Канцэрты, знаёмствы з пісьменнікамі, адкрыццё скульптуры і мурала: чым парадуе Дзень пісьменства ў Касцюковічах

Штогод у першыя выхадныя верасня адзначаем нацыянальнае свята з велiзарным культурна-гiстарычным значэннем — Дзень беларускага пiсьменства, дзе сучаснасць набывае каранёвую iснасць i цягнецца да спрадвечнага слова прашчураў. Урачыстасць праводзiцца з 1994 года ў гарадах з багатай гiстарычнай спадчынай. Сталiцамi ў розныя гады былi Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мiр, Камянец, Гарадок, Лiда… Сталiцай XXXIII Дня беларускага пiсьменства стане слаўны райцэнтр Касцюковiчы. Рашэнне аб перадачы эстафеты гэтаму гораду ўлiчвае яго гiстарычную ролю i багатую творчую спадчыну. Магiстральныя тэмы сёлетняга свята — Год беларускай жанчыны, 85‑я гадавiна пачатку Вялiкай Айчыннай вайны, юбiлеi класiкаў i пяцiгодка якасцi.

«Алесь i Алеся»
Адметна, што святу папярэднiчае традыцыйная навукова-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга: з 2 па 6 верасня яна пройдзе праз Мiнск, вёску Загор’е Баранавiцкага раёна, Беразiно, Бабруйск, Магiлёў, Горкi, Мсцiслаў, каб фiнiшаваць у Касцюковiчах. У кожным населеным пункце ўдзельнiкi сустрэнуцца з моладдзю i вернiкамi. Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пiсьменства адбудзецца 5 верасня апоўднi пад дэвiзам «Родная мова — мова шчаслiвых людзей». У гэты час уручаць i Нацыянальную лiтаратурную прэмiю.
У суботу таксама адкрыюць скульптурную кампазiцыю «Алесь i Алеся» паводле твораў земляка Аркадзя Куляшова, правядуць спецыяльнае гашэнне канверта з маркай, прысвечанай святу.
Гасцей запросiць Фестываль кнiгi i прэсы з павiльёнамi ўсiх абласцей i Мiнска, дзе парадуюць выставы рэдкiх выданняў, экспазiцыя «Кабiнет пiсьменнiка» з рукапiсамi i асабiстымi рэчамi лiтаратараў, прэзентацыi новых кнiг пра Касцюковiцкi край.

