У вёсцы Загор’е захоўваюць векавыя традыцыі выпечкі хлеба

У вёсцы Загор’е захоўваюць векавыя традыцыі выпечкі хлеба

«Хлеб усяму галава»  – гэта не проста прыказка, вядомая ўсім з маленства. Гэта адвечны маральны прынцып нашых продкаў. Шанаванне хлеба ў нас зараз на дзяржаўным ўзроўні: асаблівая ўвага надаецца ўборачнай кампаніі, з шырокім маштабам святкуюцца «Дажынкі»… І вельмі важна, што ёсць людзі, якія захоўваюць векавыя традыцыі яго выпечкі.

 Юрый Бабак вучыцца ў духоўнай семінарыі ў расійскай Казані. Аднак самае дарагое для яго месца – родная хата ў вёсцы Загорье. Тут нарадзіліся тыя традыцыі, якія ён працягвае зберагаць. Усё тое, чаму навучыла яго бабуля Марыя Андрэеўна, што ён пачуў ад іншых загорскіх бабуль… Іх ужо няма на гэтым свеце, а іх веды і ўменні працягваюць жыць.

«Наша вёска вядомая з 1777 года, – расказвае Юрый. – Некалі тут былі і школа, і млын, і каплічка… Зараз гэтага няма. Але ёсць крыніца, якую я па магчымасці даглядаю, ёсць матэрыяльная спадчына, якая засталася мне ад продкаў – старажытны бубен, гармонік… І, канешне, рушнікі, якія вышывала бабуля і вучыла вышываць мяне».

Пра рушнікі ён можа расказваць бясконца, тлумачыць, які ўзор што азначае. Так, на вясельных заўсёды вышываліся птушкі як знак жыцця. Гэтымі рушнікамі павязвалі рукі жаніху і нявесце. Асаблівыя рушнікі прызначаліся для таго, каб станавіцца на іх у час вянчання, каб садзіць нявесту на пасад…

Не з меншым натхненнем Юрый Бабак расказвае пра тое, як выпякае хлеб: «З дзяцінства я бачыў, як гэта робіць мая бабуля. Яна замешвала цеста абавязкова ў чацвер, па царкоўным традыцыям. Рабіла гэта не кулакамі, а далонямі. Тры разы за ноч абмінала».

Бабулі ўжо даўно няма, але яе правілам неадступна прытрымліваецца малады чалавек: «Для выпечкі ў мяне дзяжа, у якой больш нічога не гатуецца, а перад працай абавязкова малюся Богу. З ранку раблю апару: мука, вадзічка з малаком напалову.  А калі яна пастаіць суткі, сыплю муку, дадаю цукар, яйкі… Усё на вока, без прапорцый.  Маргарын альбо масла не кладу, яны робяць цеста цяжкім. Затое абавязкова трэба дадаць хоць келіх крышчэнскай вады. Замешваю цеста, чытаючы малітвы «Ойча наш», да Багародзіцы, да святых хлебапёкаў Нікадзіма і Спірыдона. Перад тым, як ставіць хлеб у печ, сыпну туды жменю мукі. Калі яна не загарэлася – можна ставіць. Для выпечкі дастаткова дзве гадзіны, а вось заслонку адкрывать не варта: хлеб можа апасці».

А яшчэ для Юрыя Бабака неад’емная  частка працы – песня, якая ідзе з ім па жыцці. Некалі ён спяваў у «Высокскіх музыках». Зараз наведвае Дабрэйкаўскі Дом народнай творчасці і спявае ў ансамблі «Добрыя напевы».

Занатаваў Юрый шматлікія народныя павер’і і правілы абыходжання з хлебам, пачутыя ім ад старых жыхароў Загор’я. Згодна з імі, хлеб заўсёды лічыўся сімвалам шчасця і дабрабыту. «Хлеб у доме – гаспадар, на працы – сябар, у дарозе – таварыш», – гаварылі яны.

У даўніну лічылася вялікім грахом кінуць крошкі хлеба на пол. Калі хлеб падаў выпадкова, яго падымалі і цалавалі. Па хлебу прадказвалі лёс: калі буханка ў печы разваліцца на дзве паловы, год будзе цяжкі, вертыкальная трэшчына прадказвае разлад у сям’і, гарызантальная – тое, што дачка пойдзе замуж. Нельга было цэлы хлеб ламаць рукамі, трэба было перахрысціць і рэзаць нажом. Непажадана было пачынаць новую булку хлеба вечарам, бо лічылася, што будзе страчана багацце. Падчас абеду рэзаў хлеб сам гаспадар, падкрэсліваючы тым самым яго значнасць.

А да ўрачыстасцяў выпякаўся каравай. Найбольш вядомы на Беларусі вясельны каравай: яго гатавалі спецыяльна запрошаныя бацькамі маладых жанчыны-каравайніцы. Пад час выпякання, упрыгожання спяваліся песні маладымі дзяўчатамі альбо сталымі жанчынамі, печ і дровы рыхтавалі жанатыя мужчыны, а саджаць каравай у печ запрашаўся жанаты хлопец, пажадана кучаравы. Лічылася, што чым больш будзе людзей, шума, весялосці і жартаў, тым лепей будзе каравай, а разам з тым і будучае жыццё маладых. Каравай мог дасягаць 20 кілаграмаў і паўтара метра ў дыяметр, бо быў увасабленнем дастатку і багацця.

«А прадзедаў спакон вякоў нам дасталася спадчына…» Усе мы памятаем гэтыя радкі Янкі Купалы. І наш святы абавязак – гэту спадчыну зберагчы.

Последние новости

Калейдоскоп

Знаете ли вы, чем удобрить клубнику во время цветения?

9 июня 2025
Читать новость
Официально

Александр Лукашенко рассказал о чувстве ответственности за Калининградскую область и готовности наращивать сотрудничество

9 июня 2025
Читать новость
Официально

Аппаратное совещание прошло в Шкловском райисполкоме. Обсуждены вопросы благоустройства и подготовки к новому учебному году

9 июня 2025
Читать новость
Человек и закон

За грубейшие нарушения законодательства приостановлена работа двух частных торговых объектов в Могилеве

9 июня 2025
Читать новость
"Александрыя збірае сяброў"

БЖД назначила 14 дополнительных поездов к республиканскому празднику “Купалье” в Александрии

9 июня 2025
Читать новость
Общество

В Шкловском районе проходит акция «Безопасные каникулы»

9 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем