Вяселлі на Шклоўшчыне. Старонкі народнай памяці

Каравайны тыдзень

Перадвясельны тыдзень на Шклоўшчыне быў асаблівым — каравайным. Казалі: «Сам Бог каравай месіць». Якое вяселле без каравая?
Да яго выпечкі запрашалі спецыяльных людей — каравайніц. Гэта былі жанчыны-гаспадыні са шчаслівай сямейнай доляй: лічылася, што ад таго, як выпечаны каравай, залежыць усё будучае жыццё маладых.
На каравай збіралі толькі самае лепшае з усёй вёскі: збожжа з лепшых пасеваў, малако і масла ад каровы першага цялення, мёд ад лепшых пчол, яйкі ад маладых курэй-несушак, крынічную ваду — «заклад здароўя» — і бярозавыя дровы ад лепшага гаспадара.
Жанчыны мясілі цеста, мужчыны тапілі печ. Па ўспамінах Яўгеніі Адамаўны Алдановай з в. Латва (1920 год нараджэння.):
«Печ павінен быў тапіць малады хлопец, асабліва кучаравы, прыгожы, кроў з малаком — то і печ будзе гарачая, а каравай румяны, як малады хлопец»*
Абрад замесу

Цеста замешвалі ў дзяжы з малітвай — спявалі «Ойча наш». Старыя каравайніцы прыгаворвалі:
«Мы ля дзежкі цеста мясілі, дай Бога прасілі — расці, расці каравай увысь, у даўжыню, на долю, на шчасце маладых. А наша печ смяецца, таму што яна хлеба хоча, а прыпечак заліваецца, таму што бохан хлеба чакае».

Паводле слоў Еўдакіі Кузьмінічны Шайковай з в.Латва (1931 г.н.), каравайніцы падымалі каравай угору тройчы — «як бы да неба, да Бога», і кожная прасіла за маладых.

Садзіць каравай у печ дазвалялася толькі самаму статнаму мужчыну або свату. Перад гэтым сват наліваў чарку самагонкі, «залагоджваў» печ, тройчы дабраслаўляў каравай — і толькі тады закрываў засланку. Дзяжу пасля замесу мылі выключна маладыя дзяўчаты — выкочвалі з хаты і прамывалі праточнай вадой.
Пасад нявесты
На другі дзень збіраліся сяброўкі нявесты. Па ўспамінах Ганны Кузьмінічны Афанасьевай з в.Латва (1933 г.н.):
«Зборная тыдзень надышла, наша Светачка сябровак сабрала. Сабраўся сабор на ўвесь двор»
Нявесту садзілі на пасад — хлебную дзяжу, накрытую кажухом або дываном. Прыбіралі косы: ужо не дзяўчына, а замужняя. Старэйшы брат тройчы абводзіў яе вакол пасада — у падзяку роду і продкам. Спявалі: «Ой я плачу, вы не чуеце, ой я плачу, вы не бачыце, за гульнёй музыкаў і песень…»
Прыезд сватоў

Вяселле было чутно здалёку. Упрыгожаная стужкамі і бразготкамі фурманка, музыкі, песні — усе ведалі: едуць сваты. «Сватачкі, вас яшчэ не лічылі, а вас ужо 704» — казалі ў народзе. Чым больш людзей, тым весялей.
Бацькі дабраслаўлялі маладых абразамі. Вянкі над галовамі трымалі выключна хлопцы — *«бо вянкі былі цяжкія».
Вясельны стол

Сталы ставілі па ўсёй хаце, засцілалі белымі даматканымі абрусамі. Маладых садзілі ў цэнтр. Дзяцей за стол не пускалі — іх месца было на печы, з пачастункамі і сваімі гульнямі.
Госці прыносілі кошыкі, але не выстаўлялі адразу. Калі ўсе збіраліся — пачыналі «трэсці кошыкі»: падымалі ўгору тройчы і раскладвалі ежу на стол. Дарылі ўсё для побыту — а часам і жывога гусака ці парася.
Жывая памяць

Марыя Якаўлеўна Будкова з в. Загор’е (1942 г.н.) ўспамінала, як брат Шура пазнаёміўся з будучай жонкай Ганнай на танцах у клубе Старая Вадва:
«Хлопцы ў хромавых ботах, штанах-галіфэ, а мы — дзяўчаты — у туфлях і капроне. Танчылі кракавяк, Лявоніху, польку… Весела было!
А вось на вяселлі ледзь не здарылася бяда: у Вадве быў звычай пачынаць з раніцы, а ў Загор’і — з абеду. Радня нявесты чакала з ночы, а жаніх прыехаў толькі ў абед. Зайшлі ў хату — сталы пустыя, а нявеста сядзіць на печы і плача… Давялося збіраць усіх нанова і пачынаць вяселле з самага пачатку».
Праверка маладых
На другі дзень вяселля маладых «правяралі». Па словах Валянціны Грабскай з в. Загор’е:
«Мужу давалі секчы калоду дроў — глядзелі, ці правільна трымае сякеру. А мяне павялі да крыніцы з вядром і ручніком. Свякроў абмыла мне ногі халоднай вадой і выцерла ручніком. Потым я зачэрпнула вядро ключавой вады і панесла да хаты — жанчыны глядзелі, каб ніводнай кроплі не праліла. Вось такая праверка… Гэтым абрадам было зразумела, што я прынятая ў дом мужа».
Раздзел каравая
У канцы вяселля хросныя жаніха і нявесты дзялілі каравай і раздавалі гасцям з пажаданнямі дабрабыту. Свякроў здымала з нявесты вянок і пакрывала галаву хусткай — знак замужняй жанчыны. Вянок укладвалі ў абразы, а пасля вяселля ручнікі, вянчальныя свечкі і вянок упрыгожвалі чырвоны кут.
Казалі: «Дом, у якім няма ручніка, падобны сям’і, у якой няма дзяцей».
А сватам, якія не спяшаліся дадому, спявалі:
«Ох, сваточкі-браточкі, едзьце дадому! Мы не паедзем — казала ступа: начуйце тут, казала качарга: гуляйце да чацвярга… здавалася, памяло ўсе дарожкі замяло»
Запісана па ўспамінах жыхарак Шклоўскага раёна Каменналаўскага і Рыжкаўскага сельсаветаў краязнаўцам Юрыем Бабаком