Зведаў гаротнае жыццё сіраты

Пра жыццё ў Глухскай Сялібе вядома вельмі мала. Але ў складаных умовах перадваеннага часу жыццё сіраты і селяніна, безумоўна, было гаротнае. У фондах Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваецца дакумент аб тым, што Пётр Аляксандравіч Грудзіна з’яўляўся жыхаром Глухскай Сялібы Быхаўскага раёна. Яго бацькі працавалі ў калгасе. Да стварэння калгаса, ў 1929-1930 гады, яны мелі: ворыва – 6,5 гектара, сенажаці – 0,9 гектара, аднаго каня, адну карову і адну маленькую «худобу». Даведка датуецца 22 маем 1939 года і пацвярджае, што ў сучасны момант П.А.Грудзіна вучыцца ў Настаўніцкім інстытуце.
У гэтым жа годзе Пётр Аляксандравіч закончыў літаратурнае аддзяленне Магілёўскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута і быў прызваны на вайсковую службу, з якой былі звязаны доўгія шэсць гадоў (1939 – 1945). Прычым з першага і да апошняга дня ён знаходзіўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З успамінаў пра вайну былы франтавік распавядаў аб шматлікіх цяжкасцях, якія мелі месца ў першапачатковы перыяд. Успамінаў першы бой, калі салдаты не разумелі, што гэта сапраўдная вайна і ў першыя хвіліны нават спрабавалі выкарыстоўваць вучэбныя артылерыйскія снарады. За чатыры гады ваеннага ліхалецця на долю артылерыста-зенітчыка выпала шмат выпрабаванняў: складаны час адступлення, баявое раненне, страта баявых сяброў. Але паступова адбывалася франтавое гартаванне і набыццё баявога вопыту. Даўгачаканую Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі.
У 1945 годзе вайсковая частка, дзе праходзіў далейшую службу П.А.Грудзіна, знаходзілася ў мястэчку Шпікаў Вініцкай вобласці Украіны. У мясцовай школе не хапала педагогаў, і дырэктар школы звярнуўся за дапамогай да вайскоўцаў. Кіраўніцтва вайсковага фарміравання накіравала ў школу дыпламаванага настаўніка. У школе адбылася сустрэча афіцэра–франтавіка і маладой мясцовай настаўніцы Надзеі Нікітаўны Гуцол, а праз невялікі час адбылося і вяселле.
Неўзабаве пачалося скарачэнне войска, і маладажоны пераехалі ў Магілёўскую вобласць, адкуль быў родам Пётр Аляксандравіч. У Шклоў яго накіравалі загадам Магілёўскага аддзела адукацыі на пасаду дырэктара дзіцячага дома №2. Ён быў створаны ў 1945 годзе на базе ўцалелых будынкаў даваеннай пачатковай школы. Дзяцей прывезлі адусюль вельмі многа, і сабралася іх больш за 200.
З успамінаў Веры Сямёнаўны Алянковай, якая адпрацавала выхавальніцай у дзіцячым доме чвэрць стагоддзя: «У 1946 годзе я прыехала працаваць у Шклоўскі дзіцячы дом №2. Даручылі групу дзяцей дашкольнага ўзросту. Вечары праводзілі пры капцілках, дзеці спалі па двое «валетам». Печы палілі торфам, які прывозілі на адзіным падсляпаватым кані па мянушцы Баян. Каб неяк забяспечыць дзяцей абуткам, даводзілася па начах пад кіраўніцтвам кастэлянкі Фрузы са старых, ужо непрыдатных паліто, шыць буркі. Купалі выхаванцаў у драўляных цэбарках і толькі старэйшых вадзілі ў гарадскую лазню».
Але паступова, дзякуючы бесперапыннай карпатлівай працы калектыва дзіцячай установы, да пачатку 50-х гадоў умовы быту, вучобы, адпачынку і матэрыяльнае забеспячэнне дзяцей значна палепшыліся. У дакументах, якія датаваны 1954 годам, ужо гаворыцца, што ў дзіцячым доме на выхаванні знаходзіцца 144 чалавека. Ёсць шэсць будынкаў, з якіх 3 – на балансе дзіцячага дома, а таксама па аднаму будынку на балансе домакіраўніцтва, ваенкамата і РАНА. Падсобная гаспадарка налічвае пяць галоў буйнай рагатай жывёлы, каля 20 свіней. Маецца аўтамашына ЗІС – 5.
Самы актыўны ўдзел ва ўсіх работах па рамонту памяшканняў і мэблі, добраўпарадкаванню тэрыторыі, іншай гаспадарчай дзейнасці прымалі непасрэдна самі дзеці. Праглядаючы план работы дзіцячага дома на 1959 год, можна прачытаць: «Сіламі выхаванцаў адрамантаваць да новага навучальнага года ўсю мэблю, зрабіць скрыні для чарнільніц, прадоўжыць работу на агародзе ў адпаведнасці з існуючым замацаваннем груп па участках».
Калектывам дзіцячага дома пастаянна падтрымліваўся належны парадак на прылягаючай тэрыторыі і на «бульвары», так называлася прыбярэжжа ад дзіцячага дома да ракі Днепр. У той час бульвар быў не толькі любімым месцам адпачынку дзяцей-сірот, але і ўсіх гараджан.
Шмат сіл давялося затраціць, каб у дзіцячага дома з’явіліся шэфы. Удалося ўстанавіць цесныя сяброўскія сувязі з авіяцыйнай вайсковай часткай з пасёлка Балбасава Аршанскага раёна. Ваенныя лётчыкі разам са сваімі сем’ямі часта бывалі ў дзяцей, прывозілі падарункі, выступалі з канцэртамі. З іх дапамогай для дзіцячага дома ўдалося набыць духавы аркестр, і пасля таго святы праходзілі ў суправаджэнні духавой музыкі.