Асобна варта адзначыць рэспублiканскi конкурс юных чытальнiкаў «Жывая класiка», якi сабраў рэкордныя 20 тысяч удзельнiкаў: яго гала-канцэрт пройдзе на галоўнай сцэне, а тэлеверсiя фiналу будзе паказана на канале СТБ. Паралельна на вулiцы Ленiнскай разгорнуцца «горад майстроў», гандлёвыя рады, дзiцячыя лакацыi ў парку «Дзiцячы гарадок» i спартыўная пляцоўка на стадыёне. Пройдзе тэматычная iнтэрактыўная прэзентацыя эпох часу. Вечарам у суботу галоўную сцэну чакае гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмiчнага аркестра сiмфанiчнай i эстраднай музыкi iмя М. Я. Фiнберга, перадача вымпела гораду, якi прыме свята ў 2027 годзе, а таксама святочны феерверк.
Слова творцам
У нядзелю, 6 верасня, ранiца пачнецца з богаслужэння i запальвання Святога Агню ў Свята-Крыжаўзвiжанскiм храме. Затым на галоўнай сцэне адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў лiтаратурных конкурсаў «З табой маё слова, Радзiма», «I кружыцца планета Куляшова». У праграме таксама адкрыццё мурала з выявамi мясцовых паэтаў i пiсьменнiкаў, прэзентацыя тэматычнага нумара часопiса «Роднае слова» i ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкi Iвану Чыгрынаву каля раённай бiблiятэкi, якая носiць яго iмя. Увесь дзень працягваюць работу фестывальныя павiльёны, кнiжныя выставы, iнтэрактыўныя пляцоўкi для дзяцей i дарослых, майстар-класы народных умельцаў.
Свае праграмы на свяце беларускага пiсьменства прадстаўляюць абласныя i Мiнскае гарадское аддзяленнi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Так, брэстчане арганiзуюць паэтычны марафон i прэзентацыi кнiжных навiнак, вiцябчане — сустрэчы з намiнантамi на Нацыянальную лiтаратурную прэмiю. Гомельскае аддзяленне прадставiць кнiгi лаўрэатаў прэмii iмя Кiрылы Тураўскага i мiжнародны альманах «Лiтара». Гродзенскае пакажа аўтарскiя праекты i арганiзуе выступленнi паэтаў, Мiнскае гарадское — сярод шматлiкiх навiнак унiкальны зборнiк да 135‑годдзя з дня нараджэння Максiма Багдановiча, а Мiнскае абласное аддзяленне прадставiць творчую iмпрэзу «Без жанчыны няма Айчыны». Магiлёўскае аддзяленне падрыхтавала трохгадзiнную праграму: вершы пра жанчыну, творы для дзяцей i паэзiю аб роднай мове i Радзiме. У агульнай складанасцi ўдзел у свяце возьмуць больш за сто лiтаратараў з розных рэгiёнаў.
Дзень беларускага пiсьменства застаецца галоўнай культурнай падзеяй, якая яднае друкаванае слова з гiсторыяй i нацыянальнай iдэнтычнасцю, i ў гэтым годзе Касцюковiчы стануць тым месцам, дзе гэтая сувязь набудзе яркае i жывое ўвасабленне.
КАМПЕТЭНТНА
Першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Дзянiс ЕЗЕРСКI:
— Адметнасцю Дня беларускага пiсьменства выступае кнiга i ўсё, што з ёй звязана, а таксама ўсё, што звязана з лiтаратурным i творчым складнiкам самiх Касцюковiчаў i ўвогуле Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Навiнак, прэзентацый, незвычайных сустрэч з пiсьменнiкамi будзе вельмi шмат. Галоўнай асаблiвасцю, на мой погляд, сёлета стане аб’яднаны вялiкi музей рэдкай кнiгi, якi будзе займаць больш за 300 квадратных метраў у спецыяльна пабудаваным павiльёне на цэнтральнай плошчы. Тут госцi фестывалю змогуць убачыць усе каштоўнасцi, звязаныя з кнiгадрукаваннем нашай краiны. Вялiкую экспазiцыю прывязе Нацыянальная бiблiятэка, Прэзiдэнцкая бiблiятэка, лiтаратурныя музеi.
У ТЭМУ
На свяце беларускага пiсьменства пройдзе цэлая праграма, прысвечаная творчасцi народнага паэта Уладзiмiра Карызны. Запланаваны таксама вечар памяцi народнага пiсьменнiка Мiкалая Чаргiнца, дзе сярод шматлiкiх выступоўцаў прымуць удзел народныя артысты Марыя Захарэвiч i Эдуард Ханок.
ГЭТА ЦIКАВА
Гiсторыя беларускамоўнага пiсьменства пачынаецца ў сярэдзiне XIII стагоддзя, калi зафiксаваны першыя пiсьмовыя помнiкi з асобнымi рысамi роднай мовы. Так, ужо ў той час тыповыя беларускамоўныя словы былi звычайнай з’явай у полацкiх, вiцебскiх i смаленскiх граматах. Менавiта тады пачалi фармiравацца ўсходнеславянскiя народнасцi — руская, беларуская, украiнская. I ўжо з XIV стагоддзя старабеларуская мова становiцца дзяржаўнай у ВКЛ, на ёй актыўна складалi канцылярска-юрыдычныя дакументы, вялася дакументацыя ў гарадскiх управах, магiстратах, судах, на ёй выдадзены i першы Статут ВКЛ.