Напярэдадні Дня беларускага пісьменства шклаўчанка падзялілася ўражаннямі ад Бялыніцкага раёна

Кацярына МАРОЗАВА, спецыяліст аддзела кадраў СП «Газавік-Сіпакова»:
– Я захапляюся фатаграфаваннем, і лепшыя мае фотаздымкі прысвечаны прыродзе роднай Шклоўшчыны. Аднак і падарожнічаць за межы Шклоўскага раёна таксама люблю. Так, некалі мы з сябрамі здзейснілі экскурсію ў Бялыніцкі раён, дзе ў гэтым годзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Сваімі ўражаннямі я хачу падзяліцца з чытачамі раённай газеты.
У 20 км ад Магілёва знаходзіцца прыгожы і ўтульны аграгарадок Вішоў – цэнтральная сядзіба калгаса «Радзіма». Тут можна ўбачыць старую царкву Пятра і Паўла. Гэты храм практычна разбураны, а ў аграгарадку пабудаваны новы. Аднак мясцовыя жыхары, наведваючы новую царкву, не забываюць і пра старую, падтрымліваюць у яе сценах чысціню. Царква была ўзведзена ў 19 стагоддзі і стала другой каменнай на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Больш за 200 год у яе сценах праходзілі набажэнствы. На жаль, у 30-х гадах ХХ стагоддзя храм быў разбураны. На той час гэта адбывалася паўсямесна.
Каменныя крыжы ў вёсцы Заазер’е… Да гэтага часу яны з’яўляюцца загадкай. Ёсць шмат версій, што тут было на самой справе. Самае распаўсюджанае меркаванне, што гэта сярэднявечныя могілкі. Месца сапраўды валодае магічнай энергетыкай. Пасля яго наведвання склалася ўражанне, што мы пабывалі ў зусім іншай эпосе. Камень-крыж адразу прыцягвае ўвагу памерам, увагнутасцю паверхні, спецыяльна зробленымі бакавымі перакладамі, якія нагадваюць рукі і як бы хочуць ахапіць-абняць прастору перад сабой.
І, канечне, уразілі прыгожыя азёры. Напрыклад, возера Хатомле, размешчанае на мяжы Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў. У народзе яго яшчэ называюсь Святое возера. Плошча яго люстэрка – 0,08 км², максімальная глыбіня – 8 м. Вада ў возеры чыстая і мяккая, змяшчае шмат срэбра. А вакол возера – сасновы лес.Таксама прыгожае возера Заазерскае каля вёскі Заазер’е. А возера Карманаўскае размешчана ў прыгожым жывапісным месцы сярод ляснога масіву. Чыстая блакітная вада і свежае паветра, ад якога нават злёгку ўскрыжылася галава і сэрца стала біцца часцей…
Мае падарожжы будуць працягвацца і далей, бо вельмі хочацца дабра ведаць і зафіксаваць на фотаздымках не толькі сваю Шклоўшчыну, аднак і ўсю нашу прыгожую і вялікую Беларусь.