У калектыве вялася спартыўна-аздараўленчая работа, працавалі гурткі па інтарэсах, была арганізавана мастацкая самадзейнасць. Выхаванцы ўдзельнічалі ў турыстычных паходах у гарады Магілёў, Орша, Горкі. Па кожнаму паходу афармляліся дзённікі з апісаннем маршруту. Па выніках вучэбнага года абавязкова арганізоўвалася экскурсія ў горад Брэст, дзе наведваліся славутая крэпасць і Белавежская пушча. У распараджэнні дзяцей былі музычныя інструменты, фотаапарат, радыёла, кінаапарат.
Безумоўна, усё, што адбывалася ў дзіцячым доме, было ў полі зроку яго дырэктара. У сям’і ўсе ведалі, што зранку ён ідзе на пад’ём, вечарам – на адбой. Да нас часта прыходзілі супрацоўнікі, рэгулярна бывалі дзеці-выхаванцы, прыходзілі і бацькі тых, у каго яны былі. Сям’я жыла тымі ж клопатамі, што і калектыў дзіцячага дома. Гэта паўсядзённая дзейнасць займала бацьку чвэрць стагоддзя лепшых гадоў яго жыцця. І калі ў 1969 годзе Шклоўскі дзіцячы дом №2 быў зачынены, можна толькі здагадвацца, што тварылася ў яго душы, чалавека, які сам з ранняга дзяцінства зведаў гаротную долю сіраты. Пасля дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч невялікі час працаваў у камісіі па справах непаўналетніх.
Вось вытрымка з пісьма былой выхаванкі дзіцячага дома Веры Іванаўны Голяс, якое захоўваецца ў раённым музеі: «Я знаходзілася ў Шклоўскім дзіцячым доме №2 з 1945 па 1958 год. Дырэктар дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч Грудзіна здолеў наладзіць для нас добрыя ўмовы быту і адпачынку, здаровы рэжым дня, які абавязкова выконваўся. Гэта ранішняя зарадка, умыванне халоднай вадой, адпачынак, вучоба, заняткі ў майстэрнях, на прысядзібным участку і гаспадарчых службах. Мы яго вельмі паважалі і «баяліся» выклікаць яго гнеў. Сваё дзяцінства я лічу шчаслівым, дзякуючы той цёплай і адладжанай сістэме. І цяпер, калі я ўжо бабуля, разумею, чаго каштавала асабіста дырэктару штодзённая высокая і дакладная арганізаванасць у нашым калектыве».
Сваімі ўспамінамі дзеліцца Эма Віктараўна Мышко, якая знаходзілася ў дзіцячым доме з 1950 да 1960 года: «У той час мы мелі патрэбу ў ласцы, мацярынскім і бацькоўскім клопаце. Як маглі, стараліся нам замяніць іх супрацоўнікі дзіцячага дома. Я да гэтага часу памятаю іх усіх. Дырэктара Пятра Аляксандравіча, завуча Івана Ягоравіча, выхавальнікаў Паліну Ягораўну, Таццяну Паўлаўну, Веру Сямёнаўну, повара Тамару Аляксандраўну і шафёра дзядзю Федзю, нашу ўсеагульную любіміцу, заўсёды вясёлую і жыццярадасную піянерважатую Антаніну Іосіфаўну. Памятаю, як разліваўся Днепр і затапляў нашы агароды, і як аднойчы вясной мы «каталіся» на льдзінах, і нас панесла ў Днепр. Колькі было хваляванняў і якую знаходлівасць давялося праявіць супрацоўнікам дзіцячага дома для нашага выратавання. Добра памятаю шэфаў, іх падарункі і асабліва жонак ваенных лётчыкаў, якія ўдзялялі шмат увагі нам, дзецям».
Шклоўскі дзіцячы дом №2 праіснаваў 24 гады. У архіве Магілёўскага абласнога ўпраўлення адукацыі захоўваюцца кнігі руху былых выхаванцаў, асобныя дакументы знаходзяцца ў Шклоўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Да гэтага часу па вуліцы Луначарскага ёсць былыя будынкі дзіцячага дома (акрамя галоўнага корпусу).
З успамінаў Віктара Палікарпавіча Буевіча, які доўгі час працаваў галоўным урачом Шклоўскай раённай бальніцы і па службовых справах неаднойчы бываў у дзіцячым доме: «Шклоўская раённая бальніца знаходзілася побач з дзіцячым домам №2. Дырэктар дзіцячага дома Пётр Аляксандравіч Грудзіна карыстаўся вялікай павагай сярод выхаванцаў. Ён заўсёды знаходзіўся сярод дзяцей, і яны, у сваю чаргу, нібыта «шчаняты» імкнуліся заўсёды быць побач каля яго. У дзіцячай установе заўсёды быў дасканалы і высокі ўзровень арганізаванасці працы. Супрацоўнічаць з Пятром Аляксандравічам было заўсёды прыемна і яго заслужана паважалі ў асяроддзі кіраўнікоў Шклова».
Але адпачыць гэтаму чалавеку не прыйшлося. У 1972 годзе, на 56-м годзе жыцця, Пётр Аляксандравіч Грудзіна захварэў і пакінуў гэты свет. Надмагільны помнік быў зроблены выхаванцам дзіцячага дома.
Шклоўскі дзіцячы дом №2 дзейнічаў з 1945 года да 1969 года. Працавалі ў ім людзі, якія за гэта не атрымалі высокіх дзяржаўных узнагарод, але яны рабілі найцяжэйшую работу па выхаванню дзяцей-сірот.
Аляксандр ГРУДЗІНА.