Да Дня беларускага пісьменства выйшла кніга «Гімн беларускай жанчыне» з творамі пра сучасніц

У Год беларускай жанчыны і да Дня беларускага пісьменства, якое сёлета пройдзе ў слаўным райцэнтры Касцюковічы, Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі стала ініцыятарам выдання зборніка публіцыстыкі, прозы і паэзіі «Гімн беларускай жанчыне». Атрымалася цікавая і змястоўная кніга ў колерах нацыянальнага сцяга з выявай прыгожай беларусачкі на вокладцы, якая стала зборным правобразам хараства прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Зборнік (памерам звыш 400 старонак!) выйшаў у сталічным выдавецтве «Кніжны дом», паведамляе sb.by.
Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Міхась Пазнякоў падкрэсліў:
— На старонках сабраны творы паэтаў, празаікаў, публіцыстаў Беларусі і Расіі. Усе яны ўслаўляюць нашых сучасніц, прадаўжальніц жыцця: працавітых, шчырых, прыгожых, адданых добрым справам, людзям, Радзіме. Кніга — калектыўны паклон яе вялікасці беларускай жанчыне, удзячнасць за яе вечны клопат, мужнасць, дабрыню, любоў і хараство.
Напрыклад, пісьменнік Анатоль Аўруцін прысвяціў свой нарыс «Умеющая быть счастливой» стваральніцы выдавецтва «Чатыры чвэрці», лаўрэату прэміі «За духоўнае адраджэнне», «Выдатніку друку Беларусі» Ліліяне Анцух. З нарыса даведваемся, што кнігу і высокае слова Ліліяна Фёдараўна палюбіла з дзяцінства, шмат чытала, а школьныя сачыненні часта пісала вершамі. З цягам часу захацела прынесці карысць літаратуры як выдавец — выпускаючы ў свет кнігі таленавітых аўтараў. Аднак удалося гэта не адразу. Прыйшлі «ліхія» 90-я з развалам дзяржавы, вялізнай інфляцыяй і разрухай. Аўтар паказвае, як Ліліяна Анцух дзякуючы багатаму працоўнаму вопыту і настойлівасці спраўдзіла сваю задуму і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выдае прыгожыя і змястоўныя кнігі, чым моцна падтрымлівае айчынную культуру. Штогод фаліянты, выпушчаныя пад яе кіраўніцтвам, атрымліваюць шматлікія ўзнагароды ў Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі».
Сярод гераінь, пра якіх напісаны творы ў зборніку, і мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Вольга Багушыньска. З дзяцінства яна расла творчай, не ўяўляла жыцця без музыкі і мастацкай гімнастыкі. Дарэчы, родная цётка маленькай дзяўчынцы, калі тая была першакласніцай, падарыла невялікую калекцыйную кніжку вершаў Петруся Броўкі і падпісала: «Оленьке на долгую память. Люби поэзию!» Як бачым, з цягам жыцця гэты падарунак і подпіс сталі лёсавызначальнымі. Вольга Багушыньска вельмі любіць паэзію і па-мастацку яе выконвае падчас пастановак Мінскага гарадскога тэатра паэзіі.
Пісьменнік Фёдар Баравы прысвяціў свой аповед заслужанай артыстцы Беларусі, салістцы оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, лаўрэату міжнародных вакальных конкурсаў, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Алене Сало. Тэатр — яе адкрыццё і жыццё. Як прызналася сама Алена, яна спявачка «ўсёедная». Галоўнае, каб музыка і тэкст былі дастойныя. Вось чаму яна любіць рамансы Леаніда Захлеўнага, мелодыі Алега Елісеенкава. Пераўвасабляецца ў вобразы Ізабэлы Юр’евай, Клаўдзіі Шульжэнкі, Эдзіт Піаф падчас творчага праекта «Музычныя вечары ў Вялікім». У Вялікім тэатры прадстаўляе цыкл канцэртаў «Партрэты», прысвечаных знакамітым выканаўцам.
— Прачытаўшы гэты нарыс, можаце ўявіць спявачку ў вобразе «Кармен» на сцэне ці з акардэонам, а паспрабуйце ўявіць з касой у руках, сякерай ці шурупавёртам, — смяецца Фёдар Баравы. — Не атрымліваецца? А я пацвярджаю — яна з імі не толькі знаёмая, але і ўмее лёгка абыходзіцца. Разам з дачкой Лізай яны з сабраных у двары драўляных матэрыялаў майструюць кармушкі для птушак, падстаўкі для кветак, табурэткі і іншую мэблю.
Галоўнай гераіняй артыкула, які напісала журналіст Ірына Бурак, стала прыма беларускай аперэты, народная артыстка Беларусі, артыст-вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Наталля Гайда. Даведваемся, што спявала і танцавала яна з дзяцінства, скончыла кансерваторыю, у трупе музычнага тэатра працуе з 1970 года. У абшырным творчым рэпертуары артысткі — больш за сорак вядучых партый у класічных аперэтах, музычных камедыях і мюзіклах.
— Не кожны оперны спявак, як паказвае практыка і час, можа працаваць у аперэце, — пераканана Наталля Гайда. — Тут трэба не толькі валодаць голасам, гэты жанр трэба любіць. У аперэце арыі падчас не менш складаныя, чым у оперы.
Цікавыя і наступныя разважанні Наталлі Гайды:
— Музыка — гэта душа. Без душы, духоўнасці няма чалавека. А ў тэатры моладзь далучаецца да музычнага мастацтва. Я люблю цудоўны свет музычнай камедыі, люблю аперэту і не магу ўявіць сябе без тэатра — гэта маё жыццё.
Гераіняй кнігі «Гімн беларускай жанчыне» стала і пісьменніца, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта ў намінацыі «Мастацкая літаратура» Валянціна Паліканіна. Першыя «стишата», як іх з любоўю называе Валянціна Паліканіна, склаліся, калі ёй не было і пяці гадоў. Па ўспамінах бацькі, малая прасіла яго хутчэй запісаць радок, а то «думка сыдзе». Будучая знакамітая паэтка скончыла філфак Белдзяржуніверсітэта, працягвала складаць, але па-сапраўднаму выйшла да чытачоў пасля 30 гадоў, калі ў 1994-м годзе ў газеце «Рэспубліка» былі апублікаваны яе вершы. Суправодзіў творы добрай рэцэнзіяй вядомы беларускі паэт Браніслаў Спрынчан, быццам даў наказ.
— Прызначэнне паэзіі, на мой погляд, у духоўнай працы, у захаванні высокай мілагучнасці, — пераканана Валянціна Паліканіна. — Паэзія — вышэйшы ўзровень літаратуры. Можна напісаць выдатную прозу, а выдатныя вершы — паспрабуй напішы! Гэта бывае з вельмі нямногімі паэтамі, у пэўны момант, у асаблівым стане далучанасці да вышэйшага, нябеснага… Калі гэта адбываецца, то прыходзіць адчуванне шчасця.
Цікавыя і наступныя разважанні Валянціны Паліканінай:
— Паэзія многае ў сабе захоўвае: не толькі прыкметы часу, але і яго дух. Яна захоўвае ўсе колеры і адценні, усе водгукі і водгаласы эпох, усе нюансы душэўных перажыванняў людзей, усе іх думкі і памкненні. Праз яе праходзяць нябачныя токі, якія даюць гарэнне душам, сэрцам зараз і вечна. Паэзія цэніцца сваёй дзейснасцю, пазачасавасцю. Такія ўсе класічныя творы і лепшыя ўзоры сучаснай лірыкі.
Ёсць нарыс у кнізе і пра ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча культуры, старшыню Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людмілу Кебіч. Аўтар артыкула Ніна Русаковіч піша, што ў паэзіі Людмілы Кебіч адмысловая мова, трапная метафорыка, пульсуючая думка… Перад вачыма паўстаюць унікальныя прыродныя з’явы: «гусіныя лапкі кляновых лісточкаў», «жамчужная кіпень букетаў», «зор начных брыльянтавая хеўра». Бачым, як «дзень стаміўся, і, прылёгшы ў травы, залатую раніцу праспаў», як «разліла кісель ружовы вечаровая зара»… Людміла Кебіч выдала каля 30 кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі для дарослых і дзяцей, пяць зборнікаў песень.
Чытаючы гэты зборнік, яшчэ раз падкрэсліваем для сябе — колькі цікавых людзей з намі побач. Адмысловыя, таленавітыя, старанныя, яны сваёй рупнай працай мацуюць дабрабыт роднай Беларусі. Ім і прысвячаецца новая кніга, дзе асобнай часткай змешчаны вершы. Паэты Міхась Пазнякоў, Наталля Святлова, Генрых Тарасевіч, Іна Фралова, Ірына Тулупава, Таццяна Яцук і многія іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі прысвяцілі свае паэтычныя радкі ролі і наканаванню жанчыны ў гэтым свеце.