На Шклоўшчыне прайшлі ільняныя зажынкі
Лён – любімая культура беларусаў. Здаўна да яе ставіліся з любоўю і пашанай, яна ўпрыгожвае герб Рэспублікі Беларусь. Таму і зажынкі – асаблівы абрад. Яго выканалі артысткі раённага Дома культуры, якія паднеслі хлеб і малако ільняному полю. Права вырваць першы сноп па даўняй традыцыі было прадастаўлена дзяўчыне, якая нядаўна выйшла замуж. Першы сноп – “гаспадарок” – атрымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Бойка. Снапы таксама былі ўручаны начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Івану Радоўскаму, выконваючаму абавязкі генеральнага дырэктара ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўабллён” Юрыю Скараходу, намесніку начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалаю Паўловічу.

“Вырошчванне льна – надзвычай адказная справа, – звярнуўся да механізатараў Аляксандр Бойка. – У гэтым годзе добры лён, і дай Бог, каб прыродныя катаклізмы не перашкодзілі яго паспяхова ўбраць. Хочацца пажадаць вам здароўя, плённай працы”.
Выступіў са словамі пажаданняў і Юрый Скараход. Ну а пасля ўрачыстасці тэхніка прадпрыемства, не губляючы часу, накіравалася ў поле.
Вольга ДАНІЛАВА.
assol2711@mail.ru
Фота аўтара.
Юрый Скараход, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Магілёўабллён”:
– У гэтым годзе намі пасеяна 3 тысячы гектараў ільна, з іх 108 – каля вёскі Чорнае. Зараз мы прыступаем да цераблення. На поле выехалі 20 адзінак тэхнікі, сярод якіх трактары МТЗ-82 і самаходныя церабілкі. На работах задзейнічаны нашы самыя адказныя і вопытныя механізатары, нават не магу назваць лепшых, бо лепшыя ўсе. Якім чынам праходзяць работы? Лён вырываецца, потым ён ляжыць два тыдні. За гэты час ён памяняе зялёны колер на шэры, пачне аддзяляцца кастра. Далей лён скручваецца ў рулоны і падаецца на вытвочасць, якая ў гэты перыяд будзе працаваць у чатыры змены. Аб’ехаўшы ўсе палі, мы пераканаліся, што ўраджай будзе добры.