Стараста – значыць старэйшая

Валянціна Балахонава – адна з тых, хто стаў надзейнай апорай мясцовай улады. Вось ужо каля сямі гадоў яна з’яўляецца старастай вёскі Маісеенкі Каменналаўскага сельсавета.
Уражэнка Маісеенак, Валянціна Дзмітрыеўна з сумам адзначыла тыя змены, якія адбываліся год за годам: моладзь паступова пакідала вёску, засталіся дажываць свой век старыя. Гэта ўсё мясцовыя і, як сказала стараста, гэта людзі, за плячыма якіх засталася нялёгкая дарога жыцця.
– Летам у нас весялей. Прыязджаюць дачнікі, якія з красавіка па кастрычнік жывуць у вёсцы. А раней і зусім было 50-60 жылых дамоў і ў кожным па 5-6 дзяцей, – успамінае Балахонава. – Я і сама расла ў шматдзетнай сям’і, акрамя мяне было тры браты: Віктар, Міхаіл і Яўген. Як і ўсе тагачасныя дзеці, рана навучылася працаваць. А пасля смерці бацькі, які рана пайшоў з жыцця, з братамі дапамагалі маці па гаспадарцы. Нягледзячы на цяжкасці, яна добра нас выхавала. Сведчанне таму – шматлікія падзякі і граматы з маёй працы і братоў, – ужо не стрымліваючы слёз кажа Валянціна Дзмітрыеўна.
Скончыўшы школу, Валянціна Балахонава, адвучылася на мотальшчыцу. Працавала на ААТ «Магатэкс», а апошнім часам, да выхаду на пенсію – на СП «Сапатэкс». Калі захварэла маці, вярнулася ў родную вёску і стала тут «старэйшай». Маісеенкі – хоць і аддаленая вёска, але чыстая і дагледжаная. Заслуга ў гэтым ёсць і Валянціны Дзмітрыеўны. Яна як стараста сочыць за даручанай ёй тэрыторыяй, клапоціцца аб яе добрым санітарным стане, стараецца, каб жыхарам было камфортна. «Працаваць з людзьмі, несумненна, цяжка. Жыхары думаюць, раз абралі старасту, то ўсе абавязкі ўскладаюцца толькі на яго, – кажа жанчына. – Многія не да канца разумеюць, што гэта чалавек, які працуе на грамадскіх пачатках, проста арганізатар».
Цяперашняе жыццё ў Маісеенках ідзе павольна і размерана. У вёсцы ёсць усё неабходнае: электраэнергія, тэлефонная сувязь, прадукты прывозіць аўталаўка. Чакаючы яе, вяскоўцы збіраюцца разам. Гутараць, успамінаюць мінулае, абмяркоўваюць сучаснае.
Валянціна Балахонава працуе ў цесным кантакце са старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Аленай Асіпенка. Актыўна ўдзельнічае ў рашэнні не толькі пытанняў па добраўпарадкаванню тэрыторыі населенага пункта, але і надзённых праблем. Так, з апошніх вырашана пытанне з перабоямі электраэнергіі. Зараз павінны завяршыць рамонт воданапорнай вежы, бо зіма з марозамі не за гарамі. Ва ўсіх жыхароў, нягледзячы на ўзрост, ёсць невялікая гаспадарка і агароды, у апрацоўцы якіх і ўборцы ўраджаю дапамагаюць мясцовыя фермеры Аляксандр Уласік і Аляксандр Канавалаў. Не забывае Валянціна Дзмітрыеўна арганізоўваць культурны адпачынак і вольны час жыхароў. У мінулым годзе цікава прайшло свята вёскі. З радасцю сустрэлі жыхары прадстаўнікоў раённых службаў у рамках сацыяльнага цягніка «Клопат».
Дзякуючы намаганням такіх старастаў, як Валянціна Балахонава, выжываюць малыя вёскі. Людзей з такой актыўнай жыццёвай пазіцыяй называюць «залаты фонд». Яны першыя памочнікі для сельвыканкамаў і раённай улады. На іх жа ўскладаюць надзеі землякі. Людзі павінны адчуваць, што яны могуць знайсці падтрымку, дапамогу, прыйсці да старасты са скаргай або падзяліцца з ёю радасцю. Жыхары вёскі Маісеенкі ведаюць, што ў іх ёсць Валянціна Дзмітрыеўна, да якой можна звярнуцца і ў горы, і ў радасці.
Наталля КАЗЕБРОДСКАЯ.
natali.ya1988@mail.ru
Фота Аляксандра РЫБАКОВА.