Жыццё праз некалькі радкоў. Леанід Анціпенка ўзначальваў рэдакцыю 20 год

Жыццё праз некалькі радкоў. Леанід Анціпенка ўзначальваў рэдакцыю 20 год

Для пакалення 70-80-х гісторыя раённай газеты асацыіруецца з іменем Леаніда Анціпенкі. Гэты паважаны чалавек узначальваў рэдакцыю 20 год. А ўвогуле журналісцкай ніве Леанід Міхайлавіч аддаў больш за паўвека. Таму і можна сказаць, што журналістыка – гэта яго жыццё.
1. Антипенко Л.М..jpg
А яшчэ Леанід Міхайлавіч – таленавіты паэт і празаік, аўтар некалькіх зборнікаў. І намаляваць яго партрэт мы паспрабуем праз яго вершаваныя радкі. 

У кожнага чалавека ёсць малая радзіма. Для Леаніда Анціпенкі гэта вёска Цінькаў Крычаўскага раёна. Любоў да гэтага куточка ён пранёс праз усё жыццё.

Дарога вядзе ў дзяцінства, у Цінькаў,
Навокал прастор – замірае душа,
І безліч мінулых, знаёмых прыпынкаў,
Адно вось – не стане кароткай шаша.

Дзяцінства яго прыйшлося на цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны, што пакінула адбітак на ўсё жыццё.

Шкада, што не прыйшло з вайны
Жыльцоў замнога з нашай вёскі:
Бацькі, дзядулі і сыны,
І родны дзядечка – мой цёзка.

Больш за паўвека на Шклоўшчыне не прайшлі дарма. Наш горад Леанід Міхайлавіч лічыць другой радзімай. І безліч вершаў прысвечаны яму:

Назаўжды я зрадніўся са Шкловам,
Да апошняга ўздыху ён мой.
Тут і шчасця, і гора асновы – 
Іх нашу я ў сабе і з сабой.

У Шклоўскую раённую газету Леанід Міхайлавіч прыйшоў у 1963 годзе. На той момант яна ўзнавіла сваё жыццё пад новай назвай – «Ударны фронт». Быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам сельгасаддзела, намеснікам рэдактара, а з 1975 года – рэдактарам. 
«Памяркоўны, сціплы, уважлівы, ён заўсёды мог выслухаць і дапамагчы знайсці вернае рашэнне. За гэта паважалі Анціпенку супрацоўнікі рэдакцыі і рабочыя друкарні», – узгадвае Аляксандр Бялясаў, які пазнаёміўся з Леанідам Анціпенкам ў 1971 годзе. 

Пайшоўшы ў 1995 годзе на заслужаны адпачынак, Леанід Міхайлавіч працягвае падтрымліваць сувязі з рэдакцыяй раённай газеты, прыносіць вершы і матэрыялы.

Мне наканова ў жыцці
Адзіная дарога:
На ёй што дадзена знайсці –
Ці мала або многа?

На сваё ж пытанне Леанід Міхайлавіч адказвае так: многа добрага.

«Я ўдзячны лёсу за тое, што некалі абраў сабе дарогу, прысвечаную слову, журналістыцы, – кажа Леанід Міхайлавіч. – Гэта шмат шчаслівых дзён, шмат важных спраў, шмат добрых людзей, якіх я сустрэў на сваім шляху. Хочацца павіншаваць з юбілеем нашай газеты ўсіх ветэранаў друкаванага слова, а моладзі пажадаць плённай працы і натхнення!»

Даведачна. Леанід Міхайлавіч Анціпенка нарадзіўся ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна. Скончыў Бацвінаўскую СШ, затым Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага. Працаваў дырэктарам Рэкашыцкай школы Уздзенскага раёна. З 1963 года – у раённай газеце «Ударны фронт». З 1995 года – на пенсіі. Член Беларускага саюза журналістаў. Першыя байкі надрукаваў у Чэрыкаўскай раённай газеце. Потым з паэтычнымі і празаічнымі творамі друкаваўся ў газетах «Магілёўская праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», часопісах «Вожык», «Полымя», «Беларусь» і інш. Выдаў зборнікі вершаў і прозы «За лугамі, за ракою», «На скрыжаваннях лёсу», «Роздум на адзіноце». Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Последние новости

Общество

Порядок расчета платы за ЖКУ для не занятых в экономике граждан изменится с 1 октября

5 сентября 2025
Читать новость
Общество

Заместитель председателя райисполкома Ирина Раинчик проведет 6 сентября прямую линию

5 сентября 2025
Читать новость
Общество

Белстат провел первое обследование по оценке здоровья и положения женщин в семье. Что оно показало?

5 сентября 2025
Читать новость
Общество

На Шкловщине чествовали работников газовой службы

5 сентября 2025
Читать новость
Общество

Добро в действии: “Спартак” помогает детям вместе с Красным Крестом

4 сентября 2025
Читать новость
Культура

От истоков к современности: учащиеся Шкловского государственного колледжа прикоснулись к истории белорусского слова

4 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем