Як на Шклоўшчыне святкавалі Саракі: расповяд краязнаўцы

Як на Шклоўшчыне святкавалі Саракі: расповяд краязнаўцы

22 сакавіка ў беларускім народным календары святкуюць Саракі — дзень, які нашы продкі звязвалі з сакавіцкім раўнадзенствам. Гэты момант лічыўся нараджэннем новага года, пачаткам абуджэння зямлі ад зімовага сну і часам вяртання птушак з выраю. З цягам часу гэта веснавое свята пераплялося з хрысціянскім ушанаваннем сарака Севасцейскіх мучанікаў.

На Шклоўшчыне Саракі спрадвек былі парогам паміж зімой і вясной, момантам, калі зямля яшчэ спіць, але ўжо чуе крокі абуджэння. Людзі слухалі: ці не заспявае першы жаваранак, ці не пацяплее паветра, ці не пацягнецца сонца вышэй.

Юрый Бабак з Загор’я памятае свята з дзяцінства як нешта вельмі роднае, хатняе, што пахне печчу, цестам і бабулінымі песнямі.

Жаваранкі — хлебныя птушкі вясны

З самай раніцы ў печы пяклі «птушачак-жаваранкаў». У кожнай гаспадыні быў свой рэцэпт: ад здобнага цеста з яйкамі, малаком, разынкамі і ваніллю да простага поснага. У адзін з жаваранкаў запякалі манету — каму трапіць, той будзе мець плённы год. Калі траплялася трэска — як пашанцуе.

З рэштак цеста рабілі маленькія крыжыкі. Іх давалі карове ці каню — на здароўе і абарону.

Гуканне вясны — жаночы абрад

Юрый кажа: «Па маіх успамінах і словах бабуль, удзельнічалі жанчыны і дзеці. Вясна — сімвал дзяўчыны, жанчыны, таму песні і заклікі належалі ім».

Жанчыны выходзілі на ўзвышша. Спачатку спявалі старэйшыя — павольна, глыбока, нібыта з самай зямлі. Потым падхоплівалі незамужнія дзяўчаты. Песня пералівалася, як у небе жаваранкі.

Гу-у, вясна, гу красна!
Вясна-вясняночка, дзе твая дачка?
А мая дачка ў садочку…

На ўзвышшах перагукваліся — ад пагорка да пагорка. Голас ішоў па полі, па лесе, па рацэ, і здавалася, што сама зямля адказвае.

Дзіцячыя вузельчыкі і гульні

«Нас, дзяцей, збіралі разам, — успамінае Юрый. — Кожнаму давалі вузельчык, у якім былі сыр, масла, яйкі. Садзілі на стог ці на павець, і мы гукалі вясну».

Дзеці біліся яйкамі ў «біточкі», лавілі жаваранкаў, якіх жанчыны падкідвалі на абрусе. Смех, крыкі, песні — частка чакання цёплых дзён.

Абарончыя абрады для ўраджаю

Саракі — не толькі гульні, але і клопат пра зямлю.

Бабуля Юрыя прасіла яго бацьку зрабіць абыход палёў — «кола катаць», каб год быў ураджайны, каб не пабіла градам і не ўдарыў мароз. На чатыры бакі агарода прыкопвалі вараныя яйкі з капейкамі — абярэг на ўрадлівасць.

Хлеб у гэты дзень быў абавязковы. Хлеб — галава ўсяму, знак багацця і надзеі.

Трэска праз дах і прыкметы вясны

Кідалі праз дах трэску: чым далей паляціць, тым хутчэй прыйдзе цеплыня. Слухалі прыроду:

Вол бушуе — вясну чуе.
Крумкач крача — сыру хоча.
Дзеўка плача — замуж хоча.

Словы старэйшых запаміналіся і перадаваліся далей.

Памяць, якая трымае свет

«Цяпер такога няма, — кажа Юрый. — Старэйшыя адышлі, і многія абрады сышлі разам з імі. Няма каму паказаць, як спяваць вяснянкі, як пячы жаваранкаў, як выходзіць на ўзвышша. Але памяць жыве. Побач заўсёды былі людзі, якія падтрымлівалі традыцыю, спявалі разам, перадавалі тое, што ведалі з маленства. Пераемнасць трымаецца на тых, хто не дазваляе забыцца на родныя абрады».

50-гадовая Людміла Борыкава прызнаецца: у дзяцінстве яна не любіла такія піражкі-птушачкі. Смак прыйшоў значна пазней, калі ўжо дарослай жанчынай адкрыла для сябе добрае дрожджавае цеста — не занадта сдобнае, амаль прэснае, у якім адчуваецца смак зерня, натуральнасць і чысціня.

«Але я памятаю, — кажа Людміла, — як бабуля спрытна завязвала вузельчыкі з мяккага цеста. Я глядзела на яе рукі з сапраўдным захапленнем. Як на фокусніка. І нібыта зноў вярталася ў дзяцінства, дзе бабуліны рукі творылі дабро і маленькія цуды».

Юрый Бабак дадае: «На мой погляд, абрады і звычаі патрэбныя нам. Яны злучаюць мінулае і сучаснасць, робяць людзей адным цэлым. Старэйшыя дзеляцца сямейнымі каштоўнасцямі, традыцыямі, перадаюць сваю любоў і культуру малодшым. А дарослыя хоць на хвіліну вяртаюцца ў сваё дзяцінства — туды, дзе памятаюць маміны ці бабуліны рукі, смак ежы з печы, пах пірагоў і парнога малака».

Последние новости

Экономика

Объем инвестиций в основной капитал вырос в Шкловском районе в 2,2 раза

30 мая 2026
Читать новость
Человек и закон

Как не попасть на уловку мошенника во время телефонного разговора?

30 мая 2026
Читать новость
Общество

Госэнергогазнадзор: о безопасности при подготовке теплосетей к отопительному сезону

30 мая 2026
Читать новость
Общество

В Говядской средней школе состоялась торжественная линейка, посвященная окончанию учебного года

30 мая 2026
Читать новость
Природа и мы

Осторожно, борщевик! Не дайте ядовитому сорняку покалечить ваших близких

30 мая 2026
Читать новость
Человек и закон

Проверяйте, прежде чем переводить: правила финансовой гигиены от специалистов

30 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем