Неабыякавыя нататкі… пра культуру
У звышімклівым ХХІ стагоддзі на культуру працуюць шматлікія музеі, галерэі, выставы, конкурсы, філармоніі, тэатры, бібліятэкі, фестывалі. Доўжыць гэты пералік можна доўга. Так, сумеснымі намаганнямі сучаснай культуралогіі ствараецца вялізны эстэтычны кантэнт.
Наша жыццё – не сцэна! Вельмі важна ў жыцці быць, тварыць, а не існаваць, рабіць выгляд, што жывеш. Не трэба жыць па чужым сцэнарыі, выконваць чужыя ролі. Трэба пісаць сваю біяграфію, сваё ўласнае жыццё.
Культурная асоба павінна валодаць ветлівасцю, прыязнымі, добрымі манерамі. Этыкет, паводзіны – гэта якраз і ёсць тое, што можа зрабіць чалавека культурным. І гэта, адзначу, якасці, што не даюцца нам з нараджэннем. Яны набываюцца з узростам, гэтаму нас вучаць бацькі, выхавальнікі, педагогі. І, канешне ж, тыя самыя культурныя ўстановы.
Чалавека сустракаюць па вопратцы. Сёння гэтая народная мудрасць не страціла сваёй актуальнасці. Так, першае ўражанне – амаль заўсёды самае праўдзівае. Таму культурны чалавек заўсёды сочыць за сваім знешнім выглядам – прычым у рабочы час, адпачынак ён павінен адрознівацца. У культурнага чалавека прыгожая, граматная мова, без мацюканняў і слоў-паразітаў. Ён адказны, добры, ветлівы, добрасумленны, праўдзівы, умее валодаць сабой нават у самых складаных сітуацыях, у яго вялізная сіла волі. Ен адукаваны, любіць веды, умее цаніць прыгожае. Як вакол сябе, так і ўнутры – у душах і сэрцах. Культурны чалавек умее ствараць, імкнецца да новых уменняў, адкрыты усяму нязведанаму. Гатовы вучыцца ў любым узросце, самаўдасканальвацца. Такі чалавек умее ставіць асабістыя інтарэсы ніжэй грамадскіх, гатовы шчодра дзяліцца напазапашаным вопытам і пераймаць вопыт у іншых. Гэта – патрыёт Бацькаўшчыны, ён адданы ёй, яе духоўнай прасторы — як старадаўняй, народнай, так і сучаснай. Ён паважае мінуўшчыну, яе шматлікія помнікі. Хіба можна называцца культурным, калі нічога не можаш распавесці гасцям пра сваю краіну, пра свой горад, пасёлак, вёсачку? Пра гісторыю Беларусі, яе народ, нацыянальныя традыцыі. А культурна самавыхоўвацца, атрымліваць духоўную загартоўку і можна ў шматлікіх культурных установах. Прычым культурным трэба быць не толькі, наведваючы тэатр ці на афіцыйных прыёмах, але і ў штодзённых бытавых зносінах. Разам з дарослымі і дзецьмі, чужымі і сваякамі.
Нельга забываць, што культура паводзін – неад’емная частка сусветнай цывілізацыі, важная складаючая культуры чалавецтва. Заўважу, што ажыццяўленне правіл культурнага чалавека павінна выконвацца натуральна, без ілжывай сціпласці і штучнай паказухі. Неабходна выпрацоўваць свой стыль паводзін, аднак ён павінен выражаць вашу асобу, а не жаданне пакрасавацца, пахваліцца, выдзеліцца, пры гэтым прынізіць тых, хто побач. Імітатары і самі нічога не могуць і з іншых шмат не патрабуюць.
Ёсць сярод нас сапраўды добрыя і культурныя людзі. Такая дабрыня простая, яна не лезе ў вочы, яна незаўважальная на першы погляд, таму што гэта сама чалавечая сутнасць. І ёсць дабрыня тэатральная. Калі ў вас гора, такі “тэатрал” быццам вам спачувае, а на самой справе толькі хоча пабольш вывудзіць інфармацыі, каб хутчэй настроіць сваё сарафаннае радыё.
Унутраная культура чалавека заснавана на пастаяннай самаадукацыі і самавыхаванні, на павазе да іншага, на жаданні быць інтэлігентным і інтэлектуальным. Наяўнасць дыплома ВНУ – гэта яшчэ не доказ інтэлігентнасці.
На шчасце, сярод нас многа людзей, якія проста не ўсведамляюць, як можна жыць без тэатра, без класічнай музыкі, без шэдэўральнага жывапісу. Як можна жыць без высокай літаратуры, без сапраўднага мастацтва?
Упэўнены, без высокай культуры маленькі, нявыхаваны чалавек драбнее яшчэ больш. Сёння кожны з нас, нават у персанальным камп’ютары можа стварыць індывідуальны музей, для якога будзе адбіраць лепшыя творы, што былі створаны на планеце Зямля. А ў вольны час трэба разам з сям’ёй наведваць цікавыя культурныя мерапрыемствы, на якіх душа ляціць, а сэрца становіцца гарачым. Неабыякавым.
Напрыканцы мне хочацца ўзгадаць залатыя словы Арыстоцеля: “Мэтай мастацтва з’яўляецца не знаёмства са знешнім выглядам рэчаў, а раскрыццё іх унутранага значэння”. Дык давайце ж разам раскрываць вялікае і спатольваць прыродную цягу да новага, цікавага, учора яшчэ нязведанага, а сёння ўжо добра знаёмага!