Таямніцы старажытных узораў: як Вольга Ляшкевіч адраджае беларускія традыцыі сваімі рукамі

Сувязь з нашай спадчынай як нішто дазваляе адчуць народнае майстэрства. Тое, якім займаецца Вольга Ляшкевіч, кіраўнік узорнай студыі аматарскага аб’яднання «Сонейка», што дзейнічае пры раённым Доме культуры. Яе творчасць – гэта не проста вышыўка або стварэнне лялек. Гэта само жыццё.

У майстэрні Вольгі пануе асаблівая атмасфера. На стале ляжаць клубкі нітак, белыя палотны, загатоўкі для лялек… Вольга ўмее слухаць час: не спяшаецца, не парушае яго ходу і ўвасабляе яго ў новых узорах, каб захаваць тое, што было створана да нас. Яе рукі рухаюцца павольна і дакладна, нібы ведаюць больш, чым можна сказаць словамі.

Узоры Вольга Ляшкевіч вывучае па старажытных рушніках. І пераносіць арнамент на новае палатно. Зямля, агонь, сонца, дастатак – гэтыя знакі, што суправаджалі беларусаў шмат стагоддзяў таму назад, адраджаюцца пад яе іголкай.

Лялькі Вольгі – нібыта маленькія гісторыі, што можна трымаць у руках. Кожная нібы прыйшла з іншага часу, але засталася ў нашай сучаснасці, каб прыносіць спакой, нагадваць пра карані і дарыць радасць.

Асаблівае месца ў творчасці Вольгі займаюць буслы. Белыя, лёгкія, яны разлятаюцца па святах і кірмашах, трапляюць да людзей, якія шукаюць надзею. На свяце «Александрыя збірае сяброў» бывала такое, што праз год пары падыходзілі да Вольгі і казалі: «Мы купілі ў вас бусла – і ў нас нарадзілася дзіця». Гэта сведчанне таго, што добрыя рэчы сапраўды прыносяць дабро.
Праца над рушніком можа доўжыцца месяцамі, як і над вялікай лялькай. Гэта не рамяство, а медытацыя: чалавек застаецца сам-насам з ніткай, іголкай і думкамі. «Каб вышываць, патрэбна цішыня і любоў да справы, – кажа Вольга. – Без іх ніякі арнамент не загучыць».

Вольга працягвае вучыцца новым рамёствам: нядаўна яна асвоіла карункі. Гэта тонкая, амаль паветраная праца. У яе з’явілася мара – стварыць серыю ручнікоў з карункамі.

Не так даўно Вольга разам з загадчыкам Гарадзецкага Дома культуры Галінай Ціханавай стала ўдзельніцай выстаўкі-кірмаша «Народны каларыт» у рамках міжнароднага форума «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства». Наперадзе – новыя конкурсы, святы, сустрэчы: «Свята лялькі», «Александрыя збірае сяброў» і іншыя. Вольга рыхтуе новыя працы – рушнікі, кветкі, абярэгі. І усё гэта дзеля таго, каб людзі адчулі: наша культура жыве, пакуль ёсць тыя, хто стварае яе сваімі рукамі.

Пакуль Вольга Ляшкевіч сядзіць за сталом і выводзіць новы арнамент, здаецца, што час не спяшаецца, а назірае, як чалавек працягвае справу продкаў. У гэтым – сапраўдная прыгажосць яе працы. А яшчэ Вольга Ляшкевіч запрашае яна запрашае навучыцца гэтай прыгажосці дзяцей і прыходзіць на заняткі ў аматарскае аб’яднанне “Сонейка”!