Залатое вяселле адсвяткавалі Марыя і Аляксандр Маісеенкі

Гледзячы на жыхароў вёскі Ступляны Марыю Еўдакімаўну і Аляксандра Якаўлевіча, ловіш сябе на думцы, што каханне для іх падобнае на добрую казку. І сёння яны патрэбныя адзін аднаму, як і 50 гадоў таму. Іх знаёмства адбылося на вясковых танцах, дзе Аляксандр як добры гарманіст акампанаваў моладзі то ў Чарнаруччы, то ў Тударава, Клімавічах. Праз некаторы час сур’ёзная, але адкрытая і камунікатыўная Марыя з вёскі Дубраўка, якая працавала бухгалтарам у Чарнаруцкім сельпо пасля заканчэння Мінскага гандлёвага тэхнікума, і вясёлы працавіты хлопец Аляксандр вырашылі пажаніцца. Пасля вяселля, якое, дарэчы, адбылося 20 лютага, маладыя засталіся ў Ступлянах, дзе спачатку жылі разам з бацькамі Аляксандра, а крыху пазней побач з імі пабудавалі сабе вялікі дом, дзе нарадзілі чацвёра дзяцей, і дзе пражылі ў шчасці і згодзе паўстагоддзя.
Рэцэпт сямейнага дабрабыту залатыя юбіляры вызначаюць так: здароўе і павага адзін да аднаго, паразуменне павінна быць і цярпенне. Галоўнае, што ў іх ёсць тое, што стагоддзямі шукаюць мільёны, а набываюць толькі выбраныя, – каханне. Яны заўсёды жадалі дапамагчы адзін аднаму стаць лепшымі, больш шчаслівымі ў гэтым свеце. А яшчэ яны ніводнай хвіліны не сядзелі без працы. Аляксандр Якаўлевіч 40 гадоў працаваў трактарыстам у калгасе “Радзіма”, мае шмат грамат, як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва, ордэн Працоўнай Славы III ступені, медалі “За працоўную адзнаку”, “За доблесную працу”. Марыя Еўдакімаўна таксама займала актыўную жыццёвую пазіцыю, перакваліфікавалася ў прафесійным плане і больш за 30 гадоў была загадчыцай свінафермы.
Працоўны чалавек заўсёды знойдзе для сябе занятак. Так і Маісеенкі, калі выйшлі на пенсію, сталі больш увагі ўдзяляць хатняй гаспадарцы, якая і раней у іх была вялікая. Яны і дзяцей сваіх прывучылі да працы: трое сыноў Аляксандр, Ігар і Юрый пайшлі па слядах бацькі і зараз працуюць на сельскагаспадарчай тэхніцы ў розных гаспадарках нашага і суседніх раёнаў. Дачка Іна выбрала матчыну прафесію, закончыла Горацкую акадэмію, стала бухгалтарам, жыве ў Мінску і працуе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Бацькі вельмі ганарацца сваімі дзецьмі, лічаць самым галоўным сваім дасягненнем тое, што яны выхавалі добрых працавітых людзей, сапраўдных грамадзян сваёй краіны. У іх падраслі ўжо свае дзеці, сем унукаў улетку ды і ў іншы час абавязкова прыязджаюць да бабулі і дзядулі ў Ступляны, і іх гасцінны дом зноў напаўняецца звонкімі дзіцячымі і юнацкімі галасамі, і жыць становіцца яшчэ весялей.
Вось так праляцелі гады, як пралятаюць птушкі па восені, імкнучыся некуды далёка. Нашым юбілярам хочацца падоўжыць гэтыя імгненні шчасця, таму што разумеюць: якім будзе заўтра – ніхто не ведае. І жывуць, таму што любяць, таму што яны каханыя не толькі адзін адным, але і дзецьмі, унукамі. І ўсё дзеляць напалам: і шчасце, і боль, і кожны сумесна пражыты дзень. І задумваюцца аб тым, што залатое вяселле, сапраўды, – падзея асаблівая і важкая. Бо прайшлі паўстагоддзя, поўныя не толькі радасцяў і поспехаў, але і цяжкасцяў, асабліва ў ваенныя і пасляваенныя гады. Аб тым, што яны ўсё пераадолелі, выгадавалі дзяцей, пабудавалі свой дом. У гэтым і заключаецца звычайнае чалавечае шчасце.
Алена РАВЯКА.
НА ЗДЫМКУ: Марыя і Аляксандр Маісеенкі з унукам Дзімам.
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.