Да 110-годдзя з дня нараджэння Петруся Броўкі
Сінявокая Беларусь дала свету шмат вялікіх майстроў нацыянальнага прыгожага пісьменства і іх мілагучных і непаўторных вершаў. У чэрвені бягучага года спаўняецца 110 год дня нараджэння аўтара пісьменства Беларусі Петруся Броўкі, творчасць якога добра вядома нам яшчэ са школьных гадоў.
Пятрусь Броўка нарадзіўся 12 чэрвеня 1905 года ў вёсачцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна. Друкавацца пачаў з 1926 года. Яго першымі зборнікамі сталі “Гады як шторм”, “Прамова фактамі”, “Цэхавыя будні”. Рэалістычна-бытавую, моцную сваім выкрывальным пафасам паэму “1914” П.Броўка напісаў пад уплывам творчай школы Уладзіміра Маякоўскага. Сваім духоўным настаўнікам Броўка называе і Янку Купалу, у якога арганічна засвойвае асаблівасці народна-паэтычнага мыслення.
Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны паэт актыўна працуе ў франтавым і партызанскім друку. Подзвіг беларускага народа, тэма вернасці Бацькаўшчыне атрымалі глыбокае ўвасабленне ў яго “Паэме пра Смалячкова”, паэмах “Беларусь”, вершах “Кастусь Каліноўскі”, “Рана”, “Магіла байца” і іншых.
У пасляваенны час з друку выходзяць творы П.Броўкі: паэмы “Паланянка”, “Хлеб”, зборнікі “У роднай хаце”, “Дарога жыцця”, раман “Калі зліваюцца рэкі”. Вяршынным дасягненнем творчасці П.Броўкі сталі зборнікі “Пахне чабор”, “Далёка ад дому”. Яго паэма “Голас сэрца” – гэта памяць аўтара пра герояў Вялікай Айчыннай, пра маці.
П.Броўка – мастак з ярка выражанай рамантычнай патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю, а яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць і народнасць мастацкага мыслення. Многія творы прасякнуты пачуццямі роднасці з айчыннай культурай, з вечнымі каштоўнасцямі народнага жыцця.
Паэта не стала 24 сакавіка 1980 года. Ён пахаваны ў сталіцы Беларусі на могілках па Маскоўскай шашы. Яго імя было прысвоена выдавецтву “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Ушачах, Бешанковічах. П.Броўка – ганаровы грамадзянін Мінска. У сталіцы заснаваны літаратурны музей Броўкі. На доме ў Мінску, дзе жыў паэт у апошні час, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. У Пуцілкавічах была адкрыта хата-музей, каля якога ўстаноўлена стэла памяці маці паэта.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.