У Фашчаўскім ВПК прайшло сямейнае мерапрыества

Міжнародны Дзень сям’i адзначаецца ў сярэдзіне мая і сімвалізуе еднасць блізкіх, цеплыню роднай хаты. Сям’я – маленькі ўтульны востраў, дзе ёсць адчуванне любові, дабрыні, павагі і клопату. Гэта самае камфортнае месца на свеце, дзе ўсе шчаслівыя разам. Пад такім дэвізам і прайшло мерапрыемства ў ДУА “Фашчаўскі ВПК д/сад-СШ Шклоўскага раёна”.
17 мая школа шчыра сустракала сваіх гасцей: сем’і Галанавых, Маслянковых, Крымняк і Мельнікавых. Яны сталі героямі старонак вуснага часопіса. У імправізаванай гасцёўні кожную сям’ю сустракалі свае вядучыя і дружная школьная кампанія.
Першая старонка “Што ў імені табе маім” расказала пра найбольш папулярныя імёны сярод навучэнцаў і падрыхтавала цікавую сустрэчу. Госці свята – сям’я Галанавых, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей. Імёны для сваіх дзяцей, як адзначыла маці Вольга Аляксандраўна, яны давалі згодна з сямейнымі традыцыямі і ў гонар дарагога чалавека. Галоўная якасць носьбіта, на думку бацькоў, павінна быць дабрыня, надзейнасць, актыўнасць.
У наш час імклівага развіцця многія стараюцца даведацца пра гісторыю і таямніцу свайго прозвішча. “Сем колераў вясёлкі” – старонка, у якой гаворка ішла менавіта пра гэта. А госць – сям’я Маслянковых даведалася, што ёсць тры версіі паходжання іх прозвішча. Адна з іх вядзе ў далёкія часы, дзе корань слова тлумачыўся як балаўнік, вельмі любімае дзіця, пра якога пяшчотна клапаціліся. Бацькі выказалі свае погляды на выхаванне – усё павінна быць у меру: і строгасць, і пеставанне. Яны гадуюць дзвюх таленавітых дачушак. Дзеці – іх шчасце, радасць, сэнс жыцця.
“Погляд знізу” – відэастаронка, якая сабрала роздумы-развагі малодшых школьнікаў пра сям’ю, пра бацькоў, пра святы і даручэнні. Разважанні маленькіх развесялілі прысутных. Але ж колькі ласкавых слоў прагучала з экрана ў адрас іх родных. Гэта і ёсць шчаслівыя моманты. Такія хвіліны хочацца адлюстраваць, запомніць.
Чацвёртая старонка “Сямейны альбом” зазірнула ў мінулае сям’і Крымняк. Маці, Інга Анатольеўна, пазнаеміла слухачоў са сваім сямейным дрэвам і адзначыла, што сям’я, род, продкі, народ, Радзіма вельмі дарагія словы. Трэба ведаць свае карані, бо без гэтага няма будучыні.
Сакрэтамі “Шчасця пад дахам” дзялілася сям’я Мельнікавых. Мама, Кацярына Станіславаўна, упэўнена, што адно дзіця – гэта вялікае шчасце, а калі іх больш – невычэрпная крыніца любові і энергіі. Іх сям’я – гэта ачаг, які свеціцца каханнем і шчасцем.
Апошняя старонка аб’яднала ўсіх прысутных: адбылася сямейная гульня-віктарына.
Шчырыя размовы, цёплая атмасфера, утульнасць, падарункі, песні – усё гэта застанецца ў памяці ад сустрэчы, як і тое, што мы былі шчаслівыя разам.
М.В.Курлянкова, настаўніца беларускай мовы і
літаратуры ДУА “Фашчаўскі ВПК д/с-СШ”