Шклаўчане прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства

5 і 6 верасня ў Касцюковічах прайшоў юбілейны XXXIII Дзень беларускага пісьменства, у святкаванні якого прынялі ўдзел прадстаўнікі Шклоўскага раёна.
Установы культуры Шклоўскага раёна падрыхтавалі пляцоўку, дзе былі прадстаўлены знакавыя старонкі гісторыі краю. Наведвальнікі мелі магчымасць азнаёміцца з тэатрам графа Зорыча, які з’яўляецца адной з яркіх старонак тэатральнага мінулага Беларусі. Асобная экспазіцыя была прысвечана творчасці і лёсу знакамітага землякаа савецкага кінаактора Пятра Алейнікава.
Гасцям пляцоўкі прапаноўвалі інтэрактыўныя праграмы і сувенірную прадукцыю, а таксама магчымасць глыбей пазнаёміцца з традыцыямі, людзьмі і культурнай спадчынай Шклоўшчыны.
У складзе дэлегацыі Шклоўскага раёна былі і прадстаўнікі працоўных калектываў ААТ «Паперавая фабрыка “Спартак” і РУП “Завод газетнай паперы”. Яны адзначылі ўнікальную атмасферу беларускай культуры і гісторыі, разнастайнасць тэматычных лакацый і каларытных падворкаў. І, канешне, грандыёзны канцэрт на галоўнай сцэне ў самым сэрцы горада.












