Любіце і шануйце беларускую мову і літаратуру

Псіхолагі кажуць, што, калі чалавек не любіць чытаць, карані трэба шукаць у дзяцінстве. Бацькі мала чыталі ўслых альбо зусім не чыталі. Гэты факт прымушае мяне задумацца: а што будзе далей? І калі такое здарылася з вамі, вазьміце, напрыклад, “Новую зямлю ” Якуба Коласа і пачытайце сваім родным услых. Мы ж, у асноўным, вяскоўцы, нам усё гэта блізка.
Праходзяць гады, а “Новая зямля” не старэе, а яшчэ больш прываблівае, прыцягвае. Яна ж пра зямлю беларускую і беларуса-працаўніка, пра ўладу зямлі над чалавекам і чалавека над зямлёй, яго адвечнае імкненне мець уласны надзел, “прыдбаць свой кут”, быць гаспадаром на сваёй аблозе. З задавальненнем перачытваю гэту кнігу, бо ведаю, што кожны наступны раз гэта будуць новыя пачуцці, новыя думкі, гэта будзе другі позірк на наша жыццё.
Кажуць, няма прарокаў у сваёй Айчыне. Я не згодна з гэтым меркаваннем. Кожны народ мае асобы, постаці, якімі ён ганарыцца. Па іх вызначаецца час, эпоха, пазнаюцца народ, краіна.
У многіх ёсць жаданне ведаць, а “што турбуе?” , “што чытаў у дзяцінстве?”, “што любіць ці не любіць?” вядомы чалавек. Асабліва, калі яго імя стала ў той ці ў іншай меры нацыянальным сімвалам.
Васіль Быкаў. Такі просты, такі вясёлы і сумленны чалавек. Яго творы вывучаюцца ў школе. Не ўсе ведаюць, што ў 1998 годзе кандыдатура Быкава разглядалася ў ліку рэальных прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію.
Чалавек зможа многае, калі ў любой крытычнай сітуацыі здолее заставацца самім сабою. А такія сітуацыі, у першую чаргу здараюцца ў экстрэмальных умовах, на рубяжах дабра і зла, вернасці і здрады. Сусветную славу маюць творы Васіля Быкава пра вайну. Ад акопнай праўды пісьменнік ішоў да філасофскага асэнсавання вайны як “знака бяды”. Творы В.Быкава напісаны на матэрыяле ваенных гадоў, але яны распавядаюць і пра наш сённяшні час, наогул, расказваюць пра чалавечую асобу.
Ёсць такая прыказка “Хто з матчынай гаворкі пасмяецца, той на старасці ад маткі адрачэцца”. Разумееце? Па тым, як чалавек ставіцца да мовы свайго народа, можна меркаваць пра яго чалавечую годнасць. Наш славуты продак Францыск Скарына вельмі любіў белурускую мову. Вялікі дзякуй яму за тое, што ўжо ў 1517 годзе ён надрукаваў першую кнігу на ёй. На рускай жа мове кніга была надрукавана толькі праз 47 гадоў.
Шчаслівы той чалавек, хто любіць чытаць. Ён мае шырокі кругагляд, ён ведае праўду аб жыцці і яму ніколі не бывае сумна. Вы можаце сказаць, што няма часу чытаць. Урокі,камп’ютар… А я вам кажу: “А ў час дзяцінства Купалы і Коласа было больш часу? Няўжо ім лягчэй было вучыцца, дасягнуць поспеху ў жыцці?! Тады былі другія клопаты”. Напрыклад, у сям’і Кастуся Міцкевіча (Я. Коласа) было 13 дзяцей, чацвёра з якіх памерлі ў юным узросце. Гэта ж ён дапамагаў маці і дзядзьку Антосю па гаспадарцы, дапамагаў гадаваць малодшых братоў і сясцёр, ён жа быў трэцім у сям’і. А сёння яго творы мы вучым у школе.
Узгадаем Янку Купалу. У сям’і было васьмёра дзяцей. Ясь (так звалі ў дзяцінстве Янку Купалу) быў старэйшым. Ён няньчыў, даглядаў малодшых.
Сёння нам стаў вядомы новы, нязвыклы і ў многім нечаканы Купала, дзякуючы творам, якія захаваліся і перавыдаваліся за мяжой, у якіх паэт выказаў свае погляды на дзяржаўнасць Беларусі, адказнасць кожнага за лёс краіны, народа, за лёс роднай мовы.
Беларусы на працягу стагоддзяў мусілі змагацца за сваю самастойнасць, за сваё этнічнае выжыванне. Зрабіце крок да таго, каб нешта даведацца пра іх колішняе існаванне, пра іх мары. А такая літаратура ёсць. Гэта цікавыя публіцыстычна-гістарычныя творы В.Чаропкі, К.Тарасава, А.Марціновіча.
А традыцыя беларускай духоўнай паэзіі доўжыцца аж ад часоў Кірылы Тураўскага. Працягвалі гэтую традыцыю і шчырыя вернікі кшталту Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, якія не забываліся ў сваёй паэзіі аддаць Богу Богава.
“На Беларусі Бог жыве”, – у час ваяўнічага атэізму сцвярджаў Уладзімір Караткевіч следам за калядоўнікамі, якія са спевам ”Хрыстос нарадзіўся на вашым двары” абыходзілі зямлю беларускую. Шэраг сваіх твораў У.Караткевіч прысвяціў гістарычным падзеям: раманы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”. Яго творчасць прасякнута духам і ідэямі любві да роднага краю, да яго мінулага.
Калі б давялося скласці тэатральную афішу з творамі нацыянальнай драматургіі, дык там стаялі б несмяротная купалаўская п’еса “Паўлінка”, якой адкрываецца кожны тэатральны сезон у тэатры імя Я.Купалы, яго ж драмы “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшыя”, п’есы “Сялянка”, “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча, п’есы К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”, “Брама неўміручасці”, А.Макаёнка “Зацюканы апостал”, “Святая прастата”, А.Дударава “Вечар”, “Радавыя”, “Купала”, “Князь Вітаўт”, М.Матукоўскага “Амністыя”, “Апошняя інстанцыя”, А.Петрашкевіча “Напісанае застаецца”.
Сучасны свет – свет тэхналогій. Але гэта не значыць, что мы можам забываць мову Скарыны, Коласа і Купалы. Мова і літаратура аб’ядноўваюць нас у адно грамадства, у адну нацыю. Мову трэба любіць, як сваіх бацькоў, як сонца, як прыроду.Таму любіце і шануйце беларускую мову і літаратуру. Бо хто яшчэ, калі не мы?
Яніна МІШЫНА,
вучаніца 11 класа ДУА “Забродская сярэдняя школа Шклоўскага раёна”.