“Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

“Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым  легендарным Чалавекам у 1982 г., на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя: я і сёння помню, як яго добрыя вочы вельмі хутка тады сярод людзей ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы. А як жа інакш: ён не толькі выйшаў з самой гушчы народа, але і заставаўся з гэтым народам разам заўсёды. Беларускасць для яго была найвышэйшай малітвай, а народнасць – найвышэйшай пробай. 

26 лістапада 2020 г.  знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны Майстра: яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках.  Няма наогул ніводнай бібліятэкі, тэатра, культурнай установы, дзе б яго  імя ніколі не ўзгадвалася. А для многіх беларусаў менавіта Уладзімір Сямёнавіч на ўсё жыццё стаў любімым пісьменікам.  У.Караткевіч – адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры як другой паловы XX ст., так і ХХІ ст. Гэта першы  пісьменнік Бацькаўшчыны, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў, размаўляў з беларусамі, і  па гарачых слядах нараджаліся творы.  Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: “Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”.

Мне захацелася здзейсніць   літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія ўсё ж  самым цесным звязаны з яго імем, дзе ўвекавечана памяць ВЯЛІКАГА БЕЛАРУСА. Назва яго папулярнага нарыса “Зямля пад белымі крыламі” даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым нарысе, дзе   ён здолеў  ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 г.,  Люблінская унія 1569 г. ,  іншыя істотныя моманты з гісторыі Беларусі. Майстра сцвярджаў: “Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджапны зноў перажыць яго”.
 
Малая радзіма Караткевіча – Орша. Яго бацька  Сямён Цімафеевіч скончыў гарадское вучылішча ў Оршы,  працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім фінансавым аддзеле. Маці  Надзея Васілеўна, з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве,  некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам. Вялікі ўплыў на пісьменніка  аказаў дзед  Васіль Юллянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым вопытам,  які быў дасціпным апавядальнікам. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і  паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны. 

Пісьменнік потым скажа: “Народная творчасць наогул, а беларуская…  увасобку – гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Трэба толькі ўмець гэтыя скарбы дастаць”. І ён усё жыццё даставаў, выязджаючы і выходзячы ў народ!

А дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Ад  дзеда Уладзімір пачуў і  легенду “Маці Ветру” пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-44 гг. 

 У 1938 г. Уладзімір   пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы. У пасляваенны час  аршанскі школьнік Караткевіч  змясціў на старонках рукапіснага часопіса “Званочак” некалькі сваіх вершаў, а таксама  прыгодніцкую аповесць “Загадка Неферціці”. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы “Млын на Сініх Вірах”. 
 
       Улетку 1950 г. ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта,   Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. На радзіме ў аршанскай раёнцы у 1951 г.  былі надрукаваны два вершы Уладзіміра Караткевіча: “ Тут будзе канал”  і “Якубу Коласу”. Летам 1952 г. пад уражаннем паездкі ў Вязынку  быў напісаны нарыс “Вязынка”, які разам з  пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч. 

Працяглы час яму давялося жыць у Мінску. У пачатку 1963 г. Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру на вул. Чарнышэўскага.  Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 г. яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай.  У тым жа  годзе, увосень, на канферэнцыі па рамане “Каласы пад сярпом тваім” у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай, з якой 19 лютага 1971 г. ён ажаніўся.  Вясной 1973 г. абмянялі кватэру  на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса,  дзе сям’я  жыла разам з маці.  

 Назва ж рамана “Хрыстос прызямліўсяў Гародні” звязана з гэтым каралеўскім горадам. У 1966 г.  Караткевіч напісаў гэты  раман, сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях.  Штуршком для напісання паслужыў запіс з “Хронікі…” Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. 

У 1958 г. ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць “Цыганскі кароль”, пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага “каралеўства”. Радасцю жыцця напоўнена яго апавяданне “Дрэва вечнасці”, асабліва месцы, прысвечаныя Палессю, якое пісьменнік палюбіў,  і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Продкі Караткевіча  паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863-64 гг.  Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а Тамаша расстралялі ў Рагачове.  Пра гэта   апісана  у эпілогу  аповесці “Перадгісторыя” і ў пралогу рамана “Нельга забыць”. 

Напрыпачатку чэрвеня 1983 г. Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня.  Незадоўга да смерці  ён наведаў  дарагія сэрцу мясціны. З’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 г. з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Пахаваны класік на Усходніх могілках у Мінску. 

 Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863- 64 гг.,    што паслужыла асновай для апавяданняў “Паляшук”, “Сіняя-сіняя”, рамана “Каласы пад сярпом тваім”, драмы “Кастусь Каліноўскі”. У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці “Дзікае палявання караля Стаха” пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У рамантычнай аповесці “Сівая легенда” праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Бацькаўшчыны.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман “Каласы пад сярпом тваім”, якую многія называюць галоўнай у яго творчасці.  Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850-61 гг., тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць  падзеі амаль цэлага стагоддзя і асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. 

Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць “Ладдзя Роспачы”, дзе сімвалічная Ладдзя Роспачы – сама Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца.

Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваны ў п’есах “Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска”, “Маці ветру”.  Мне пашчасціла паглядзець спектакль па “Званах Віцебска” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Коласа. 

Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску,  бібліятэка у Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы. У Оршы  з 2000 г. працуе  музей пісьменніка.  Матэрыялы пра яго жыццё і творчасць  экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі.
У Віцебску ўсталяваны помнік Караткевічу  у 1994 г. Помнік у Оршы адкрыты быў  27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 г., але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы.  На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гг., і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі. Памятная дошка ўсталявана і  на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956- 58 гг. Імем Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Чаму яго кнігі папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар  быў верны свайму крытэрыю: “Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя”. 

Сябры! Давайце здзяйсняць часцей  рэальныя падарожжы па мясцінах жыцця і творчасці Рыцара беларускіх замкаў – так яго звалі пры жыцці! Дарэчы, у 2011 г. сталічнае  выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачало ажно  25-томнае выданне твораў пісьменніка, дзе тэксты друкуюцца з адмененымі  рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі.  У гэты збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні. Давайце чытаць і перачытваць бессмяротныя творы Майстра! 

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Последние новости

Здоровье

Биолог объяснила, как правильно выбрать и обработать сухофрукты

29 мая 2025
Читать новость
Год благоустройства

Фотофакт. Работники ОАО «Бумажная фабрика «Спартак» благоустраивают территорию

29 мая 2025
Читать новость
Калейдоскоп

Знаете ли вы, когда и как правильно обрабатывать деревья от вредителей?

29 мая 2025
Читать новость
Школьные горизонты

На базе ОАО «Александрийское» прошла профориентационная встреча с учащимися

29 мая 2025
Читать новость
Официально

Вступительная кампания под контролем!

29 мая 2025
Читать новость
В мире

В Иерусалиме обнаружили золотое кольцо, которому 2300 лет

29 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем