Добрыя суседкі

– Калі мы былі маладымі, маглі б паехаць у горад, – расказваюць жанчыны. – Але вырашылі не пакідаць малую радзіму, бацькоў. У час нашай маладосці жыць у вёсцы было весела. Усім хапала работы ў калгасе, хто хацеў вучыцца, наведваў пачатковую школу ў сваёй вёсцы, далейшую адукацыю атрымліваў у суседнім населеным пункце, знаходзілі час і для любімых спраў: вышывалі, хлеб пяклі, кветкі разводзілі.
У Марыі Лабейка жыццё не з лёгкіх. Сялянская дзяўчына выйшла замуж за мясцовага хлопца. Разам з Дзмітрыем Рыгоравічам дзялілі радасці і нягоды. У іх нарадзілася двое дзетак, засталася толькі дачка. Ёсць у бабулі з дзядуляй дзве ўнучкі, якія наведваюць іх, дапамагаюць добраўпарадкоўваць дом.
Аб сваёй рабоце на малочнатаварнай ферме Марыя Андрэеўна кажа, што яна даглядала групу з 17-20 кароў. Даіла іх уручную па тры разы ў дзень. Каб управіцца на ферме і дома, рана ўставала, позна лажылася. Акрамя таго, вышывала, кветкі вырошчвала ў хаце і на двары. І зараз у яе пакоях квітнеюць герані, а вось з вялікай гаспадаркі засталіся толькі куры.
Валянціна Яфрэмава лічыць сябе малаграматнай, бо закончыла першы клас да вайны, другі – пасля. Жылі з маці бедна, нават самага неабходнага ў доме не хапала. Валянціна рана выйшла замуж, нарадзіла дачку. Муж пайшоў служыць у армію, прыязджаў у водпуск, нарадзіўся сын, а гаспадар не вярнуўся, знайшоў другую жанчыну. Дзяцей расціла адна, жыла ў маці. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ёй вельмі падабалася працаваць на свінаферме. Нават зараз гэтыя ўспаміны хвалююць душу. Работа была цяжкай, але рукі свінаркі не ведалі стомы, бо імкнулася мець значныя прывагі жывёлы, добрыя апаросы. Ад гэтага залежаў яе заробак і дабрабыт у сям’і. Пасля выхаду на пенсію Яфрэмава яшчэ тры гады не магла развітацца з любімай працай.
Дзеці выраслі, знайшлі сваё прызначэнне ў жыцці, а Валянціна Міхайлаўна засталася ў матуліным доме. Зоя жыве ў Мінску, а Фёдар – у Круглым. Сын наведвае маці часта, дапамагае дроў нарыхтаваць, з агародам разабрацца. Яфрэмава вельмі любіць летні час, калі на лавачцы збіраюцца суседзі разам, калі паветра напаўняецца цудоўным водарам бэзу, чаромхі і на сэрцы становіцца так лёгка… як у маладосці.
Марына РАНДЗІЦКАЯ.
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.