вобразы Ізабэлы Юр’евай, Клаўдзіі Шульжэнкі, Эдзіт Піаф падчас творчага праекта «Музычныя вечары ў Вялікім». У Вялікім тэатры прадстаўляе цыкл канцэртаў «Партрэты», прысвечаных знакамітым выканаўцам.

— Прачытаўшы гэты нарыс, можаце ўявіць спявачку ў вобразе «Кармен» на сцэне ці з акардэонам, а паспрабуйце ўявіць з касой у руках, сякерай ці шурупавёртам, — смяецца Фёдар Баравы. — Не атрымліваецца? А я пацвярджаю — яна з імі не толькі знаёмая, але і ўмее лёгка абыходзіцца. Разам з дачкой Лізай яны з сабраных у двары драўляных матэрыялаў майструюць кармушкі для птушак, падстаўкі для кветак, табурэткі і іншую мэблю.

Галоўнай гераіняй артыкула, які напісала журналіст Ірына Бурак, стала прыма беларускай аперэты, народная артыстка Беларусі, артыст-вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Наталля Гайда. Даведваемся, што спявала і танцавала яна з дзяцінства, скончыла кансерваторыю, у трупе музычнага тэатра працуе з 1970 года. У абшырным творчым рэпертуары артысткі — больш за сорак вядучых партый у класічных аперэтах, музычных камедыях і мюзіклах.

— Не кожны оперны спявак, як паказвае практыка і час, можа працаваць у аперэце, — пераканана Наталля Гайда. — Тут трэба не толькі валодаць голасам, гэты жанр трэба любіць. У аперэце арыі падчас не менш складаныя, чым у оперы.

Цікавыя і наступныя разважанні Наталлі Гайды:

— Музыка — гэта душа. Без душы, духоўнасці няма чалавека. А ў тэатры моладзь далучаецца да музычнага мастацтва. Я люблю цудоўны свет музычнай камедыі, люблю аперэту і не магу ўявіць сябе без тэатра — гэта маё жыццё.

Гераіняй кнігі «Гімн беларускай жанчыне» стала і пісьменніца, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта ў намінацыі «Мастацкая літаратура» Валянціна Паліканіна. Першыя «стишата», як іх з любоўю называе Валянціна Паліканіна, склаліся, калі ёй не было і пяці гадоў. Па ўспамінах бацькі, малая прасіла яго хутчэй запісаць радок, а то «думка сыдзе». Будучая знакамітая паэтка скончыла філфак Белдзяржуніверсітэта, працягвала складаць, але па-сапраўднаму выйшла да чытачоў пасля 30 гадоў, калі ў 1994-м годзе ў газеце «Рэспубліка» былі апублікаваны яе вершы. Суправодзіў творы добрай рэцэнзіяй вядомы беларускі паэт Браніслаў Спрынчан, быццам даў наказ.

— Прызначэнне паэзіі, на мой погляд, у духоўнай працы, у захаванні высокай мілагучнасці, — пераканана Валянціна Паліканіна. — Паэзія — вышэйшы ўзровень літаратуры. Можна напісаць выдатную прозу, а выдатныя вершы — паспрабуй напішы! Гэта бывае з вельмі нямногімі паэтамі, у пэўны момант, у асаблівым стане далучанасці да вышэйшага, нябеснага… Калі гэта адбываецца, то прыходзіць адчуванне шчасця.

Цікавыя і наступныя разважанні Валянціны Паліканінай:

— Паэзія многае ў сабе захоўвае: не толькі прыкметы часу, але і яго дух. Яна захоўвае ўсе колеры і адценні, усе водгукі і водгаласы эпох, усе нюансы душэўных перажыванняў людзей, усе іх думкі і памкненні. Праз яе праходзяць нябачныя токі, якія даюць гарэнне душам, сэрцам зараз і вечна. Паэзія цэніцца сваёй дзейснасцю, пазачасавасцю. Такія ўсе класічныя творы і лепшыя ўзоры сучаснай лірыкі.

Ёсць нарыс у кнізе і пра ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча культуры, старшыню Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людмілу Кебіч. Аўтар артыкула Ніна Русаковіч піша, што ў паэзіі Людмілы Кебіч адмысловая мова, трапная метафорыка, пульсуючая думка… Перад вачыма паўстаюць унікальныя прыродныя з’явы: «гусіныя лапкі кляновых лісточкаў», «жамчужная кіпень букетаў», «зор начных брыльянтавая хеўра». Бачым, як «дзень стаміўся, і, прылёгшы ў травы, залатую раніцу праспаў», як «разліла кісель ружовы вечаровая зара»… Людміла Кебіч выдала каля 30 кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі для дарослых і дзяцей, пяць зборнікаў песень.

Чытаючы гэты зборнік, яшчэ раз падкрэсліваем для сябе — колькі цікавых людзей з намі побач. Адмысловыя, таленавітыя, старанныя, яны сваёй рупнай працай мацуюць дабрабыт роднай Беларусі. Ім і прысвячаецца новая кніга, дзе асобнай часткай змешчаны вершы. Паэты Міхась Пазнякоў, Наталля Святлова, Генрых Тарасевіч, Іна Фралова, Ірына Тулупава, Таццяна Яцук і многія іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі прысвяцілі свае паэтычныя радкі ролі і наканаванню жанчыны ў гэтым свеце.

СБ

Последние новости

Досуг

Как заготовить черенки смородины, чтобы весной они дали крепкие корни, рассказал садовник

26 октября 2026
Читать новость
Общество

Может ли сгореть трудовой отпуск, рассказала эксперт 

26 октября 2026
Читать новость
Человек и закон

В Шкловском районе пройдет Неделя детской безопасности

26 октября 2026
Читать новость
Официально

Александр Лукашенко назвал ключевые точки роста в сотрудничестве с Монголией. Итоги переговоров в Минске

26 октября 2026
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия в Могилевской таможне пройдет 28 октября

26 октября 2026
Читать новость
Человек и закон

День открытых дверей в РОВД: учащимся Шклова рассказали о службе и поступлении в учебные заведения МВД

26 октября 2026
Читать новость