НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ… пра Усебеларускі народны сход
Я ўжо даўно ўсвядоміў, што не можа быць іншага сапраўднага заканадаўцы, чым сам народ. Некаторыя папракаюць дзяржаву, што яна нам абавязана тое, павінна другое, а што ты сам асабіста зрабіў карыснага і важнага для гэтай дзяржавы, для тых, хто з табой побач?! Нам, грамадзянам, нельга забываць, што мы не толькі маем правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, але таксама і абавязкі. Як служыць у арміі, добра вучыцца, эфектыўна працаваць мы чамусьці забываем, а вось штосьці патрабаваць, тут вучыць не трэба…
Мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай падзеі, як Усебеларускі народны сход. Добра, што рашэнні такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі, што само палажэнне пра дзейнасць народных сходаў плануецца ўнесці ў новую Канстытуцыю. Радуе, што амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі, землякі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць шмат прапаноў наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення палітычнай сістэмы.
Зразумела, што ніякія заморскія дзядзькі і цёткі наіякім чынам не дапамогуць нам, беларусам. Яны могуць толькі зрабіць горш – разваліць Беларусь, пазбавіць яе суверэнітэту. Таму наша будучыня – толькі ў нашых руках. Як сёння абмяркуем нашы заўтрашнія крокі – так і жыць будзем у будучыні. Каштоўна, што ўсународныя думкі і меркаванні з месцаў, з рэгіёнаў і будуць вынесены на абмеркаванне народнага сходу. Добра, што на форуме будуць прадстаўлены многія працоўныя калектывы, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, людзі розных узростаў і прафесій.
У нашай краіне менавіта народ – адзіная крыніца дзяржаўнай улады і носьбіт суверэнітэту. Сход у Беларусі – кансультатыўна-нарадавы орган, які з’яўляецца сапраўдным эталонам права ў сучасным свеце, красамоўнай формай дэмакратыі.
Успамінаю, што некаторыя грамадзяне да Першага Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны, кардынальна змяніў не толькі палітычны ландшафт, але і значна ўзрасла ўпэўненасць майго народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі. І сам далейшы росквіт дзяржавы залежыць ад творчай працы кожнага з нас.
Новы сход, упэўнены, дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Гэта будзе яшчэ адна яскравая старонка сучаснасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчыны. Сход – гэта агульнацыянальная і агульнадзяржаўная пляцоўка, якая люстэркава адлюстроўвае і духоўны стан беларускага народа, і яго дабрабыт, і прававое ўзаемадзеянне органаў кіравання. У сходзе, як мадэлі дзяржаўнага кіравання, закладзены механізмы нацыянальнай бяспекі (інфармацыйнай, тэхналагічнай, навуковай, эканамічнай, энергетычнай), народнагападарчай эфектыўнасці, сацыяльнай справядлівасці, адкрытасці ўладаў, іх адказнасці перад народам. Упэўнены, што форум стане новым, якасным этапам ў далейшым гістарычным будаўніцтве Беларусі. Сход – гэта сапраўдная мадэль канстытуцыйнай жыццядзейнасці Беларусі, новая філасофія самой якасці жыцця дзяржавы і яе людзей.