Дзень беларускага пісьменства: што рыхтуе Капыль?

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Дзень беларускага пісьменства праходзіў у гарадах:
|
|
|
|
4 – 5 верасня 2021 года ў г.Капыль Мінскай вобласці адбудзецца XХVIII Дзень беларускага пісьменства пад слоганам «Слова нас аб’ядноўвае».
Адной з важных частак Дня пісьменства па традыцыі стане правядзенне міжнароднага круглага стала з удзелам пісьменнікаў, філосафаў, грамадскіх і культурных дзеячаў блізкага і далёкага замежжа. Мерапрыемства пройдзе 4 верасня 2021 г. у 12.00 у г.Капыль ў фарматах афлайн і анлайн.
Акрамя таго, 4 верасня адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскія чытанні», а таксама творчы вечар для ўдзельнікаў і гасцей свята ад Саюза пісьменнікаў Беларусі.
5 верасня — асноўны дзень свята.
Ключавыя мерапрыемствы:
урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства;
перадача эстафеты гораду Добрушу (Гомельская вобласць) — сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе;
цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі;
цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXVIII Дню беларускага пісьменства;
адкрыццё помніка Цішку Гартнаму (Жылуновічу Дзмітрыю Фёдаравічу) — ураджэнцу г.Капыль, беларускаму пісьменніку, драматургу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, Акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай сталіцам Дня беларускага пісьменства;
адкрыццё алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі – наватарскі праект Саюза мастакоў.
ўрачыстая цырымонія закрыцця Дня беларускага пісьменства.
На працягу двух дзён традыцыйна будзе працаваць Фестываль кнігі і прэсы.
У рамках фестывалю жыхары і госці горада змогуць наведаць павільёны:
«Памяць», дзе будуць прадстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі, пройдуць сустрэчы з аўтарамі і навукоўцамі, прэзентацыя праекта «Партызаны Беларусі» выдавецкага дома «Беларусь сегодня»;
«Традыцыі і сучаснасць» – можна будзе азнаёміцца з выставай кніг, якія распавядаюць пра традыцыі і звычаі Беларусі. Будзе арганізаваны паказ абраду «Цары», уключанага у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама прадастаўлена магчымасць для моладзі прыняць удзел у аўтэнтычным вясельным абрадзе;
«Разам з кнігай мы расцём» – літаратура для дзяцей і падлеткаў, пройдуць сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы, віктарыны, гульні і многае іншае;
«Слова пісьменніка» – сустрэчы з сучаснымі беларускімі аўтарамі, аўтограф-сесіі;
«Адзінства» – павільён, прысвечаны Году народнага адзінства.
Акрамя таго, будуць працаваць гандлёвы павільён ААТ «Белкніга», экспазіцыі рэспубліканскіх СМІ і СМІ Мінскай вобласці, «Паштовы павільён» РУП «Белпошта», тэматычныя літаратурныя і спартыўныя пляцоўкі.